«На расейскіх фэстах апранаемся як прасталюдзіны — і ўсе графы ў чарзе стаяць, каб на нас паглядзець»

Сьвятлана Ветрава

Сьвятлана Ветрава — майстар народнага ткацтва. Адмыслоўца ў галіне славянскіх дэкаратыўных этнаграфічных тканінаў. Паводле адукацыі мастак-дызайнэр. 25 гадоў працавала ў прэсе. 7 гадоў таму разам з мужам пераехала ў вёску, займаецца ткацтвам, вышываньнем і рэканструкцыяй эпохі Вялікага Княства Літоўскага.


— Сьвятлана, у якіх выданьнях вы працавалі? І чаму сышлі з журналістыкі, адпрацаваўшы там цэлых чвэрць стагодзьдзя?

— Спачатку працавала ў газэце «Знамя юности» — тады, калі гэта была яшчэ добрая газэта, потым у рэклямным выданьні «Стройка», у інфармацыйным агенцтве БелаПАН. Я чалавек цалкам апалітычны, я не разьбіраюся ў палітыцы, нічога не разумею. А калі працуеш у СМІ, так немагчыма. Рэкляма — таксама не маё, гэта супярэчыць майму характару. А народнай творчасьцю я цікавілася заўсёды, яшчэ з маленства — некалі мяне вельмі ўразілі народныя строі. Шыць і вышываць навучылася ў раньнім дзяцінстве.

Паступіла вучыцца ў Віцебскі пэдагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт, але яго ня скончыла — выкладаць у школе маляваньне не хацелася. Інстытут кінула, і тады мяне проста з вуліцы, «хіпуючую», узялі працаваць мастаком у «Знамя юности» — я вельмі ўдзячная гэтым людзям. Яны мне паверылі. Для мяне тады гэта было вельмі важна.

А веды, набытыя ў інстытуце, цяпер спатрэбіліся — там пазнаёмілася з народнымі традыцыямі, вывучала кампазыцыйныя, колеравыя законы...

Народную творчасьць давялося вывучаць самой, ніякіх бабуль у вёсцы ў мяне не было. Дый зараз на вёсцы ўжо нічога няма, не засталося бабуль, якія памятаюць традыцыі, умеюць прасьці, ткаць. Неяк я сядзела ў сябе ў двары і ткала пояс. Зайшла суседка сталага веку — вачам сваім не паверыла, кажа: «Я апошні раз бачыла, каб паясы плялі, калі мне было 10 гадоў».

Я шукала, хто мяне можа навучыць ткаць на станку, не магла знайсьці — ніхто ня ўмее. У нашым краязнаўчым музэі — так ён і не працуе, цягам 10 гадоў не змаглі знайсьці ніводнай бабулькі. Трэба неяк сабрацца, станок заправіць...


— А тады дзе вы самі навучыліся прасьці, ткаць? У вас тут і ручнікі, і кашулі-вышыванкі, абрусы, саматканыя коўдры, посьцілкі, «бабуліны дыванкі»...

— Мяне навучылі маладыя этнографы. Думала, наагул давядзецца ехаць у Расею, каб навучыцца. А потым выпадкова ўбачыла абвестку, што Студэнцкае таварыства этнографаў праводзіць майстар-клясы. Высьветлілася, што ў той жа час у Палацы дзяцей і моладзі адкрылі гурток па ткацтве. Так што цяпер у Палацы дзяцей і моладзі ў нас такі клюб немаладых жанчын і адзін малады чалавек — 10-гадовы хлопчык. Вельмі прыемна. Шкада, што мала народу прыходзіць. Мы пастаянна спрачаемся з этнографамі. Яны кажуць, што народныя майстры павінны рабіць дакладную копію таго, што рабілі ў народзе, а я лічу, што пастаянна дакладна капіяваць — сэнсу няма. Трэба экспэрымэнтаваць. Вось і экспэрымэнтую. Ткацтва і вышыўка для мяне — мэдытацыя.

— Сьвятлана, вы цяпер седзіце ў шматлюдным месцы, каля гарадзкой ратушы — у прыгожым народным строі, вышываеце. Як людзі рэагуюць? Цікавяцца тым, што вы робіце, зьвяртаюць увагу на народны строй?

— Канечне. Шмат народу праходзіць, зьвяртаюць увагу на строй, ім цікава.

Шкада, што ў нашай краіне няма ніводнага сьвята, куды можна выйсьці ў нацыянальным строі — пакрасавацца, паказаць. Я вось цяпер хаджу па горадзе ў строі адмыслова — каб на яго паглядзелі. Тым больш, такая
Я вось цяпер хаджу па горадзе ў строі адмыслова — каб на яго паглядзелі. Тым больш, такая нагода — чэмпіянат сьвету па хакеі. Панаехала шмат замежнікаў — няхай паглядзяць, як мы добра выглядаем
нагода — чэмпіянат сьвету па хакеі. Панаехала шмат замежнікаў — няхай паглядзяць, як мы добра выглядаем.

Але ў мяне ня раз пыталіся менавіта беларусы: ці не баюся я, што мяне арыштуюць? А чаго баяцца? Я выйшла ў адзеньні сваёй краіны. Людзі блытаюць радзіму, бацькаўшчыну, патрыятызм і — палітыку. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, улады і рэжымы мяняюцца, радзіма застаецца.

