Этгар Керэт: «Я імкнуся сказаць нешта добрае пра чалавецтва»

Этгар Керэт

З Этгарам Керэтам мы сустрэліся ў праскай кнігарні-кавярні Рыгора Самсы. Ну, дакладней, сустрэліся мы раней — на аўтарскім чытаньні ў рамках міжнароднага кірмашу «Сьвет кнігі», але там было занадта тлумна, і мы дамовіліся на вальнейшы час і спакайнейшае месца. Выбар месца быў просты — дзе яшчэ пагаварыць зь пісьменьнікам, чые літаратурныя «апоры» — Кафка і Бабель, а вы не ў Адэсе.

Да наступнай імпрэзы — сустрэчы з чытачамі ў кнігарні «Акадэмія» — было хвілін дваццаць, значна больш, чым я спадзяваўся, таму я яшчэ пасьпеў расказаць пісьменьніку пра сумную гісторыю зь першымі маімі перакладамі апавяданьняў Керэта. Яны рыхтаваліся да выданьня ў трэцім выпуску часапісу «Правінцыя» ў 2003 годзе, Ігар Рубінштэйн (якому я і заўдзячваю знаёмства з гэтым аўтарам) нават падрыхтаваў прадмову-інтэрвію, але часопіс зь невадомых мне прычынаў так і ня выйшаў... А празь нейкі час выйшла кніга «Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам» у перакладзе Паўла Касьцюкевіча.

Падчас размовы Этгару патэлефанавала з Канаў жонка — рэжысэрка Шыра Гефэн — і паведаміла, што толькі што вельмі ўдала прайшоў прагляд яе новага фільму «Шрубка». (Папярэдні яе фільм «Мэдузы» атрымаў у Канах «Залатую камэру»). У такім радасным настроі я дастаў дыктафон і мы прыступілі да інтэрвію, якое засяроджвалася на блізкіх да Беларусі тэмах. На маю просьбу Этгар гаварыў павольна і выразна, як дыктар на радыё, каб мне пасьля ня мець праблемаў з дэшыфроўкай іўрыцкага тэксту. Усё прайшло гладзенька, я быў страшна рады, і калі па нас прыйшлі арганізатары чытацкай сустрэчы, усё было гатова.

І тут настаў драматычны момант, які здараецца хоць раз у жыцьці кожнага журналіста. Так, я на радасьцях ад сустрэчы з улюбёным аўтарам, якой чакаў 13 гадоў, забыўся ўключыць запіс... Пасьля мы яшчэ спрабавалі ўрыўкамі нешта дагаварыць, але гэтак прыгожа ўжо не атрымалася. Дык паспрабую неяк пераказаць зьмест размовы ў кавярні.

Наколькі важныя для Этгара Керэта ягоныя карані? (Маці ягоная з Варшавы, а бацька — з Баранавічаў.) Сям’я, кажа Этгар — гэта нешта вельмі важнае для яго. Калі б у яго спыталіся — кім ён хоча быць: найлепшым у сьвеце пісьменьнікам або найлепшым у сьвеце татам/братам/сынам, ён бы выбраў другое. Бацькі вельмі часта і шмат расказвалі яму пра сваё жыцьцё, прычым бальшыню расказванага Этгар дагэтуль успрымае як нейкую казку. Праўда, іх успаміны спыняюцца, як перад сьцяной, там, дзе пачынаецца цемра Галакосту — абое яны выжылі, але страцілі свае сем’і.

Калі пачалася вайна, Керэтаваму бацьку Эфраіму было 11 гадоў. Падчас нямецкай акупацыі ён зь сям’ёй хаваўся ў адной зь вёсак у ваколіцах Баранавічаў — 600 дзён яны правялі ў цеснай зямлянцы, дзе можна было толькі сядзець, і калі прыйшла савецкая армія, яны зь цяжкасьцю маглі хадзіць. Нягледзячы на гэта бацька ўсё жыцьцё заставаўся вельмі аптымістычным, пазытыўным і даверлівым чалавекам.

