Што пісалі на Свабоду 2002-м: «Свабоду слухаюць многія, але пісаць баяцца — небясьпечна»

2002 год. Разьвітальны ліст Рыгора Барадуліна Да Артура Вольскага

Гэтыя цытаты — зь лістоў, якія сабраныя ў дзьве новыя кнігі «Бібліятэкі Свабоды» і выходзяць у сьвет да 60-годзьдзя Беларускай рэдакцыі. 20 траўня 1954 у эфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя «Радыё Вызваленьне». Гістарычныя перамены, якія адбыліся за апошнія 60 гадоў, не зьмянілі галоўную місію Свабоды — спрыяць бесперашкоднаму распаўсюду інфармацыі і ідэяў.

Нягледзячы на тое, што кароткахвалёвае радыё саступіла першынства тэлебачаньню, інтэрнэту, сацыяльным сеткам, шмат для каго яно заўсёды было больш чым радыё — станам душы. Сёньня мы прапануем вам выказваньні пра Свабоду, якія слухачы зь Беларусі і замежжа прысылалі ў рэдакцыю ўжо ў эпоху інтэрнэту — у 21-м стагодзьдзі.



Іван Даўжынскі, Жыткавічы
28.01.2002

Сёлета давялося адмовіцца ад падпіскі на незалежныя газэты: зарплаты ледзь хапае на ежу. З абяцаных Лукашэнкам ста даляраў пакуль атрымліваю толькі сорак. Астатніх, напэўна, давядзецца чакаць да наступных выбараў. У гэтай сытуацыі Беларуская Свабода — адзіная магчымасьць дзеля таго, каб даведацца праўдзівыя навіны. Дзякуй Богу, што мой старэнькі «Акіян» пакуль не падводзіць і я штодня чую вашы дарагія майму сэрцу галасы.


Іван Скуцэня, вёска Працавічы, Слуцкі раён
08.02.2002

Я ўжо 70-гадовы дзядуля, і для мяне Свабода — гэта маленькае акно ў белы сьвет. Асабліва пільна я сачу за тым, як стойкія хлопцы і ўдзень і ўначы абараняюць Курапаты. Глыбокая падзяка ім ад мяне. Гэта і мой боль, бо я — сын так званага «ворага народу».

Свае Курапаты ёсьць у кожным беларускім горадзе, толькі камуністы іх схавалі і засакрэцілі. Яны паступалі са сваім народам як бандыты, баючыся адказнасьці за ўчыненыя злачынствы.


Алесь Башко, Горадня
29.03.2002


Вельмі слабыя вашы перадачы, як быццам (і гэта хутчэй за ўсё) ня наскія. Гэтым, мабыць, і тлумачыцца, што не чуваць на вашых хвалях галасоў Алеся Пушкіна ці Славаміра Адамовіча. Апошняга, праўда, пусьцілі нядаўна ў эфір прачытаць пра сваё перажытае. Але на шырокі камэнтар падзей і пра нараблёнае — а ні-ні, не пускаеце. А гэта ж асобы зь ясным сьветапоглядам і ўнутранай свабодай. І яны не запатрабаваныя.

Увогуле, выснова мая такая: паўлазілі ў рэдакцыю розныя падазроныя асобы — і плятуць абы-што не на карысьць беларушчыны. А вынікі — кажуць самыя за сябе.


Вера Касновіч, пасёлак Новагарадзейскі, Нясьвіскі раён
29.03.2002

Я вельмі даўняя слухачка вашага (і майго) радыё. Нават калі нядаўна была ў гасьцях у сына ў Рызе — і там прачыналася раніцай з навінамі Свабоды і са Свабодай жа апоўначы засынала.

Вельмі хацела б (і ня толькі я, а і ўсё наша сяброўскае кола), каб у перадачы «Мэлёдыя дня» прагучалі творы слыннага сына нашай Радзімы — паэта і кампазытара Пётры Нядзьвецкага. На 3-м зьезьдзе беларусаў сьвету даведалася, што ён, на жаль, ужо адышоў з жыцьця. Пры жыцьці ён марыў, каб ягоныя песьні гучалі на Радзіме. Я маю нават прэзэнтаваныя ім касэты з запісамі ягоных словаў і музыкі.


