Разьвітаньне з камбедамі

«Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротымі!» —Мовазнаўца Вінцук Вячорка піша пра тое, як не скарачаць.

Колькі гадоў таму мая, тады малая, дачка рабіла практыкаваньне на дапісваньне канчаткаў. У яе атрымалася: заявы разглядаліся прафком (кім-кім? прафком, няўжо ня ясна? прафок іх разглядае, ну як шашокшашком); сьпяваў камроты Весялоў — дзіцё спытала, што значыць прыметнік камроты (пэўна, як пузаты, валасаты, вялікароты...).

А яшчэ быў Старыцкі МТС, куды нехта прыехаў па разьмеркаваньні. Чаму мужчынскага роду — бо гэта мабільны апэратар!

Скажу шчыра, спачатку я рагатаў, чым дзіцё пакрыўдзіў. Потым пэдагагічна сказаў, што сьмяюся з падручніка, чым супакоіў. А потым зацяўся.

Кім засялілі падручнік беларускай мовы? Прафком, саўнарком і камротымі! Так у дзіцячай сьвядомасьці фармуецца погляд, што школьная беларуская мова ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю (адзіная такая сувязь — МТС, які ў далёкія 50-я, пэўна, абыходзіўся без канкурэнта — Velcom). Але гаворка тут ня гэтулькі пра замшэлыя саветызмы (савет народных камісараў ці машынна-трактарную станцыю), колькі пра спосаб іх утварэньня. Бальшыня зь іх утварыліся з кавалкаў — зь першых складоў (частак) — іншых словаў.

Чалавек істота ленаватая, дзе можна абысьціся меншымі намаганьнямі — абыходзіцца. І ў мове дзейнічае прынцып моўнай эканоміі — скарачэньня. Але не бясконцага: могуць і не зразумець.

Чытаю беларускамоўную вэрсію навінаў дзяржаўнага агенцтва Белта і натыкаюся на слова дыфтарыфы. Натуральна, першая асацыяцыя — з хваробаю дыфтэрыяю (народная зьбеларушчаная назва дзехцярык). І толькі падумаўшы, цямлю: гэта ж нядаўна ўведзеныя дыфэрэнцыяваныя тарыфы на электраэнэргію.

Або паспрабуйма зьнянацку зразумець, хто/што такое юрасоб. У галаве пракруціліся самыя розныя тлумачэньні ад усемагчымых Юрасёў да Jurassic Park — парку Юрскага пэрыяду; і толькі наткнуўшыся ў тым самым тэксьце на фізасобы, я ўцяміў, аб што ішлося. Юрасоб — гэта родны склон ад скарачэньня юрыдычныя асобы. Па-расейску юрлица — во дзе прастора для беларускіх асацыяцыяў наконт іхнай юрлівасьці.

У моўнай эканоміі ёсьць рацыянальная мяжа: зразумеласьць, нормы вымаўленьня ды традыцыя адпаведнае мовы, урэшце, эстэтычныя крытэры. Возьмем «дзяржстрах». У нас гукі пад уплывам суседніх у слове могуць моцна зьмяняцца або нават зьнікаць дзеля мілагучнасьці. ж зьнікае перад наступным с: у Нясьвіжы — Нясьвіскі палац Радзівілаў. Значыць, казаць трэба — дзярстрах? Але тады слова траціць форму і гучыць зусім страшна... А двухсэнсоўная назва армейскай пасады нампатылу — намесьнік камандзера з тылавога забесьпячэньня... А часта згадваны цяпер (асабліва калі карыстацца савецкім правапісным стандартам) спецдакладчык...

Складовых абрэвіятураў у беларускай мове не было да савецкага пэрыяду. Яны зьявіліся ў расейскай у гады першай усясьветнай вайны й для патрэбаў ваеннай тэлеграфнай сувязі: комполк, дегенверх (гэта не псыхіятрычны дыягназ, а дзяжурны генэрал пры штабе вярхоўнага камандаваньня), але спачатку ў друк не траплялі. Масава яны напладзіліся пасьля камуністычнай рэвалюцыі, бо дазвалялі моўнымі сродкамі зазначыць прыход новай палітычнай сыстэмы. Нарком, учхоз, политрук, шкраб: дзясяткі тысячаў.

