Урок паўмёртвай мовы

Дарафей Фіёнік

«Сейбіт», фільм Юрыя Каліны, «Белсат», 2014.
Тры гады таму, калі мы з жонкай і дачкой паехалі з Прагі ў летні адпачынак на Падляшша, нам моцна пашанцавала. Якраз у той час Дарафей Фіёнік, стваральнік і кіраўнік Музэю малой бацькаўшчыны ў Бельску, арганізаваў у памяшканьнях музэю двухтыднёвыя «этнаграфічна-забаўляльныя» заняткі для дзяцей малодшых клясаў.

Дарафей запрапанаваў, каб на гэтыя вакацыйныя заняткі пахадзіла і наша Марыля. Мы пагадзіліся з радасьцю, ня толькі таму, што на два тыдні пазбываліся клопату, чым зацікавіць дзевяцігадовую дачку цягам большай часткі дня, але і з увагі на моўны аспэкт гэтай прапановы.

Дарафей і ягоная жонка Альжбета ня толькі гавораць на падляскай гаворцы ў сваёй сям’і, але і рупяцца прышчапіць любоў да гэтай мовы ўсім, хто пажадае. Заняткі па ткацтве, выцінанках, выплятаньні з саломы, ганчарстве і разьбе праводзілі або нашы падляшукі, або палешукі з РБ, якіх Дарафей папрасіў зьвяртацца да дзяцей выключна па-свойму. Так сказаць, акрамя забавы зь «ляпленьнем гаршкоў», хай дзеці яшчэ павучацца роднай мове ў рэальных моўных сытуацыях. Уся рэч адбывалася, паўтару, у Бельску, дзе для ўсіх беларусаў роднай мовай зьяўляецца падляская гаворка. Палескія гаворкі – настаўнік-ганчар гаварыў да дзяцей на гаворцы вёскі Сіманава (той самай, зь якой паходзіць мовазнаўца і захавальнік палескіх моўных скарбаў Фёдар Клімчук) – таксама «нашы», хоць у іх і няма нашых улюбёных дыфтонгаў. Ну дык вось, дзе яшчэ беларускае дзіця можа апынуцца ў роднай моўнай стыхіі сярод сьціжмы сваіх аднагодкаў? Дзе яшчэ на гэтым сьвеце такое магчыма – у якім горадзе, акрамя Бельска на Падляшшы?

Малыя падляшукі на «фэрме» Фіёнікаў, ліпень 2011


Аднак жа рэальнасьць у Бельску аказалася крыху менш ружовай. Насамрэч, сярод трох дзясяткаў бельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ўдзельнічалі ў тых незвычайна цікавых занятках, толькі наша Марыля ды сыны Дарафея і Альжбеты, Максім і Ільля, маглі свабодна пагаварыць паміж сабою па-падляску. Усе іншыя дзеці гаварылі наогул толькі па-польску. Хоць падляска-палескую размову збольшага разумелі. А калі не разумелі, дык Марыля з Максімам і Ільлём дапамагалі ім зразумець...

Гэтая мая сямейная згадка, як лічу, няблага вызначае рэальную моўную і культурную сытуацыю сярод падляскіх беларусаў ды ролю Дарафея Фіёніка ў ёй, пра што распавядае дакумэнтальны фільм «Сейбіт», які нядаўна быў паказаны на «Белсаце» і пра які мне захацелася напісаць некалькі абзацаў.

«Сейбіт», прысьвечаны постаці Дарафея Фіёніка ў прыватнасьці і фальклёрна-перадсьмяротнай беларускасьці на Падляшшы ў агульнасьці, быў зьняты беластоцкім тэлежурналістам Юрым Калінам. 50-хвілінная стужка зьнятая вельмі таленавіта і ў шмат якіх месцах моцна чапляе за душу. Але ў ёй таксама шмат рэгіянальных асаблівасьцяў, якія нялёгка, а то й немагчыма сходу зразумець гледачам зь Беларусі. Усе героі гэтага фільму гавораць або па-падляску, або па-палеску, і беларуская літаратурная мова ў ім зьяўляецца адно ў загалоўку ды ў тытрах перакладу. Ніякага камэнтару з-за кадру, ад аўтара, няма... А некаторыя матывы гэтага фільму варта было б растлумачыць проста словам, а ня толькі карцінкай...