Іван Антановіч, Горадня
12.04.2002

Паводле нашых падлікаў, Свабода штотыдзень атрымлівае дзясятак лістоў. А вы, спадар Жданко, зачытваеце толькі два-тры. Прытым асобныя зь іх напісаныя стукачамі, якія пішуць, што раней, за камуністамі, было ўсё добра. А калі ў лісьце ў адказ іх абвергнеш, дык пра гэта спадар Жданко ня згадвае. У выніку многія настолькі незадаволеныя Свабодай, што гатовыя пісаць у Кангрэс ЗША.

На Свабодзе мала перадачаў на тэму сталінскіх рэпрэсіяў і злачынстваў камунізму. Між тым многія кнігі ў Беларусі забароненыя цэнзураю, і таму трэба чытаць іх па радыё.

Свабоду слухаюць многія, але пісаць баяцца. Ведаючы, што ёсьць цэнзура і рэпрэсіі, могуць пісаць пад псэўданімам — так бясьпечней. Я і сам так раблю.


Васіль Пракопаў, Асіповічы
26.04.2002

Мяне вельмі зьдзіўляе музычнае афармленьне вашых праграмаў. Часам можна чуць, як нейкі чалавек, дзеручы глотку, паведамляе, што ён «нарадзіўся тут». Мяркуючы па тым, якімі рытмічнымі выкрутасамі суправаджаецца ягонае паведамленьне, ён нарадзіўся ня тут, а хутчэй за ўсё недзе ў Афрыцы, ці, можа, на Кубе. Дык, можа, хай і сьпявае там, дзе існуюць такія рытмы.


Чэслаў Хвайніцкі, Смаргонь
17.05.2002

Я юрыст, былы будаўнік камунізму, а цяпер пэнсіянэр. Радыё Свабода слухаю пастаянна і даўно, бо лепшага радыёвяшчаньня ў Беларусі проста няма. Мне падабаюцца ўсе перадачы — і «Вольная студыя», і «Вострая брама», і «Сьвет за вакном», а таксама «Палітычная геаграфія» і «Праскі акцэнт». Ня вельмі даспадобы «Мэлёдыя дня»: хацелася б чуць лепшыя беларускія творы і лепшых выканаўцаў, якія добра валодаюць беларускай мовай і паважаюць яе.

Вельмі цікавыя «Сучасныя мэмуары», што гучалі на радыё (Быкаў, Адамовіч, Мудроў, Барткевіч). Злучае мяне з Радыё Свабода мой старэнькі адрамантаваны прыёмнік «Акіян-209», і чутнасьць вельмі добрая.


Анатоль Адаменка, Гомель
07.06.2002

Я ваш сталы слухач. Жаданьня і часу для гэтага хапае: я інвалід першай групы, заўсёды дома. Апроч таго, жыву адзін. Для мяне вашы перадачы ды яшчэ газэта «Народная Воля», якую пастаянна выпісваю (нягледзячы на кошт) і чытаю — адзінае акно ў сьвет. Дзяржаўная радыёкропка ў маёй аднапакаёвай кватэры балбоча толькі дзеля зьверкі часу.

Часам думаю: ці дажывем мы да тых часоў, калі вашы перадачы можна будзе слухаць па звычайнай радыёкропцы, як у многіх гарадах Расеі? Канечне, я разумею, што гэта не ад вас залежыць. Але ўсё ж веру, што такі час настане.

Хачу выказаць вам шчырую падзяку за добрую справу, якую вы робіце, нягледзячы на розныя нязручнасьці — даносіце праўду пра наша жыцьцё і жыцьцё ў сьвеце, і гэтым дапамагаеце нам хутчэй стаць і пайсьці праўдзівым шляхам.


Алег Куніцкі, Віцебск
21.06.2002

Што ні месяц — жыцьцё ўсё цяжэйшае. А ўлады ўсё хлусяць пра нейкую стабілізацыю, каторы год кормяць абяцанкамі пра саюз з Расеяй. Цэны тым часам не зьніжаюцца, а ўвесь час растуць, у адрозьненьне ад заробкаў.

