Расьсьледаваньне справы супраць Бандарэнкі завершана

Андрэй Бандарэнка

У Менску Кастрычніцкі райаддзел Сьледчага камітэту завяршыў папярэдняе расьсьледаваньне па крымінальнай справе супраць былога дырэктара праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі.


Яго абвінавачваюць у хуліганскіх дзеяньнях, спалучаных з ужываньнем фізычнай сілы.

Бандарэнку ўручана паведамленьне аб заканчэньні папярэдняга расьсьледаваньня. Ён і яго абаронца могуць азнаёміцца з матэрыяламі справы, пасьля яе перададуць пракурору для накіраваньня ў суд.

Ўстаноўлены тры эпізоды хуліганскіх дзеяньняў, два зь іх зьвязаны з ужываньнем гвалту адносна жанчын. Яны кваліфікаваныя як злачынствы, прадугледжаныя ч.1, ч.2 і ч.3 арт. 339 КК (хуліганства, злоснае хуліганства і асабліва злоснае хуліганства), перадае БелТА.

Абвінавачаны ўзяты пад варту.

Былы дырэктар «Плятформы інавэйшн» Андрэй Бандарэнка арыштаваны на пачатку красавіка. Сьледчы камітэт, які вядзе справу Бандарэнкі, выклаў у інтэрнэт запіс зь відэакамэры, на якім Андрэй Бандарэнка ўчыняе адносна дзьвюх жанчын дзеяньні, якія сьледзтва лічыць супрацьпраўнымі.

Андрэй Бандарэнка — былы палітвязень. Каля 2 гадоў ён адбыў у вязьніцы паводле прысуду, які пазьней быў адменены судом вышэйшай інстанцыі. Беларускія праваабаронцы прыйшлі да высновы, што тады Андрэя Бандарэнку перасьледавалі за палітычную дзейнасьць.