16 траўня 1954 году пачалося паўстаньне ў Кенгірскім лягеры ў Казахстане. Сорак дзён вязьні адстойвалі выспу свабоды пасярод ГУЛАГаўскага архіпэлягу, вялі перамовы з адміністрацыяй аб паслабленьні рэжыму, патрабавалі прыслаць у лягер урадавую камісію. Калі ўлады зразумелі, што зламаць паўстанцаў ня ўдасца, распачаўся штурм з выкарыстаньнем танкаў. Былая палітзьняволеная Надзея Дземідовіч, асуджаная да 25 гадоў за сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі, трапіла ў Кенгір у 1952 годзе.
— Спадарыня Надзея, што ўяўляў зь сябе Кенгірскі лягер?
— Ён быў агароджаны высокай сьцяной. Ні з цэглы, ні з дрэва была тая агароджа, глінабітная нейкая. Даўжэзныя баракі. Лягер падзяляўся на дзьве паловы — жаночую і мужчынскую. Быў гаспадарчы двор, там трымалі прадукты, прызначаныя для лягернікаў. Асобна стаялі баракі для дзесяцігоднікаў і дваццаціпяцігоднікаў. У лягеры было вельмі шмат вязьняў — тысячаў сем-восем.
— Чым было выкліканае паўстаньне?
— У нашым лягеры спачатку ўтрымліваліся адны палітычныя. Потым улады прыслалі да нас, крымінальнікаў, блатных. Многа — можа, чалавек пяцьсот. Помню, у нашым бараку зьявіліся крыклівыя цёткі з чырвонымі нафарбаванымі губамі. Да мужчынаў таксама падсялілі розных бандытаў. Блатныя хацелі пакарыць палітычных. Як палітычныя пойдуць на работу, дык яны па іх торбах шманаюць. Нашыя хлопцы, чалавек пяць, сабраліся і пайшлі да нахабнікаў: што вы робіце? А тыя кажуць: «Сядзіце ціха, у нас нажы ёсьць». А хлопцы адказваюць: «А мы за адну зьмену можам сотню нажоў зрабіць». Тыя прысьмірэлі. Але іх падбухторвала лягерная адміністрацыя. Пасьля сьмерці Сталіна ў многіх лягерах адбылося паслабленьне рэжыму, паздымалі «запрэткі», з вокнаў краты зьнялі. А ў нас — не. Ахова вычваралася па-ранейшаму, маглі проста застрэліць чалавека за нішто. І стралялі.
— Ці шмат вязьняў удзельнічала ў паўстаньні?
— Усе, апрача крымінальнікаў і сьведкаў Яговы (іх было каля сотні). Ноччу мужчыны прабілі праходы ва ўнутранай агароджы, і далей падзеі адбываліся ў жаночай зоне. Мы патрабавалі, каб з Масквы прыехала камісія і ва ўсім разабралася. Начальства абяцала, што прыедзе, але, як аказалася, падманвала. І тут зэкі падняліся, узялі ўладу ў свае рукі. Начальства пускалі ў зону, але раззбройвалі. Быў абраны свой урад, які ўзначаліў былы падпалкоўнік расеец Кузьняцоў. Баявыя групы ўзначаліў латыш Герыньш. Украінец Івашчанка кіраваў лягернай службай аховы. У лягеры было шмат беларусаў, дзяўчатаў, каторыя, як і я, з Саюзу беларускай моладзі: Іра Волкава, Жэня Шастак, Вэраніка Катковіч — яна апекавалася мною, была для мяне як маці. Многа было паляшучак, якія былі за Бандэру... Паўстаньне доўжылася сорак дзён — з 16 траўня па 26 чэрвеня 1954 году. Мы ведалі, што рана ці позна пачнецца штурм, рыхтаваліся. Але ня трацілі надзею на камісію з Масквы. Рабілі балёнікі, да якіх прымацоўвалі ўлёткі — клікалі Маскву, каб яна прыйшла распараджацца. Тыя балёнікі расстрэльваліся, і салдаты ганяліся за ўлёткамі пад казахскім ветрам. Прыяжджала камісія з Алма-Аты. Але перамовы зь ёю не давалі выніку. Мы рыхтаваліся да штурму. Капалі равы на выпадак, калі пойдуць танкі, каб іх не пусьціць. Адміністрацыя ішла на хітрыкі. У лягернай агароджы прабілі дзірку — як машыне прыехаць. Гэта каб узбунтаваць народ, каб людзі думалі, што там нікога няма, каб уцякалі зь лягеру. А там блізка былі засады... Але нашы кіраўнікі — разумныя людзі — забаранілі выходзіць, сказалі: гэта пастка. І — ніхто ня выйшаў. Ні з малагодкаў, ні з хворых — ніхто.