Добра, што хоць ты, Свабода, сярод гэтых патокаў уладнай хлусьні гаворыш праўду, не баючыся, што яна не спадабаецца высокім начальнікам. Ад гэтага неяк лягчэй на сэрцы, бо не зьнікае надзея, што засталіся яшчэ ў Беларусі сумленныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца, і ведаюць, як з гэтай багны выбрацца.


Марэк Рэдзімскі, Гдыня, Польшча
28.06.2002

Беларуская Свабода — беларускамоўная станцыя, і такі ж павінен быць прынцып у яе перадачах. Яе слухаюць многія такія ж, як я, слухачы, якія не размаўляюць па-расейску. У гэтым выпадку пераклад з расейскай — выгода для нас. І вялікі дзякуй вам за гэта.

Слухаю Свабоду на дваццацігадовай старэнькай «Lenie» (гэта польскі аналяг беларускага «Акіяна»). Калісьці, за камунай, няможна было слухаць Свабоду, але ўсе прыймачы мелі кароткія хвалі, а зараз слухаць можаш, але радыёпрыймачы кароткіх хваляў ня маюць. Вось такая сатыра: як няма старога радыё, то не патрэбная ніякая цэнзура: выбару ня маеш ніякага.


Марыя Леваценка, Сант-Ніклаас, Бэльгія
23.08.2002

Ужо на працягу пяці месяцаў штодня адкладваю ўсе справы, сустрэчы на дзьве гадзіны, каб нішто мне не перашкаджала і не адцягвала ўвагі ад тых падзеяў, што адбываюцца на Радзіме. Пра іх я даведваюся зь перадачаў Свабоды. Я ўжо сем месяцаў за межамі Беларусі, а душа, сэрца, пачуцьці, думкі — усё засталося там. Дзякуючы вам не адчуваю інфармацыйнага голаду. Усё пачутае прапускаю празь сябе — то сьмяюся, то плачу, то спачуваю, то абураюся, то пратэстую, то ганаруся.

Беларуская Свабода ёсьць часткаю маёй сапраўднай краіны пад назваю Беларусь. Вы дапамагаеце мне сьвята верыць у перамены да лепшага — усяго беларускага грамадзтва, усёй краіны. Я спадзяюся, што дажыву да тых часін, калі кожны беларус будзе ганарыцца роднай моваю, а не саромецца размаўляць па-беларуску.


Васіля Нілукаў, Драгічынскі раён
23.08.2002

Я ваш слухач зь вельмі вялікім стажам. Радыё Свабода на беларускай мове ўпершыню пачуў мо дзе ў 1975 годзе, з дапамогай сапсаванага прыймача «Альпініст», у якім сярэднія хвалі ператварыліся ў кароткія. Было гэта ў мае першыя пасьляармейскія дні. З таго часу слухаю Свабоду рэгулярна, асабліва пасьля адмены глушэньня.

Мне амаль 48 гадоў, жыву ў вёсцы. Пэнсіянэр (інвалід другой групы па захворваньні). Асноўны занятак — агарод, дом і вакол яго (карова, бульба, дровы ды іншае). Многія работы праходзяць пад прыймач. У ранейшыя гады прыймач быў маім спадарожнікам у камандзіроўках і ў кацельні мясцовай школы, дзе я працаваў некалькі сэзонаў.

Слухаю ня толькі Свабоду, але і іншыя станцыі — на расейскай і ўкраінскай мовах. Я адзін з тых нямногіх, хто інфармацыю атрымлівае з радыёпрыймача, а не з тэлевізара.

2003

«Калі глушылка змоўкла, пачуўся вайсковы голас: „Слушать Радио Свобода запрещено!“»


Якаў Зінчанка, вёска Іскра, Данецкая вобласьць, Украіна
09.03.2003

Мне 25 гадоў, я — інвалід 1-й групы з хваробай вачэй, таму пад маю дыктоўку вам піша мама. Некалькі гадоў таму выпадкова натрапіў на хвалю Беларускай Свабоды, і з таго часу мне вельмі падабаецца слухаць вашы перадачы. Потым мне ў рукі трапіла кніга на беларускай мове, і зь яе дапамогай, як мне здаецца, я вельмі някепска вывучыў беларускую мову. Часам мне нават падаецца, што я больш беларус, чым украінец. Напісаў нават вось такі кароткі верш на беларускай мове:

Я вывучаю мову лясоў,
Мову вёсак і гарадоў,
Мову зялёнай травы і балот...
І дзень, і месяц, і год.