Фактычна зьявіўся новы спосаб словаўтварэньня і нават выціснуў іншыя. Назваць дзяржаўную ці грамадзкую інстытуцыю ранейшым кароткім словам не выпадала — гэта быў небяcьпечны клясавы грэх. Так офицер быў заменены на краскома (красный командир), міністэрства — на наркамат (народны камісарыят), проста банк на дзяржбанк або сберкассу/ашчадкасу. Нават Уладзімір Ленін, зазнаўшы, відаць, фантомныя болі па традыцыйнай унівэрсытэцкай адукацыі, прыйшоў у жах ад моўных гамункулюсаў і няўпэўнена спрабаваў спыніць трыюмфальнае шэсьце шкрабаў.

Ці віталі гэтую зьяву расейскія мовазнаўцы? Не. Расейскія філёлягі й творцы традыцыйнае школы балюча ўспрымалі гэтую дэструкцыю мовы. Нездарма першым словам булгакаўскага Шарыкава — «чалавека новай фармацыі» — было абырвалг (Главрыба наадварот). Існавалі кплівыя пародыі накшталт замком-по-морде ’заместитель комиссара по морским делам’. І расейская жывая народная мова такія словы не ўспрыняла: по физ-то культуре у него пятерка; в сбер-то кассу я и не заходила...

Абсалютная бальшыня складанаскарочаных словаў, утвораных з складоў, прыйшла ў беларускую мову з расейскай. І ніводная іншая мова, акрамя ўкраінскай мовы ў УССР, не пераняла гэтай словаўтваральнай мадэлі. Літоўскай навязалі хіба што kolūkis ’калгас’. Эстонцы так і пакінулі kolhoos, вечная яму памяць. Грузіны не скарачалі: კოლექტიური ფერმა. Палякі нават у ПНР абышліся ў крайнім выпадку літарнымі абрэвіятурамі (PGR — państwowe gospodarstwo rolne ’саўгас’). Ані ў літоўскай, ані ў польскай нічога падобнага да гаркамаў, завучаў, калдагавораў ці там спэцназаў няма.

Зусім невыпадкова Дж. Орўэл у сваёй антыўтопіі «1984» прыдумаў Newspeak, навамоўе таталітарнай Ангельшчыны. Ягоныя складанаскарочаныя словы — Ingsoc (Ангсац, «ангельскі сацыялізм») ці Minitrue (Мінпраў, г. зн. міністэрства праўды) — будоваю да болю нагадваюць расейскія палітбюро і камсорга.

Зь іншага боку, грэцка-лацінскія карані гідра-, аква-, агра-, электра- — не абсечаныя часткі словаў. Гідрапарк, сэйсматрываласьць, вібрасьвердзел, а нават аграмястэчка. Нельга сказаць, што аналягічная мадэль словаўтварэньня зусім невядомая іншым мовам. У ангельскай апошніх дзесяцігодзьдзяў зьяўляюцца словы накшталт modem (modulator-demodulator), але гэта зусім іншая сфэра слоўніцтва — не грамадзкая, а тэхнічная, дый носьбіты беларускае не ўспрымаюць яго як складанаскарочанае слова). Злучэньнем складоў утвараюцца назвы гандлёвых марак, назвы фірмаў і кампаніяў кшталту Kautra (Kauno transportas) ці Белсат, які не расшыфроўваецца, а знаходзіцца ў шэрагу Viasat, Polsat, Sat Einz.

