У Расеі забаранілі недзяржаўныя лятарэі

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў пастанову аб унясеньні зьменаў у Палажэньне аб дзяржаўным наглядзе за правядзеньнем ўсерасейскіх лятарэяў.

У паведамленьні на сайце ўраду адзначаецца, што «падпісанай пастановай унесены зьмены ў пастанову № 913 у частцы выключэньня правядзеньня недзяржаўных і стымулюючых лятарэяў».

«Прынятыя рашэньні будуць спрыяць павышэньню эфэктыўнасьці дзяржаўнага праўнага рэгуляваньня лятарэйнай дзейнасьці і выключэньня магчымасьці правядзеньня азартных гульняў пад выглядам лятарэяў», — цытуе дакумэнт ІТАР-ТАСС.

У сьнежні 2013 Дзярждума прыняла законапраект аб лятарэях, які забараняе правядзеньне азартных гульняў пад выглядам лятарэяў і правядзеньне лятарэяў з выкарыстаньнем гульнявога абсталяваньня, у тым ліку гульнявых аўтаматаў. Дакумэнт, ухвалены парлямэнтам, таксама ўтрымліваў забарону на правядзеньне ў пэрыяд выбарчай кампаніі ці рэфэрэндуму лятарэяў, у якіх выйгрыш прызоў або ўдзел у іх розыгрышы залежыць ад вынікаў галасаваньня, вынікаў выбараў, рэфэрэндуму альбо якім-небудзь іншым чынам звязаны з выбарамі, рэфэрэндумам.