Напрыклад, варта было б выразна сказаць, што падляскія гаворкі – ніякая не рэгіянальная асаблівасьць на Падляшшы, а родная мова пераважнай большасьці падляскіх беларусаў. Калі з пэрспэктывы Беларусі сапраўды можна «махнуць рукой» і праігнараваць палескія гаворкі Берасьцейшчыны як нешта неістотнае для агульнанацыянальнай сытуацыі, то такога абсалютна нельга зрабіць ў адносінах да падляскіх гаворак. Калі на іх «махнуць рукой», то застанецца ўсяго 8 тысяч беларусаў на Падляшшы, для якіх роднымі зьяўляюцца сярэднебеларускія гаворкі. Бо роднай мовай 30 тысяч беларусаў на Падляшшы зьяўляецца тая ці іншая падляская гаворка. 30 тысяч – таксама ня богведама які вялікі лік, але, пагадзіцеся, ён амаль у 4 разы большы за 8 тысяч. А таму ўсё тое, што паказана ў фільме Юрыя Каліны, датычыць якраз сэрца беларускай праблемы на Падляшшы, а ня нейкага маргінальнага і жыцьцёва малаважнага органу, скажам, селязёнкі... Але з самога фільму гэта ніяк не вынікае. Фільм, дарэчы, быў паказаны ў белсатаўскім цыкле «Невядомая Беларусь», назва якога, як мне падаецца, якраз вельмі адэкватная да таго, што нашы суродзічы з РБ ведаюць і чаго ня ведаюць пра беларускасьць на Падляшшы...

Сам фільм пабудаваны на даволі празрыстай, хоць і ня надта арыгінальнай сюжэтнай схэме – Юры Каліна цягам году час ад часу наведваўся да Дарафея Фіёніка, здымаючы розныя эпізоды сьвяточна-працоўных рытуалаў падляскіх беларусаў, зьвязаных з гадавым царкоўна-земляробчым цыклам. Дарафей Фіёнік, які жыве на ўскраіне Бельска, у прадмесьці Студзіводы, акрамя асьветна-выдавецка-музэйнай справы, займаецца яшчэ земляробствам і, як кажа рэклямны матэрыял «Белсату» да фільму «Сейбіт», «з дапамогаю сям’і традыцыйным спосабам вядзе гаспадарку на плошчы некалькіх гектараў: малоціць збожжа цэпам, косіць касою, жне сярпом і сее ўласнымі рукамі». Фільм адкрывае сцэна, у якой Дарафей з сынам малоцяць збожжа ў сваёй клуні, у іншых сцэнах яны сеюць уручную, «абходзяць і замольваюць» пасевы на Юрыя, косяць збожжа касою ў жніво... Гэтыя сцэны з «фэрмэрскім» клопатам перабіваюцца сцэнамі сямейнай Куцьці; царкоўнага Вадохрышча (Дарафей Фіёнік, які закончыў праваслаўную духоўную сэмінарыю, зьяўляецца псаломчыкам у адной зь бельскіх цэркваў); калядаваньнем моладзевага фальклёрнага калектыву «Жэмэрва» (па падляску: падшыванцы) у амаль вымерлай вёсцы Войшкі; сустрэчай з жыхарамі іншай паўпустой вёскі (Гусакі); сустрэчай зь яшчэ адным падляскім культуртрэгерам, бацюшкам Рыгорам Сасном у Рыбалах; размовай з народным разьбяром Уладзімірам Наумюком зь вёскі Канюкі над Нарвай; усталяваньнем крыжа і капліцы ў вёсцы Раманаўка каля Сямяцічаў, адкуль пайшоў род Фіёнікаў...

Зноў жа, перш за ўсё дзеля прасьвятленьня нашых суродзічаў зь Беларусі, тут варта было б даць нейкі кароткі, але талковы камэнтар з-за кадру пра ролю праваслаўя ў падляскай беларускасьці. Бо для «сярэднестатыстычнага змагара» за беларушчыну ў РБ праваслаўе асацыюецца выключна з Расейскай праваслаўнай царквой, якая, як прынята лічыць, сваім кадзілам толькі дапамагае расейскаму штыху і расейскаму буквару ў зьнішчэньні сінявокай... Сытуацыя абсалютна іншая на Падляшшы, дзе праблемы русыфікацыі беларусаў не існуе. Існуе, затое, праблема палянізацыі. Таму праваслаўе, нягледзячы на сваю сацыяльную кансэрватыўнасьць і інтэлектуальную інэртнасьць ды амаль нікому зь вернікаў не зразумелую літургічную царкоўнаславяншчыну, традыцыйна зьяўляецца вельмі істотным складнікам нацыянальнай тоеснасьці беларусаў... І ніхто на Падляшшы праваслаўя ня зьвязвае ні з Расеяй, ні, тым больш, з Пуцінам, як гэта робяць у Беларусі...