Керэтавы бацькі ніколі не хацелі вяртацца ў мінулае — ні ў часе, ні ў прасторы. Але сам Этгар Керэт рэгулярна наведвае Польшчу, у Варшаве ёсьць нават «дом Керэта», але ў Беларусі, у бацькавых родных мясьцінах, ён ніколі ня быў. Падчас прэзэнтацыі перакладу ягонай кнігі ў Вільні ён разважаў над тым, што адтуль да Баранавічаў — нейкая сотня кілямэтраў, цікава было б зьезьдзіць, але беларускай візы ён ня меў. Як яму ўяўляецца Беларусь? Маці й бацька гаварылі па-польску, і маці, варшавянка, часам сьмяялася з бацькавага крэсовага, «вясковага» акцэнту — у сям’і наагул лічылася, што маці — гараджанка, а бацька — вясковец. Таму і Беларусь ва ўяўленьні Этгара Керэта — нешта такое рустыкальна-пастаральнае з каровамі і гусямі, вёскі, мястэчкі, драўляныя хаты, хоць ён і разумее, што гэта, мабыць, ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю, а хутчэй са сьветам сямейных «казак».

У сьвеце такіх «казак» Этгар вырас і высьпеў як пісьменьнік. Пра гэта ён расказваў на кніжным кірмашы, а я расказ ягоны слова ў слова запісаў на дыктафон, расшыфраваў запіс і цяпер пераказваю вам...

Этгар Керэт і Сяргей Шупа ў кавярні кнігарні Акадэмія, Прага



***

Этгар Керэт. [Першая літаратура майго жыцьця]

Думаю, што ўпершыню я сустрэўся зь літаратурай калі быў маленькім хлопчыкам і мае бацькі расказвалі мне казкі перад сном.

Мае бацькі абое перажылі Галакост, мая маці страціла бацькоў, брата, наагул усю сваю сям’ю ў самым пачатку вайны. Калі яна нас выхоўвала, яна часта казала нам, што яе ніхто ніколі толкам не навучыў быць маці. Бо звычайна бацькамі становяцца так, што ўспамінаеш сваё дзяцінства і тое, як цябе выхоўвалі бацькі, дык калі дзяцінства было шчасьлівае, ты імітуеш бацькоў, а калі няшчаснае — то робіш усё наадварот. Але маці казала, што, страціўшы бацькоў так рана, яна ня мае пра што прыгадваць, а таму мусіць экспэрымэнтаваць.

Адным з наймацнейшых успамінаў маці пра бацькоў былі казкі перад сном, якія яны расказвалі ёй у гета, і тыя казкі ніколі не чыталіся з кніг, бо дастаць дзіцячыя кніжкі тады не было магчымасьці — бацькі мусілі іх выдумляць самі.

Вядома, мае бацькі самі шмат чыталі і ведалі, што могуць свабодна купіць любыя дзіцячыя кніжкі і чытаць нам зь іх казкі перад сном, але для маёй маці было вельмі важна захаваць сваю сямейную традыцыю — і яна прынцыпова кожны вечар прыдумляла нам новую казку. Ідэя чытаньня казак з кніжак здавалася ім тым самым, што падаць нам на абед піцу або нешта з «Макдоналдсу» — нечым такім, што робяць лянівыя бацькі. Добрыя і адказныя бацькі мусяць кожны дзень для кожнага дзіцяці выдумаць новую казку.

Вось жа, амаль кожны вечар яна расказвала мне казкі, усе яе казкі былі прыгожыя і поўныя фантазіі і ўяўленьня. Але бывалі вечары, калі яна затрымлівалася на працы, і тады замест яе казку мусіў расказваць бацька.

Мой бацька ня ўмеў выдумляць казкі, і таму расказваў гісторыі з свайго жыцьця. У нейкім сэнсе гэтыя гісторыі былі яшчэ больш захапляльныя, чым матчыны казкі — у іх заўсёды было шмат дзеяньня, канфліктаў, спрэчак, але разам з тым яны было поўныя людзкага спачуваньня і гумару. Слухаючы іх, ты верыў, што ў чалавецтва яшчэ ёсьць надзея і што людзі пра прыродзе сваёй добрыя.