З усіх вядучых мне найбольш падабаецца Алена Радкевіч. Яе голас здольны абудзіць добры настрой, нават калі на душы ня дужа радасна.

Жыву ў вёсцы з бацькамі. З прычыны хваробы нідзе не працую, але маю захапленьне — займаюся экалягічнай асьветай насельніцтва, належу да Ўкраінскай грамады аховы птахаў.

Даўно хачу набыць аўдыёкасэту зь беларускімі народнымі песьнямі або кнігу па экалёгіі на беларускай мове. Але ў нас нічога гэтага, на жаль, няма.

Мікалай Лясовіч, Менск
16.03.2003

Я ўпэўнены, што Радыё Свабода іграе найважнейшую ролю ў жыцьці Беларусі, бо дае нам магчымасьць даведацца праўду пра падзеі ў краіне. А ад інфармаванасьці народу залежыць вельмі многае. Тым больш дзіўна выглядаюць відавочныя недахопы ў вашай працы. Гэтыя недахопы я лічу роўнымі злачынствам супраць свабоды інфармацыі.

Па-першае, сыгнал Беларускай Свабоды — самы слабы з усіх, што можна злавіць на кароткіх і сярэдніх хвалях. І гэта тады, калі Беларусь — апошняя дыктатура ў Эўропе. Калі містэр Дайн гэтага не разумее, то ён падманвае давер уладаў ЗША. Пасьля восьмай гадзіны вечара беларускую Свабоду ўвогуле амаль немагчыма прыняць, як пры глушылках.

Па-другое, у зрыве масавых акцыяў апазыцыі актыўную ролю іграе менавіта Беларуская Свабода, паколькі не дае інфармацыі пра месца і час збору людзей. Я слухаю Свабоду штодня, але толькі сёньня, 10 сакавіка, даведаўся, дзе будуць зьбірацца людзі 12 сакавіка. Інакш як наўмысным зрывам акцыі апазыцыі гэта назваць нельга.

Андрэй Паско, Берасьце
23.03.2003

Ваша перадача, спадар Жданко, мне падабаецца тым, што вы зачытваеце розныя меркаваньні, у тым ліку зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі зь іхнымі недарэчнымі, а часам і бессэнсоўнымі аргумэнтамі. Гэтым вы вельмі адрозьніваецеся ад іншых сродкаў масавай інфармацыі.


Мікалай Волчык, вёска Зіновічы, Пружанскі раён
23.03.2003

Той, хто думае, што Свабоду глушаць, памыляецца. Перашкодаў няма. Хто гэтым у свой час займаўся і дзе былі гэтыя аб’екты (так званыя глушылкі), мне добра вядома (вайсковы досьвед). А цяжкасьці з прыёмам можна патлумачыць проста: іншы раз іёнасфэра, магнітныя буры ўносяць свой расклад у распаўсюд сыгналу. А наогул, вашы тэхнічныя службы працуюць выдатна!

Сам я слухаю Свабоду з дапамогай прыймача «Казахстан» з вонкавай антэнай і ацэньваю чутнасьць на пяцёрку з плюсам.

Іван Савіч, вёска Багданаўка, Лунінецкі раён
23.03.2003

Слухаю вас ужо гадоў пяць-шэсьць. Не ўяўляю сабе без Свабоды ніводнага выходнага вечара. Канечне, жывучы ў вёсцы, ня кожны дзень ёсьць час слухаць радыё, асабліва на кароткіх і сярэдніх хвалях. А слухаць Свабоду ў FM-дыяпазоне, як я разумею, пакуль што марыць не прыходзіцца. Што зробіш, такі ўжо ў нас час настаў.

Але нішто не стаіць на месцы. А ў Беларусі час заўсёды адставаў ад рэальнасьці. Так было, напрыклад, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі ў гарадах яшчэ паўстагодзьдзя галоўнай мовай заставалася польская. Так і зараз: мы адстаем ад часу, для нас гэта як норма.