Павінны быць свае нацыянальныя сьвяты, без усялякай палітычнай афарбоўкі. Ну, ёсьць Дажынкі — але ж яны невядома дзе. Спрабуюць адрадзіць Купальле, але тут царква можа быць супраць, бо сьвята ж паганскае... У нас, на жаль, усе сьвяты ператвараюцца ў нешта сумнае...

— Сьвятлана, у вас такі прыгожы строй — дамінуюць белы і чырвоны колеры. Распавядзіце, які павінен быць беларускі народны строй.

— У нас народны строй цалкам сфармаваўся ў 13-м стагодзьдзі, і ў сярэдзіне 20-га стагодзьдзя яшчэ насілі такі ж самы строй. І ён фактычна не зьмяніўся. То бок мода мянялася, а строй заставаўся. Мяняліся толькі нейкія дэталі. З агульнай моды прыходзілі нейкія элемэнты. Альбо калі зьявілася прамысловая тканіна і стала даступнай — яе пачалі выкарыстоўваць. То бок ня толькі саматканую тканіну, але і фабрычную. А звычайная гарадзкая мода — яна часта мяняецца.

Па строі чалавека, як па пашпарце, можна было многае пра яго распавесьці. Вышываную кашулю насілі ўсе. Фартух насілі дарослыя замужнія жанчыны, асабліва цяжарныя. А паколькі жанчыны ў старадаўнасьці былі амаль заўсёды цяжарныя, яны пастаянна насілі фартух. Вышыўка на фартуху — абавязкова двухбаковая, бездакорна выкананая і зь левага, і з правага боку: калі ветрык падзьме — абодва бакі прыгожыя. Што да галаўных убораў, яны былі розныя. Незамужнія маладыя дзеўкі маглі іх не насіць. Але гэта рэч статусная — замужнія жанчыны абавязкова былі з пакрытай галавой.

Таксама вышыўка, колер спадніцы маглі пра многае распавесьці — можна было вызначыць, зь якой мясцовасьці чалавек.


— Сьвятлана, а як вы ацэньваеце прадукцыю — вышыванкі, фартухі, іншыя элемэнты народных строяў — якія цяпер прадаюцца ў сувэнірных крамах?

— Ведаеце, менавіта з гэтага я і пачала сур’ёзна сама займацца вышываньнем, ткацтвам. Неяк сябры папрасілі мяне зрабіць вышыванку, а мне — лянота. Праца карпатлівая, займае шмат часу. Хацела знайсьці ў краме. Не знайшла нічога. Тканіны — спрэс сынтэтыка, калі лён — ён даволі грубы. Давялося самой рабіць...

— А якія тканіны былі традыцыйнымі для Беларусі?

Асноўныя тканіны — лён, воўна. І каноплі. Так-так, каноплі. У нас фактычна «забілі» беларускую кулінарную культуру — раней паўсюль ужывалі менавіта канапляны, льняны алей, а не сланечнікавы. Тканіны — таксама выраблялі з канопляў. А цяпер змагаемся з наркаманіяй, каноплі забароненыя. Хоць у Беларусі наркатычныя каноплі не высьпяваюць — клімат халодны. У суседняй Літве каноплі, дарэчы, дазволена вырошчваць.

Як ні сорамна, лён я цяпер выкарыстоўваю літоўскі альбо турэцкі. Не беларускі. Я ня вельмі разумею, чаму ў Турэччыне і Эгіпце расьце лён... А ў нас ці то не вырошчваюць лён-даўгунец, ці то яго апрацоўваць ня ўмеюць. Беларускі лён такой якасьці, што тканіны для строяў рабіць нельга. Лялькі — можна, магчыма, прасьціны можна. А строі — не. Рэканструктары, дарэчы, любяць выкарыстоўваць у сваіх строях такі лён — ён дубовы, трывалы, быццам бы вайну прайшоў. А на кашулю яго — ну ніяк!


— Сьвятлана, вы ўдзельнічаеце ў рэканструкцыях. Распавядзіце пра гэта.

— Калі мы зьехалі жыць на вёску, пачалі займацца рэканструкцыяй. Напэўна, у рэканструкцыю ўсе прыходзяць зь вікінгаў. Але нам падалося гэта сумна. Хацелася рабіць штосьці сваё. Пачалі рэканструяваць дрыгавічоў. А потым — Вялікае Княства Літоўскае. Па нашай спэцыялізацыі на фэстывалях мы — прасталюдзіны. Дваранствам нам быць «не паложана». У рэканструкцыях усе хочуць знацьцю быць — прасталюдзінаў мала. А мы на расейскіх фэстах апранаемся як прасталюдзіны — і ўсе графы ў чарзе стаяць, каб на нас паглядзець. Працуем мы ў асноўным у Расеі, робім рэканструкцыі зь цікавымі расейскімі клюбамі. Бяром удзел у сур’ёзных расейскіх фэстывалях. Сваіх, беларускіх, на жаль, няма.

——————————

У Сьвятланы Ветравай ёсьць сайт — ethnotextile.by

«Этнатэкстыль. Традыцыйныя славянскія і гістарычныя тканіны ручной работы. Праект прысьвечаны старадаўняй жаночай магіі майго народа», — тлумачыць Сьвятлана.

«Паводле легенды, мастацтва працы зь ніцьцю — дар вялікай Макошы, багіні лёсу і ўрадлівасьці, заступніцы жаночай мудрасьці і рамёстваў. Кожная майстрыня, якая прадзе, тчэ, вышывае, сама на пэўны час становіцца багіняй, удзельнічае ў працэсе стварэньня сьвету...»