У бацькавых гісторыяў была яшчэ адна агульная рыса — яны заўсёды адбываліся ў бардэлі, а героямі заўсёды былі п’яніцы і прастытуткі. Калі я спытаўся ў бацькі, што такое прастытутка (а мне тады было пяць гадоў), ён сказаў, што прастытутка — гэта той, хто зарабляе на жыцьцё выслухоўваньнем бедаў і праблем іншых людзей. А калі я спытаўся, хто такі п’яніца, ён сказаў, што гэта чалавек, які мае такую хваробу — чым больш ён п’е вадкасьці, тым ён робіцца шчасьлівейшы. Так што недзе ў тым часе я вырашыў, што калі я вырасту, то стану п’янай прастытуткай.

Калі я быў ужо падлеткам, я нарэшце зразумеў, чаму бацька расказваў мне тыя гісторыі. Біяграфія майго бацькі пасьля вайны прывяла яго ў Палестыну, ён спрабаваў іміграваць на нелегальным караблі, але брытанцы злавілі яго і паслалі назад у Эўропу, дзе ён далучыўся да Іргуну і габрэйскага падпольля, якое змагалася супраць брытанскай акупацыі.

Вядома, седзячы ў Эўропе, нічога асаблівага ня зробіш, але паплечнікі папрасілі яго паспрабаваць знайсьці некага, хто згадзіўся б прадаваць для іх падпольнай арганізацыі зброю, якую яны пасьля маглі б кантрабандай перапраўляць у Палестыну.

Мой бацька быў вялікі аматар літаратуры і кіно, таму плян нарадзіўся сам сабой. Ён сеў на цягнік і паехаў у самы паўднёвы горад Італіі, да якога яму хапіла грошай на білет. І як толькі ён выйшаў зь цягніка ў горадзе Рэджа ды Калябрыя, ён яшчэ на вакзале адразу пачаў пытацца ва ўсіх навокал, ці ня ведаюць яны некага, хто належыць да мафіі. У Рэджа ды Калябрыя мафію называюць неяк інакш, але ўсе разумелі, пра што пытаецца мой бацька на сваёй ламанай італьянскай. Аднак, як ні дзіўна, ніхто ня ведаў нікога, хто б меў хоць нейкае дачыненьне да мафіі.

Празь дзьве гадзіны бацькавых роспытаў да яго пад’ехала чорная машына, а ў ёй чацьвёра вялізных людзей у гарнітурах. Яны зьвярнуліся да бацькі і ветліва спыталіся ў яго, ці ён — той самы тып, які ўвесь час пытаецца пра мафію. Бацька ўзрадаваўся і сказаў: «Так, вядома! А вы з мафіі?» Яны сказалі, што ня маюць з мафіяй нічога агульнага, але ведаюць некага, хто належыць да мафіі, і яшчэ сказалі, што будуць рады падвезьці туды бацьку на машыне, але найперш хацелі б паказаць яму нейкі прыгожы лес за горадам. Бацька з радасьцю сеў у машыну і сказаў ім, што ён вельмі любіць прыроду.

Па дарозе ў лес, калі ўжо пачынала заходзіць сонца, яны спыталіся ў яго — чаму ён усё пытаецца пра мафію? І бацька пачаў расказваць ім сваю даўгую гісторыю — як яны зь сям’ёй 600 дзён хаваліся ў яме пад зямлёй, як немцы схапілі яго сястру і закатавалі яе да сьмерці, але яна ня выдала іх схованку, як яны тады марылі, што калі аднойчы яны выберуцца адтуль жывымі, яны паедуць у Палестыну, дзе будуць свабодна жыць і працаваць на сваёй зямлі, як брытанцы захапілі карабель і паслалі яго назад у Эўропу, як ён вырашыў змагацца за вызваленьне Палестыны ад брытанцаў, каб ягоная мара спраўдзілася і ён урэшце дабраўся да сваёй краіны.