Яўген Аляксандраў, Менск
20.04.2003

Як жа так, няўжо вы ня ведаеце пра тое, што Свабоду зноў глушаць? Калі так, апішу тое, сьведкам чаго быў сам. Летась у сакавіку ўключыў я неяк прыймач а 18-й гадзіне на хвалі 31 мэтар, каб Свабоду паслухаць. Звычайна ў такі час на гэтай хвалі яе ў мяне чуваць было выдатна, гучна, якасна. А таго дня ў 18:10 пачуўся нейкі віскат, піск, мэханічны «сьпеў». Я адразу падумаў: пэўна, глушылка. Ды праз 10 хвілінаў «сьпеваў» глушылка зьнікла, а замест яе на тле галасоў аўтараў Свабоды пачуўся вайсковы голас мужчыны сярэдніх гадоў: «Слушать Радио Свобода запрещено. Повторяю: запрещено». Потым зноў пачаліся мэханічныя сьпевы.


Фёдар Аляксееў, Віцебск
27.04.2003

Я часта слухаю Свабоду, «Голас Амэрыкі» і «Нямецкую хвалю». Але асабліва мне падабаецца Свабода. І вельмі шкада, што вашы перадачы даходзяць толькі да нязначнай колькасьці насельніцтва — да тых, хто мае транзыстарныя радыёпрыёмнікі.

Варта было б вам дамагацца, каб Свабоду трансьлявалі хаця б 2–3 гадзіны ў суткі па дзяржаўным радыё. Народ павінен ведаць праўду. А дзяржаўнае радыё — не асабістае Лукашэнкава, а агульнанароднае.

Нашаму народу самастойна пазбавіцца ад гэтага рэжыму немагчыма. За гады савецкай дыктатуры нас настолькі замардавалі, затуркалі, што мы ператварыліся, выбачайце за слова, у быдла. Словам, трэба вам зьвярнуцца да міжнародных сілаў і дамагчыся, каб Свабода гучала на дзяржаўным радыё.

Віктар Туравец, Ліён, Францыя
30.04.2003

Калі я вымушаны быў зьехаць зь Беларусі, то ня думаў, што так цяжка будзе першыя тры месяцы безь беларускага слова, без інфармацыі, магчымасьці адчуваць сваё, роднае... А калі праз тры-чатыры месяцы зьявілася магчымасьць штодзённага спатканьня са Свабодай — гэта дало столькі сілаў, энэргіі, надзеі на лепшае!..

Натуральна, кепскія навіны ўспрымаюцца балюча, душа рвецца дамоў. Вельмі цяжка чуць пра нахабныя дзеяньні ўлады, здраду яе памагатых. І ўсё ж аптымізм перамагае. І самым прыемным у маім жыцьці застаюцца часіны, калі настройваюся на маю родную Свабоду. Вялікі дзякуй вам, што вы ёсьць, што робіце вельмі патрэбную справу.

Марыя Іофэ, Ліда
11.06.2003

Добра, што ёсьць на сьвеце Радыё Свабода. Увечары слухаю вас — і нібы акунаюся ў іншы сьвет, бяз гэтай афіцыйнай хлусьні, падману, крывадушнасьці. Няблага было б, каб болей было ў вас расповедаў пра тое, як жывецца нам, простым людзям. Як лічым капейкі да пэнсіі, прыніжаемся на рынку, латаем даўно зношаныя чаравікі, а часам і корпаемся ў сьметніках. Пра гэта ж болей ніхто не расказвае.

Паглядзіш беларускае тэлебачаньне — дык яны ўсё толькі пра клапатлівага Лукашэнку, які то бібліятэку будуе, то чыноўнікаў сваіх лае, то ў хакей гуляе. Першыя гады здавалася: малады, спрытны, спуску злодзеям не дае... А цяпер, як ужо дзевяць гадоў прайшло, бачыш: пустое ўсё гэта, адна паказуха. Жыцьцё ж да лепшага не мяняецца, усё толькі горш становіцца. Які толк ад гэтага ягонага спрыту ды лаянкі? Разумныя людзі даўно ўжо гэта зразумелі, але час мінуў: цяпер Лукашэнку проста так ад улады за вушы не адцягнеш. Напэўна, давядзецца дажываць пры ім.