Фільм Юрыя Каліны «Сейбіт» – хутчэй зьвернуты ў чароўна-настальгічнае і незваротнае мінулае Падляшша, чым у яго будучыню. Тыя падляскія песьні, якія гучаць як суправаджэньне сумна-прыгожых кінакадраў, сёньня можна паслухаць толькі з фальклёрных кампакт-дыскаў (запісам якіх таксама займаецца нястомны Дарафей Фіёнік) або, у найлепшым выпадку, у выкананьні калектыву «Жэмэрва» (якім апекуецца сястра Дарафея Анна) ці нейкага палескага калектыву, якія час ад часу прыяжджаюць на Падляшша на фальклёрныя фэсты, арганізаваныя Дарафеем.

Аўтэнтычная песьня, якую людзі сьпявалі б на падляскай вёсцы ад душы, замоўкла ўжо як мінімум паўстагодзьдзя таму. Як, дарэчы, аўтэнтычная песьня ў кожнай іншай вёсцы, ці то польскай, ці то францускай. Немагчыма тхнуць жыцьцё нанава ў нашы паўмёртвыя вёскі, так як немагчыма вярнуцца да жніва касою і сярпом... Дый, мабыць, і ня трэба. Што падаецца ўсё яшчэ магчымым і патрэбным – дык гэта тхнуць новае жыцьцё ў падляскую мову, якая ўжо не адродзіцца да свайго папярэдняга стану ў паўмёртвых вёсках, але магла б стаць паўнапраўнай мовай беларускай культуры і беларускіх СМІ ў падляскіх гарадах...

І ў гэтым мая вялікая ды, насамрэч, адзіная прэтэнзія да рэжысэра Юрыя Каліны, які, зрабіўшы ўвесь фільм на падляскім моўным матэрыяле, так і не наважыўся азвацца ў ім з-за кадру па-падляску, каб наяўна даць усім зразумець, што варта так гаварыць ня толькі старэчам з Гусакоў і Войшкаў, якія ўжо глядзяць у вочы вечнасьці, але і нам, якія ўсё яшчэ выконваем ролю іхных заступнікаў і захавальнікаў памяці пра іх. Хаця, можа, я тут занадта нецярплівы, і хачу прыскорыць некаторыя рэчы, для якіх проста не надышоў яшчэ час і людзі яшчэ не сасьпелі. Яшчэ пяць гадоў таму ў Беластоку нікому і ў галаву не магло прыйсьці, што можна зрабіць такі фільм, як «Сейбіт», у якім дакладна ўсе будуць гаварыць выключна па-падляску. Прагрэс у наяўнасьці... Ня выключана, што праз пару гадоў гаварыць па-падляску з экрану і ў эфіры стане для беларускіх журналістаў на Падляшшы такой жа звычайнай справай, як сёньня – гаварыць па-беларуску або па-польску...

На заканчэньне вось яшчэ што. У фільме «Сейбіт» ёсьць адна геніяльная сцэна, якую варта паглядзець кожнаму, нават таму, хто на нюх не пераносіць ні падляскай, ні палескай, ні якой іншай натуральнай гаворкі. У адной палескай вёсцы – у фільме ёсьць 10-хвілінны эпізод пабыўкі Дарафея Фіёніка з кампаніяй на Палесьсі, недзе каля Кобрына – удалося знайсьці дзядка, які помніў песьні, якія сьпявалі ў ягонай маладосьці, і які некалькі зь іх насьпяваў Юрыю Каліну ў фільм. У часе, калі дзядок сьпявае, ягоная жонка распавядае ў мікрафон, якія маральныя зьдзекі з пабоямі і якую здраду яна цярпела ад свайго мужа на працягу жыцьця... Яна хацела нават засіліцца, але Бог неяк не дазволіў... Фільм на момант дае «прабоіну» са свайго фальклёрна-тэатральнага сюжэту ў сапраўдную рэальнасьць, у якой бурляць сапраўдныя страсьці, калі не любоў і праўда, дык нянавісьць і крыўда... Гэтая сцэна настолькі ашаламляльная, што глядач ад яе, як той казаў, толькі разяўляе рот...