Ужо сёньня, 14 траўня: Гадавіна «моўнага» рэфэрэндуму, 140 гадоў менскаму «хлопчыку зь лебедзем», 30 – Марку Цукербэргу

Партрэт Марка Цукербэрга

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск, у Нацыянальным прэсавым цэнтры адбудзецца відэамост (Менск – Масква – Астана – Ерэван) на тэму «Эўразійская інтэграцыя: ад мытнага саюзу да саюзу эканамічнага» з удзелам прадстаўнікоў экспэртнай супольнасьці Беларусі, Расеі, Казахстану і Армэніі. Пачатак у 10 гадзінаў.

Менск, кампанія «Гавары праўду!» запрашае на чарговы круглы стол на тэму «Пабудуйма беларускую будучыню без гістарычных «выняткаў»: ВКЛ, БНР, БССР, Рэспубліка Беларусь – супярэчлівая спадчына, але ж наша спадчына. Іншай мець ня будзем». Пачатак у 11 гадзінаў.

Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску. Гульні: Італія – Чэхія ; Нарвэгія – Славаччына, Нямеччына – Швэйцарыя, Казахстан – Расея.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1613 – мястэчка Жыровічы атрымала магдэбурскае права.

1874 – у Менску пачаў дзейнічаць першы фантан, упрыгожаны скульптурнай кампазыцыяй «Хлопчык зь лебедзем».

1917 – у Менску створанае Першае таварыства беларускай драмы і камэдыі, якое заснавалі Фларыян Ждановіч і Ігнат Буйніцкі.

1948 – Абвяшчэньне незалежнасьці дзяржавы Ізраіль.

1954 – у Гаазе дзяржавы-сябры ААН падпісалі «Канвэнцыю аб абароне культурных каштоўнасьцяў у выпадку ўзброенага канфлікту».

1955 – у Варшаве падпісалі дэклярацыю аб стварэньні Арганізацыі Вайсковай дамовы. Так званая Варшаўская дамова краінаў сацлягеру існавала да 1 ліпеня 1991 году.

1988 – пачаўся вывад савецкіх войскаў з Аўганістану.

1995 – у Беларусі прайшоў рэфэрэндум у пытаньнях дзяржаўнасьці расейскай мовы, дзяржаўных сымбаляў, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. У выніку рэфэрэндуму краіна зьмяніла дзяржаўную сымболіку часоў адноўленай незалежнасьці – герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг на падпраўленыя савецкія сымбалі.

2011 – Былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня.

У гэты дзень нарадзіліся:

1814 – Каэтан Касовіч, беларускі і расейскі навуковец-усходазнаўца, першы вучоны санскрытоляг у Расеі.

1869 – Янкель Кругер, беларускі жывапісец і пэдагог, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі.

1899 – Тодар Куніцкі, лекар, адзін з заснавальнікаў Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюзу.

1907 – Язэп Жыновіч, музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазытар і пэдагог, народны артыст БССР і СССР, прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

1984 – Марк Цукербэрг, заснавальнік і генэральны дырэктар сацыяльнай сеткі Facebook.

У гэты дзень памерлі:

1610 – Генры IV, кароль Францыі.

1873 – Міхаіл Дзьмітрыеў, дырэктар Наваградзкай гімназіі.

1939 – Павал Жаўрыд, дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня.

1998 – Фрэнк Сінатра, амэрыканскі сьпявак, актор і шоўмэн.
ЦЫТАТА ДНЯ

Прагрэс азначае, што для ўсяго трэба ўсё менш часу і ўсё больш грошай.

Фрэнк Сінатра