Чырвона-зялёная клятва

«Лукашэнка дамогся свайго. Ён выгадаваў пакаленьне манкуртаў, у якіх вынішчаная ўсялякая нацыянальная сьвядомасьць. У 1995 у страшным сьне не прысьнілася б такое масавае шаленства моладзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі. І не кажыце пра „хоць такі, але патрыятызм“, што ў 1978 мы хадзілі на матчы са сьцягамі БССР — тады пра Бел-Чырвона-Белы мала хто ведаў. Цяпер — ведаюць усе. Махаць анучай ніхто не прымушаў. Я ўжо не кажу пра палітвязьняў, якія плацяць свабодай за гэты „трыюмф волі“».

Так напісаў я днямі ў фэйсбуку пра хакейны чэмпіянат, завяршыўшы допіс словам, якое ёсьць антонімам паняцьця «свабодны чалавек». Ня ведаю, ці гэта раздражніла маіх апанэнтаў, але дыскусія была гарачая. Сярод іншага, мне напісалі — дык што, і пашпарты з цяперашнім дзяржаўным гербам ня браць? І як тады выказаць людзям свой патрыятызм, калі за бел-чырвона-белы — затрымаюць? І ці ўяўляю я, колькі сярод моладзі ўвогуле ня ведае пра ВКЛ, БНР і Адраджэньне пачатку 90-ых?

Колькасьць такіх людзей я уяўляю. Але добра ведаю і тое, што сёньня (у адрозьненьне ад 70-ых ці нават 80-ых) знайсьці якія заўгодна матэрыялы пра сапраўдную гісторыю Айчыны — гэта набраць некалькі фраз у гугле. Дзьве хвіліны на пошук і дзесяць — на чытаньне. Адсутнасьць жаданьня патраціць гэтыя некалькі хвілінаў і адрозьнівае ад сапраўднага грамадзяніна таго, кім сыстэма можа лёгка маніпуляваць.

У нацысцкай Нямеччыне ніхто ня мог адмовіцца ад пашпарту са свастыкай — іншых па-просту не існавала. Але прарывацца скрозь кардон да аўтамабіля фюрэра, уздымаць руку ў салюце «Хайль!» — бяз гэтага можна было абысьціся. Ва ўсялякім разе, былі тыя, хто «Хайль!» не крычаў.

У грамадзян Беларусі няма выбару вокладкі пашпарту, але ёсьць выбар, ці браць чырвона-зялёнае палотнішча.

Мне кажуць: гэтак выяўляецца патрыятызм тых, хто не асьмельваецца ўзяць бел-чырвона-белы сьцяг. Ня згодны: патрыятызм быў бы ў тым, каб ня браць у рукі чырвона-зялёнае палотнішча. Ёсьць маса іншых спосабаў выявіць падтрымку любімай камандзе і сваёй краіне — ну, хаця б белым шалікам з чырвоным надпісам «Беларусь»; за гэта ж, здаецца, не хапаюць?

Нядаўна журналістка аднаго незалежнага агенцтва напісала — «А што гэта вы мне навязваеце пісаць па-беларуску, вы што, ня ведаеце, што ў нас канстытуцыйна замацаванае двухмоўе?».

Гэтая фраза акрэсьліла для мяне пэўны, вельмі важны этап у разьвіцьці сучаснага беларускага грамадзтва. Дакладней — у яго дэградацыі.

Таму што ўявіць такое з вуснай незалежнага журналіста годзе ў 1995 ці 1996 было немагчыма. І У той час большасьць незалежных СМІ выходзіла па-расейску, але іх супрацоўнікі цудоўна разумелі сутнасьць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму, мэтай якога, сярод іншага, было і зьнішчэньне беларускай ідэнтычнасьці.

Ніхто з журналістаў, якія не называлі сябе прыхільнікамі Лукашэнкі, у тыя гады не сказалі б нічога падобнага. Сёньня — гавораць, а значыць — Лукашэнка свайго дамогся: двухмоўе (чытай — панаваньне расейскай мовы) некаторымі ў грамадзтве ўспрымаецца як нармальнасьць.

Днямі арганізацыя «Гавары праўду» наладзіла «круглы стол», на якім з вуснаў аднаго з экспэртаў прагучала, што «уладам нельга даваць манапалізаваць чырвона-зялёны сьцяг дзяржавы».

Гэта значыць — трэба прыняць гэты сьцяг?

Вам гэты выраз («не даць уладам манапалізаваць») нічога не нагадвае? Мне — заклікі некаторых лідэраў апазыцыі «не аддаваць тэму беларуска-расейскай інтэграцыі на водкуп Лукашэнку» і, як рэалізацыя ідэі, паездкі ў Маскву. Вынік — вядомы.

Вынікам заклікаў «не даць манапалізаваць чырвона-зялёны сьцяг» (гэта значыць, прыняць) можа быць — шэсьці тых, хто называе сябе апанэнтамі ўлады, пад гэтым самым сьцягам. Яшчэ паўгады таму такое здавалася б абсурдам. А нядаўна «Гавары праўду» прапанавала правесьці шэсьце пад бел-чырвона-белыми і чырвона-зялёными сьцягамі. «Толькі адзінства прыхільнікаў двух сьцягоў гарантуе нам захаваньне дзяржавы і яе разьвіцьцё» — кажа лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Прыхільнікі такога падыходу часта апраўдваюцца пошукам кампрамісу, спробай дамагчыся ад улады легалізацыі нацыянальнага сьцяга. Марныя спадзяваньні — не дзеля гэтага зьнішчылі ягоны дзяржаўны статус ў 95-ым. Перакананы, улада ніколі ня пойдзе на легалізацыя бел-чырвона-белага сьцяга, але затое даможацца ўспрыманьня чырвона-зялёнага той часткай грамадзтва, якое не ўспрымае саму гэтую ўладу.

Ну, а там ужо блізка і да прыманьні ўлады на шляху «адзінства».

У «Нашай Ніве» ужо з’явілася прапанова падтрымаць Лукашэнку — як, зноў жа «гаранта захаваньня дзяржавы».

Я цалкам пэўны, што большасьць тых, хто размалёўвае сябе чырвона-залёнай фарбай, — заўтра скарыстае колеры расейскага сьцяга, а пасьлязаўтра, у выпадку рэфэрэндуму, скажа «Так!» уваходжаньню Беларусі ў склад Расеі. Бо ім і тады ня хопіць гэтых некалькіх хвілінаў пачытаць пра гісторыю свайго народа.

І таму для мяне размахваньне чырвона-зялёным сьцягам — гэта салют Лукашэнку. Гэткая клятва рэжыму.