— А як адбывалася задушэньне паўстаньня?
— У той летні дзень я прачнулася ад грукату. Спачатку над лягерам нізка праляцелі самалёты, а потым праз праломы ў сьценах пайшлі танкі. Проста на людзей! Жэня Шастак уцякала і ўскочыла на падваконьне, дык танк яе дулам
Спачатку над лягерам нізка праляцелі самалёты, а потым праз праломы ў сьценах пайшлі танкі
— Колькі чалавек загінула?
— Адзін Бог ведае. Усіх не перадушылі. Ой, многа палягло... Там была маладая пара, латышы ці літоўцы, якія толькі што пажаніліся. Дык яны, калі пабачылі
Помню, калі нас выводзілі, я крычала: «Далоў берыеўскі праізвол! За што-за якое вы нас душыце?
— І куды вы трапілі пасьля Кенгіру?
— У тайшэцкія лягеры. Шчыпаць сьлюду, гэта вельмі шкодная праца. Там, дарэчы, сядзела і мая слонімская сяброўка Ніна Карач, там была сястра Вэранікі Катковіч — Анэля. Там ужо намі ніхто не пагарджаў. Мы выходзілі на работу, працавалі. І сталі мне старэйшыя жанчыны гаварыць, каб ішла да начальства, бо мяне ж выпускалі на свабоду ў Кенгіры. І я пайшла да оперупаўнаважанага. Ён выслухаў і сказаў: паглядзім. Праз пэўны час прыйшоў адказ: у сувязі з удзелам у Кенгірскім паўстаньні пакінуць у лягеры. І прабыла я ў тым клятым ГУЛАГу цэлых дванаццаць гадоў — з 1944 па 1956 год.
— За год сяброўства ў СБМ вы атрымалі 25 гадоў ГУЛАГу. Усе былыя эсбээмаўцы, каго я ведаў і ведаю, назаўсёды засталіся патрыётамі Беларусі. Чэслаў Сэнюх з Варшавы, Ірына Волкава зь Пінску, Леакадзія Шышэя зь Вільні, мой унівэрсытэцкі выкладчык Алег Лойка... Чым вы гэта патлумачыце?
— Я была ў СБМ з 1943-га па 1944 год, у Слоніме, а загартоўка беларуская засталася на ўсё жыцьцё. І гэтак ня толькі ў мяне — ва ўсіх. Мы выцерпелі ўсё. І не шкадуем, што цярпелі. Мы хацелі, каб была беларуская дзяржава, каб беларусы не былі пад чыімсьці прыгнётам, каб жылі, як вольныя людзі. Алега Лойку я добра помню. Ён маладзейшы на гады тры за мяне, быў малодшым юнаком у СБМ. Ён хадзіў да Сяргея Новіка-Пеюна — яго мама завяла, ён усё беларускае чытаў. Тады мы пісалі першыя вершы — і я, і Лойка, і Васіль Супрун. А потым Лойка выбіўся, стаў прафэсарам у БДУ, потым дэканам філфаку. Але тады ён пра СБМ не расказваў. За Беларусь ён перажываў, выступаў, але пра СБМ маўчаў. Калі я яго бачыла, хацелася хоць трошкі пагаварыць. Аднойчы на нейкім сходзе ён стаяў у кампаніі. Я пачакала, пакуль яны пагавораць, потым падышла: «Алег, ты памятаеш мяне?» — «А гэта ж Надзя!». Лойка быў свой чалавек, нягледзячы на ўсе пасады.
— Перад чэмпіянатам сьвету адбылося шмат затрыманьняў. Што б вы пажадалі маладым хлопцам, якія сёньня знаходзяцца за кратамі?
— Каму хакей, каму гулянкі, а каму — астрог. Каб не перашкаджалі... Хай Бог дасьць ім сілы трымацца. Мілыя хлопцы, заставайцеся ўсё жыцьцё беларусамі, не прадавайце сваёй радзімы, сваёй мовы, не зракайцеся свайго. Мне так хочацца, каб вы, нашы дзеці і ўнукі, яшчэ шмат карыснага зрабілі для свае Беларусі.