Мовачка-трасуха

Ня так даўно давялося патрымаць у руках гід па Беларусі, кніжку, выпушчаную пару гадоў таму адным расейскім выдавецтвам. Ледзь ня зь першых старонак кніжка папярэджвае: «языковой вопрос» у нашай краіне стаіць «достаточно напряженно». Гід катэгарычна ня раіць турыстам з Расеі жартаваць тут на гэтую тэму. Маўляў, можна нарвацца на непрыемнасьці. Далей расказваецца пра «інтеллігентных молодых людей», якія ходзяць па вуліцах беларускіх гарадоў са значкамі «Размаўляй са мной па-беларуску», і пра тое, што гаварыць тут па-беларуску робіцца модным...

Большасьць з тутэйшых пасьмяецца і скажа, што пражыў у гэтай краіне «ўсю жызьнь» і ніякай напружанасьці, знаеце, неяк не адчувае. Правільна — якая напружанасьць? Для яе ў Беларусі існуе цуд народна-інжынэрнай думкі, громаадвод і зазямляльнік моўнага пытаньня. Яна, трасянка. Вось хай яе і трасе. А людзі будуць гаварыць, як звыклі. Па-чалавечаскі. Пры гэтым беспамылкова вызначаючы расейскіх турыстаў у любым натоўпе: не па колеры скуры, форме чэрапа і экзатычных уборах — хаця бывае і такое, але па мове і па тым, што і як гэтай мовай прамаўляецца. Прамаўляецца, на першы погляд, «нашым рускім языком» — но такой лі он наш?

Інагда кажацца, што языкавы вапрос зьдзесь аканчацельна і беспаваротна рашыт толька тот, хто перавядзёт трасянку на лацінку і зробіць яё ядзінсьцьвенным гасударсьцьвенным языком. І назаве яго...

Не, не трасянкай, некрасіва какта, па-дзеравенскі. Усё, што канчаецца на «-янка», ня очань благазвучна. На «янка» можна толькі начынацца — дый тое ісключыцельна аднаму чалавеку. Не. Нада падумаць.

Этат ядзінсьцьвенны язык можна была б так і назваць: нармальны. А што? Распубліка Беларусь. Церыторыя такая, насяленіе такое, герб, флаг... Гімн, гімнасьціка, гімнасьцёрка, каторая с ума мяня сьвядзёт. Гасударсьцьвенны язык: нармальны. Пісьменнасьць на аснове лацінскага алфавіта. Абязацельна. І аб іспалненіі далажыць.

Есьлі мы пацяраем рускі язык, мы пацяраем ум, есьлі беларускі — перастанем быць нацыяй. Ах, як красіва, ах, сколька патрыяцічаскіх сардэчак сладка заныла, прабітых стралой такога краснарэчыя. Успомніў... Наканецта! Наліў бальзаму «Чорны рыцар» на нашы раны... Да, ано канешна, рускі, беларускі... А вот есьлі мы пацяраем нармальны язык — ад нас вабшчэ астанецца пустое места. На каторае хто-нібудзь абязацельна прыдзёт і скажат: нада тут нармалізіраваць абстаноўку. Паэтаму нада даць трасянцы армію і флот — толька ані дзелают языкі языкамі.

Но пачаму іменна лацінскі алфавіт? Патаму што толька он у сілах спасьці трасянку і зьдзелаць іё канкурэнтнаспасобнай на міравых рынках. Трасянка, запісаная кірыліцай, выглядзіт нейкім дзіалектам, нарэчыем з комплексам непаўнацэннасьці. Нада толька даць ей загранічныя буквы, і ана засіяет первазданнай красатою. Загранічныя буквы наш народ асіліць. Бо он працавіты і мужны, і езьдзіць у мятро.

Народ как адзін запішацца на сьпецыяльныя курсы пад сьпецыяльным названіем. «Язык ілі кофе», напрымер. Язык, канешна. Нармальны язык. Нармальнае кофе падаждзёт, цем более што ано дарагое. Была б толька дзірэкціва. Но дзірэкцівы пака нет.

Трасянка ня мае пісьмовага канону. Ні правапіс не кадыфікаваны, ні графіка. Расейскамоўныя і беларускамоўныя — усе пішуць трасянкаю, хто як хоча, першыя расейскімі літарамі, другія беларускімі. Патрэбны кампрамісны варыянт.

Ну і, вядома, давядзецца засесьці за слоўнікі «нармальнага языка». Але для гэтага неабавязкова падключаць дармаедаў з вучонымі ступенямі, якія, хоць і валодаюць «нармальным языком», выракаюцца яго на кожным кроку: адно слова, манкурты. Шэксьпір узбагаціў ангельскую на 1700 словаў — а наколькі ўзбагаціць беларусаў трасянка, не палічыць нават сусьветны банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Што да слоўнікаў, дык іх можна складаць усім народам. Калі кожны беларус зоймецца хаця б адным словам, мецьмем ужо некалькі мільёнаў паўнаважкіх лексэмаў — і столькі ж братоў Грымаў. Асабіста я выбіраю слова «ашчушчэніе». Адна мая знаёмая бабулька зь Мядзельшчыны кожны раз плявалася, калі чула гэтае слова. Як са шчупаком цалавацца, казала яна. Але нічога не паробіш: калі гаворыш на нармальным языку, мусіць быць «ашчушчэніе» шчасьця.

І хаця творчаства абычна вызывает у нармальных людзей ашчушчэніе ненармальнасьці, нармальны язык дасьць усім вазможнасьць тварыць і рэалізоўваць свой патэнцыяал. Перавоччыкам, напрымер. Как па-нармальнаму будзя: «мой родны кут, як ты мне мілы»? «Мой радной угал, как ты мне дораг».

Мовачка-трасянка здольная прымірыць нас значна хутчэй за полечку-трасуху. Да трасянкі ва ўсіх стаўленьне пераважна добразычлівае: беларускамоўным яна падаецца першай прыступкай да беларушчыны, расейскамоўныя, у тым ліку шавіністы, таксама глядзяць на яе паблажліва: а як яшчэ перадаць мясцовы калярыт. Адзін расейскі паэт зь беларускімі каранямі напісаў неяк замілаваны вершык пра тое, што «руки балять, ноги балять»... Гэта ён хацеў паказаць, як ягоныя бацькі гаварылі. Даўно мінуў той час, калі трасянка лічылася «гаворкаю быдла», якое трэба навучыць беларускай мове і паставіць пад нашыя сьцягі. Трасянка — наша нематэрыяльная спадчына, паміж сваіх і чужакоў, паміж Польшчай і Расіяй, паміж пяскоў ягіпецкай зямлі, паміж Мінскам і Рымам, памеджду протчым і між іншым. Як там пісаў Мантэнь:

«Словы належаць напалову тым, хто гаворыць, і напалову тым, хто слухае».

Прыйшоў час нарэшце пазнаёміць іх паміж сабой.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014