Гэты дзень у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў пачне афіцыйны візыт у Кітай.
Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн правядзе прэс-канфэрэнцыю ў Брусэлі пасьля ўдзелу ў прадстаўнічай нарадзе па бясьпецы, што прайшла ў Браціславе.
У Нясьвіжы працягнецца суд над Натальляй Бордак за выхад з плякатам супраць пуцінскай акупацыі Ўкраіны.
У Менску працягнуцца гульні хакейнага чэмпіянату. Сёньня сярод іншага матч Беларусь-Латвія.
У «Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва» лекцыя Андрэя Дурэйкі пра сучаснае мастацтва.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ:
19 траўня ў савецкія часы заўсёды адзначалася заснаваньне ў 1922 годзе Ўсесаюзнай піянэрскай арганізацыі. Дзеці вялізнай краіны кляліся ў сваёй гатовасьці да барацьбы за справу камуністычнай партыі.
1941 – савецкі выведнік у Японіі Рыхард Зорге паведаміў у Маскву пра колькасьць нямецкіх войскаў, што рыхтуюцца да нападу на СССР, і дакладную дату нападу – 22 чэрвеня. Аднак савецкае кіраўніцтва на чале са Сталінам не надало ўвагі гэтаму паведамленьню і наадварот – адцягнула войскі ад заходняе мяжы. У выніку празь месяц нямецкі напад меў раптоўны і вераломны характар.
1944 – у Менску створаны Літаратурны музэй імя Янкі Купалы.
1996 – зь менскай турмы на волю выйшаў прафэсар Юры Хадыка. Арыштаваны за арганізацыю Чарнобыльскага шляху палітык разам са сваім калегам Вячаславам Сіўчыкам правёў у вязьніцы галадоўку, якая доўжылася 23 дні і за якой сачылі ва ўсім сьвеце.
1999 – у Менску праходзіў паказальны палітычны працэс над апазыцыйным лідэрам, былым прэм’ер-міністрам краіны Міхаілам Чыгіром. Чыгір прысуджаны да турэмнага зьняволеньня тэрмінам на 3 гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. АБСЭ і іншыя аглядальнікі адзначылі, што судовы працэс вызначаўся парушэньнямі прававой працэдуры і меў на мэце перашкодзіць Чыгіру выступіць канкурэнтам Лукашэнкі на заплянаваных на 2001 год прэзыдэнцкіх выбарах. Нягледзячы на пратэсты АБСЭ і многіх замежных урадаў, Чыгір заставаўся ў зьняволеньні да 30 лістапада 1999 году.
У гэты дзень нарадзіліся
Сярод славутых людзей, што прыйшлі на сьвет 19 траўня ў розныя гады, згадаем заснавальніка нямецкай філязофіі Ёгана Готлеба Фіхтэ; расейскага фэльдмаршала і ўладальніка Гомеля князя Івана Паскевіча, які збудаваў у Гомелі палац, сёньня – помнік архітэктуры, і Хо Шы Міна, які на працягу 15-ці гадоў быў кіраўніком камуністычнага Віетнаму.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Лютуе Гітлер ашалелы,
Яму ў Германіі зацесна,
Яму пад ногі дай сьвет цэлы,
Хай гіне ў муках сьвет балесных...
Ачысьцім нашы лес і поле
Ад Гітлера, ад яго бандаў,
Зноў будзем шчасьце мець і волю
Ў сваіх адноўленых прысадах.
Загоім раны, адбудуем
Свае сялібы зруйнаваны,
Сваю краіну маладую
Сьвятлом асьвецім нечуваным.
Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,
Сьвяточна прыбяруцца людзі,
Як красаваўся, красавацца
Чырвоны сьцяг над намі будзе.
Зь верша Янкі Купалы «Зноў шчасьце будзем мець і волю».