Сяржук Буравы, Старадуб, Бранская вобласьць, Расея
13.07.2003

Сапраўдных беларусаў-калгасьнікаў у Беларусі ўлада не прыцясьняе. Сапраўдныя беларусы — падмурак рэжыму Лукашэнкі. Менавіта ён — сапраўдны беларус, ураджэнец вёскі, дзе размаўляюць на сапраўднай, дзейнай, жывой вялікабеларускай мове — трасянцы. Сапраўдны беларус, носьбіт гэтай мовы, далёкі ад ідэалаў дэмакратыі: ня будзе ён слухаць ваша радыё.

Вам неабходна скінуць ідэалягічныя путы, запрашаць на радыё людзей розных поглядаў, даваць ім час у эфіры. Запрашайце і прыхільнікаў Лукашэнкі — іх жа ад 25% да 60% насельніцтва.

Вам трэба ўлічваць інтарэсы той часткі насельніцтва, якая размаўляе па-расейску. А значыць, неабходныя расейскамоўныя перадачы. Гэта павялічыць аўдыторыю ў некалькі разоў. Людзей можна пераканаць толькі на іх мове, выкарыстоўваючы іхныя паняцьці ды штампы. Стварэньне ж уласных ідэалягічных паняцьцяў і штампаў вядзе да абасобленасьці і абмежаванасьці.

Рузана Зрэна, Адэса, Украіна
20.07.2003

Выпадкова натрапіла на вашы хвалі ўвечары 22 чэрвеня. На сваім капеечным прыймачы невядомай краіны паходжаньня я шукала Стакгольм, а знайшла Беларускую Свабоду. Доўга не магла адарвацца. Большая частка вашай праграмы ў той вечар была прысьвечаная памяці Васіля Быкава, які яшчэ за некалькі гадзінаў да эфіру быў жывы. Уразіла тое, як хутка вы адклікнуліся на гэтую вялізную страту, як прафэсійна здолелі сабраць камэнтары і водгукі. Дзякуй за выдатную працу.

Дзьмітры Шчаглоў, Пінск
13.08.2003

Мне 19 гадоў, я вучуся ў Пінскім філіяле Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту (перайшоў на трэці курс). Вельмі часта слухаю і Радыё Свабода, і дзяржаўныя СМІ. І зрабіў для сябе такую выснову наконт вашай працы: хто зь якой кармушкі корміцца, той таго і падтрымлівае. Ні на крок пры гэтым не адступаючы.

Калі Аляксандар Лукашэнка — закладнік сваёй камуністычнай ідэалёгіі, дык вы, Радыё Свабода, — закладнікі Захаду. Паспрабуйце сказаць што-небудзь у падтрымку беларускай улады, дык Захад самі ведаеце што зробіць з вамі. Таму ад вас не пачуеш ніводнага добрага слова на адрас улады. Але няўжо ў Беларусі ўсё так дрэнна? Паводле апошняй статыстыкі, яна сярод краінаў СНД займае першае месца ў шэрагу галінаў. І заробкі ў Беларусі не такія ўжо і нізкія. Да каго са знаёмых ні зойдзеш — дык ня скажаш, што людзі кепска жывуць.

Праўду, напэўна, можна знайсьці толькі ў цэнтрыстаў. Але дзе яны ў Беларусі?

Васіль Шнуркевіч, Маладэчна
17.10.2003

Перадачы Беларускай Свабоды слухаю зь мінулага верасьня. Раней ня меў прыймача. І вось нібы адчыніў фортку ў новы сьвет. Чаму не разумеў гэтага раней? Асабліва вялікую ўдзячнасьць хачу выказаць Данчыку за ягоныя песьні і перадачу «Данчык выбірае». Прапанаваў бы для працягу гэтай перадачы больш увагі надаваць песьням беларускіх выканаўцаў, якіх амаль не пачуеш на дзяржаўным беларускім радыё. Узяць хаця б Міхася Пацука. Ад ягоных песень я ня раз выціраў сьлёзы на вачах. А цяпер яго ўвогуле не дапускаюць да мікрафона.