Сьмерць Зьмітра Сідаровіча: Крымінал? Самагубства? Тромб?

Зьміцер Сідаровіч

У нядзелю ў менскай кватэры знайшлі мёртвым вядомага барда Зьмітра Сідаровіча. Свабода дасьледавала вэрсіі сьмерці.



Крымінальная вэрсія


Сьпявачка Тацяна Матафонава:

Паводле Тацяны Матафонавай, вэрсія пра крымінальны характар сьмерці Зьмітра Сідаровіча зьявілася толькі таму, што, паводле сьведак, у ягонай кватэры аказалася шмат крыві:

«Мы ўсе творчыя людзі, ува ўсіх фантазія, і таму маглі гэтак падумаць. Нібыта ці забілі, ці сам з сабой нешта зрабіў. Але цяпер становіцца зразумела, адкуль зьявілася кроў — у яго, відаць, здарылася закупорка крывяноснай сыстэмы з-за тромба. Гэта магчыма».


Вэрсія самагубства


У суботу 17 траўня Зьміцер Сідаровіч меўся выступаць на вечарыне разам зь Любоўю Сівуравай. Але не прыйшоў, хоць, як згадвае спадарыня Сівурава, напярэдадні, у пятніцу ўвечары, сам зьвязваўся зь ёй праз тэлефон і абмяркоўваў праграму выступу. Любоў Сівурава перакананая, што плянаў сыходзіць з жыцьця ў Зьмітра Сідаровіча не было, а прычынай заўчаснай сьмерці стала хвароба сасудаў на нагах. Кроў у кватэры нябожчыка Любоў Сівурава тлумачыць асаблівасьцю хваробы.

«Калі тромб перакрывае вену, то вена недзе лопаецца. Бо гэта вена, у ёй вянозная кроў, яна проста сьвішча. І калі адразу не дапамагчы чалавеку, ён памірае. Пачытайце пра трамбоз і тромбафлебіт глыбокіх венаў — стане зразумела, што пагроза летальнага канца ёсьць заўсёды. І чым вышэй тромб, тым горш. У яго ўся левая нага была сіняя, увесь час ён яе перамотваў. Бінтаваў і прымаў лекі. Да калена яшчэ ня гэтак небясьпечна, а калі раптам яно падымаецца вышэй, то вельмі. У яго была такая форма тромба, калі тромб быў не прырослы, рухомы. І ён пра гэта ведаў».

Сьмерць ад хваробы?


Артыст Ільля Арэстаў кантактаваў з бацькамі Зьмітра Сідаровіча ў нядзелю. Вось што Ільля Арэстаў паведаміў карэспандэнту Свабоды раніцай 19 траўня:

«Трэба пачакаць вынікаў ускрыцьця, толькі тады можна будзе дакладна сказаць, што здарылася. Зразумела, што калі яго знайшлі ў лужыне крыві, загаварылі і пра гвалтоўную сьмерць. Гэтак было спачатку. А потым, як прыехалі зь міліцыі, яны агледзелі, нібыта не было ніякіх пашкоджаньняў, і сказалі, што гэта магло здарыцца зь іншай прычыны — з-за тромба. А крыві, кажуць, было шмат: на стале таксама. Маці сказала, што яму стала дрэнна, ён сядзеў за кампутарам, і там была кроў. А потым, напэўна, дзе ён ні бываў, паўсюль, кажуць, была кроў. Але я там ня быў. Калі я прыйшоў да ягонай хаты, бацькі сыходзілі і пра гэта распавялі. А цела Зьмітра пасьля таго павезьлі на экспэртызу ў Навінкі, дзе робяць экспэртызы. Такім чынам, трэба пачакаць. Але — так, бацькі схіляюцца, што сьмерць адбылася з-за хваробы, з-за тромба».

Ці скардзіўся Зьміцер Сідаровіч на здароўе раней? Паводле Ільлі Арэстава, яму было вядома пра праблемы са здароўем у Зьмітра Сідаровіча, хоць той не любіў пра гэта казаць:

«Так, былі праблемы з тромбамі, зь венамі. І ўжо шмат гадоў. Але ён гэта асабліва не афішаваў. Ведаю, што аднойчы клаўся на апэрацыю, але што дакладна тады яму зрабілі, ня ведаю, бо ён асабліва не распавядаў».