Што рабіць, калі дбаеш пра беларускасьць беларускае мовы? Найперш унікаць неўласьцівых беларускай мове скаротаў. Ня мучыцца, спрабуючы перакалькаваць расейскага худрука ці физрука. Варта ў слове прафсаюз пазбыцца русізму-царкоўнаславянізму саюз на карысьць зьвязу — і адразу чуваць, як не гучыць прафзьвяз. Усе гэтыя дзяржмяжа, міждзяржорганы, памежпераход, пэдунівэрсытэт, тэхумовы, рэчдокі лёгка раскрываюцца ў два словы (дзяржмяжа — мяжа, тут слова дзяржаўная лішняе, іншыя межы ў гэтым кантэксьце ня згадваюцца). Або і ў адно. Нашто казаць зарплата, калі ёсьць заробак. Ужо згаданы спецдакладчык па-беларуску будзе (залежна ад выбару моўнай традыцыі) адмысловы дакладчык, спавяшчальнік або і жыўцом узяты з ангельска-францускай рапартэр.

Натуральна, усюды складовыя абрэвіятуры не абмінеш, яны патрэбныя для апісаньня савецкіх рэаліяў (той жа гарвыканкам ніяк ня мэрыя й не магістрат). Гістарызмы-саветызмы наркамат, энкавэдэ, спэцхран — не мяняюцца і нават захоўваюцца ў першародным расейскім абліччы. У райсавеце не праглядаецца беларускі раён (і слова савет — русізм/царкоўнаславянізм; няма ў нас слова саветавацца). Скажыце генсак — вас не зразумеюць, даводзіцца на расейскі лад казаць генсек (для маладзейшых патлумачу, што гэта Генэральны сакратар — галоўны савецкі правадыр).

Але «прэзыдэнцкі заггасп», як мэтафарычна назвалі ў прэсе начальніка адпаведнага ведамства, або «заўгас», як многія кажуць (а як такое расшыфраваць?) — чым не аканом (з школьных твораў Бядулі, а потым Караткевіча)?

Аднак наагул унікайма камбедаў як небеларускай (і неславянскай, нябалцкай — не ўласьцівай нашаму моўнаму рэгіёну) зьявы. Найбольш прыніжальная для беларускае мовы пачварка — акурат «белмова». Абсечаныя выразы белмоўны, белшкола і г. д. пярэчаць самому духу беларускае мовы. Дарэчы, і расейцы ж ня кажуць русъязык.

Не, я не выступаю супраць усіх наагул слоўных скаротаў. Абрэвіятуры ж бываюць і кароткія, складзеныя зь літараў ці гукаў пачатных словаў, як БДУ ці ЦВК ці МАЗ. Яны знаходзяцца ў рэчышчы даўняй традыцыі (узгадайма надпісы кірыліцай на крыжох І.Н.Р.І.Ісус Назаранін Цар Юдэйскі ў стараславянскай мове, і адпаведна I.N.R.I. па-лацінску. Або таямнічыя вязаныя скароты на Скарынавых гравюрах).

Францішак Скарына


І мусім дакладна называць літары. Ня можа быць «Бэ-Нэ-Эр», бо літара ў азбуцы завецца Эн. Значыць, толькі Бэ-Эн-Эр. Вось толькі сваю краіну ня трэба называць «эрбэ» — ня толькі таму, што гэтаксама завецца і Рэспубліка Башкартастан, але перадусім таму, што слова Беларусь ня годнае таго, каб яго заганяць у канцылярскі фармуляр.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам»

ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ


Новы асьветны праект Свабоды, прысьвечаны беларускай мове, гісторыі, культуры. Мовазнаўца Вінцук Вячорка распавядае пра рэчы, якія ва ўсіх на слыху, але сутнасьць якіх застаецца схаванай пад пластом мінуўшыны, забабонаў і прапаганды.

Мы даведаемся, што за праблема ўзьнікла з назвай нашай нацыі і краіны, чаму многія беларусы называюць сваіх дзяцей не па-беларуску, дзеля чаго патрэбная беларуская лацінка ды шмат іншага.

ЧЫТАЦЬ УСЕ НАВІНЫ РАЗЬДЗЕЛУ