Калі яны даехалі да лесу, тыя чацьвёра італьянцаў ужо былі гатовыя далучыцца да падпольля і паехаць разам, каб надраць брытанцам задніцу. Тады яны раптам прыпомнілі, што ў іх ёсьць яшчэ іншыя справы, але сказалі, што без праблемы знойдуць усё, што эму патрэбна — зброю і людзей, якія яму яе прададуць.

Так мой бацька на нейкіх восем месяцаў затрымаўся ў Рэджа ды Калябрыя, дзе дамаўляўся аб зьдзелках па продажы італьянскай мафіяй зброі габрэйскаму падпольлю. Але ўвесь гэты час сваіх грошай у яго не было, таму ён мусіў неяк імправізаваць, каб неяк пражыць — напрыклад, спаў у парках. І на нейкім этапе людзі з мафіі сказалі яму: «Так ня пойдзе, усе ў горадзе бачаць нас разам, усе ведаюць, што мы сябры, а ты сьпіш у парку. Гэта кідае на нас дрэннае сьвятло, маўляў, мы тут цягаемся зь нейкім бамжом. Трэба з гэтым нешта рабіць». Бацька сказаў, што ў яго проста няма грошай, каб наняць нейкае жытло. А яны яму на гэта: «Нічога ня трэба наймаць. У нас тут ёсьць бардэль, справы там ідуць добра, але пусты пакой заўсёды знойдзецца. Так што пакуль ты ў горадзе — можаш жыць там».

Так бацька растлумачыў мне, што калі ён мусіў расказваць мне гісторыі перад сном, ён хацеў бы расказаць нешта пра сваё дзяцінства, але ў тым дзяцінстве была вайна, нацысты, сьмерць — дык, можа, гэта былі ня надта добрыя гісторыі, каб расказваць іх дзіцяці. І ён проста хутка перакруціў жыцьцёвыя ўспаміны наперад — на той момант, калі ён ужо мог расказваць нешта пазытыўнае, расказваць пра дабрыню, а не пра страх і сьмерць. Ён сказаў: «У маім жыцьці я мог упершыню жыць спакойна, казаць людзям, што я габрэй, і нікога не баяцца, мог хадзіць паўсюль і не азірацца — усё гэта ўпершыню прыйшло да мяне ў часе, калі я жыў у тым бардэлі».

Я спытаўся ў яго — і што, усе людзі ў тых гісторыях былі такія добрыя і ты адчуваў да іх столькі любові і цеплыні? Бацька сказаў: «Не. Але ўсё ў жыцьці адноснае. У параўнаньні з нацыстамі гэтыя мафіёзі выглядалі даволі мілымі людзьмі».

Кожны раз, калі я саджуся пісаць, я ня мушу абавязкова думаць пра бацьку і ягоныя гісторыі. Але ёсьць нешта фундамэнтальнае ў тым, што тыя гісторыі мне даюць. Я заўсёды шукаю магчымасьць сказаць нешта добрае пра чалавецтва. Часам пачатак тэксту бывае нялёгкі, але калі моцна пастарацца, то заўсёды можна знайсьці нешта добрае, што можна было б сказаць пра людзей.

Я ведаю, што шмат выдатнай літаратуры было напісана пра тое, як людзі могуць быць жахлівымі істотамі, якія яны злыя. Я магу сказаць: добра, гэта, можа, і вялікае мастацтва, але там, дзе я жыву, калі я хачу нагадаць сабе, што людзі бываюць дрэнныя, мне дастаткова проста выглянуць у акно — для гэтага мне ня трэба чытаць ніякія кнігі. Таму калі я зьвяртаюся да мастацтва і літаратуры, я шукаю там нейкай палёгкі і суцяшэньня, прыманьня жыцьця з усімі яго цяжкасьцямі — у гэтым ёсьць свая вялікая прыгажосьць. Мне лёгка прайсьці гэты тэст — і як пісьменьніку, і як чытачу — бо гэта тое, у што я сапраўды веру.