Хто і як скарыстае і не скарыстае чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі? Ці выйдуць хакеісты розных камандаў на лёд з бел-чырвона-белымі шалікамі, як заклікалі дзеячы мастацтва? Ці пасьпяховыя ў сеціве кампаніі ў падтрымку палітвязьняў кшталту «Таталітарны хакей»? Ці можна казаць пра відавочную перамогу ўладаў – чэмпіянат адбыўся, нязгодныя арыштаваныя, ізаляваныя альбо дэпартаваныя, тэма парушэньня правоў чалавека засталася па-за чэмпіянатам? Ці ходзяць прадстаўнікі апазыцыі на хакей? Ці ўсё зачысьцілі ўлады да чэмпіянату?
Гэта ды іншае ў новай перадачы «Бяз гальштукаў» абмяркоўваюць журналісты Свабоды Сяргей Навумчык і Франак Вячорка, які быў вымушаны часова зьехаць зь Беларусі з-за пагрозы арышту напярэдадні чэмпіянату, і былы палітвязень Павал Вінаградаў. Вядучая – Ганна Соўсь.
Фрагмэнт дыскусіі
Ганна Соўсь: Сяргей, Франак, Павал, мы ўсе з вамі ўчора не былі на Менск-Арэне, калі беларусы перамаглі швайцарцаў. Вось як пра гэта напісаў у ФБ журналіст Сяргей Плыткевіч, які там быў. «Слухаючы радаснае выцьцё трынаццацітысячнага натоўпу пасьля кожнай забітай беларусамі шайбы, успомніў пра стогны змагароў з ненавісным рэжымам, якія заклікалі да байкоту чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі. Але да чэмпіянату ў Менску зьявілася больш за сорак новых гатэлей, сучасныя спартыўныя збудаваньні, добраўпарадкаваны ўсе ўезды ў горад. У апошнія тыдні і дні людзі , якія маюць хоць нейкае дачыненьне да арганізацыі мерапрыемстваў у рамках або каля чэмпіянату, на вушах стаялі, імкнучыся зрабіць усё магчымае, каб ён прайшоў на годным узроўні. Чэмпіянат скончыцца, рэжым таксама калі-небудзь зьменіцца, а вось пабудаваная турыстычная інфраструктура ў абноўленым горадзе застанецца назаўсёды. Вось і думай тады, як ацэньваць сёньняшнія надпісы на расьцяжках над праспэктам Пераможцаў: » Гісторыя — тое, што нас аб’ядноўвае!" Якая гісторыя? Каго аб’ядноўвае? Безумоўна, хацелася б, каб наша гісторыя пачыналася з Полацкага і Вялікага княства літоўскага. Але ці гатова да гэтага грамадзтва ці кіраўніцтва? Можа быць, сапраўды спачатку трэба пабудаваць лядовыя палацы, даць народу хлеба і відовішчаў, а потым паступова дабірацца да душы і сэрца?" Павал, Франак, Сяргей, ваша рэакцыя? Вы чужыя на гэтым сьвяце? Сапраўды спачатку палацы, хлеба і відовішчаў, а потым ужо да душы і сэрца, потым да палітвязьняў?
я чужы на гэтым сьвяце жыцьця
Павал Вінаградаў: Менавіта я чужы на гэтым сьвяце жыцьця. Для мяне чэмпіянат сьвету па хакеі — гэта такі д’ябальскі шабаш, паколькі садзяць з-за яго ў турмы маіх знаёмых. У мяне праблемы з міліцыяй, магчыма мне нагляд працягнулі з-за гэтага. Хакей я не гляджу, спорт у прынцыпе асабліва не люблю. Быў вымушаны зьехаць з гораду. Гэта не зусім мінус, тут хапае і плюсаў, але тым ня менш канкрэтна мне чэмпіянат не падабаецца і не падабаецца ўсё, што вакол гэтага адбываецца. У мяне быў момант у жыцьці, калі мяне ня проста не радавалі, мяне раздражнялі перамогі беларускіх спартоўцаў падчас спаборніцтваў такога кшталту. Потым я падрос і сытуацыя зьмянілася. Я, канечне, быў рады, калі беларусы перамаглі швайцарцаў. Але для мяне гэта не сьвята.
Франак Вячорка: Для мяне таксама чэмпіянат пачаўся з грукату ў дзьверы кватэры, калі мянты ламіліся і казалі, што я хачу сарваць сьвята для народу. Увесь дзень мяне лавілі, шукалі, казалі, што трэба паразмаўляць у спарве падпалу ваенкамату. Я быў вымушаны часова зьехаць з краіны. Але зь іншага боку я разумею пазыцыю Плыткевіча і ягоных аднадумцаў у тым, што Менск зьмяніўся. Калі мы рабілі жывую трансьляцыю Свабоды з Валерам Каліноўскім, было відаць, што людзі выходзяць на вуліцу і спрабуюць завязаць міжнацыянальныя кантакты, дзяўчаты чапляюцца да фінскіх хлопцаў, латышы спрабуюць паразумецца і вывучыць беларускія словы, каб спадабацца беларускам на Кастрычніцкай плошчы. Было адчуваньне сьвята і разьзьняволенасьці грамадзтва. Пытаньне палітычнае, хто скарыстаецца — іншае. Пытаньне разьзьняволенасьці грамадзтва, якога так доўга чакае апазыцыя і народ — то чэмпіянат гэтаму спрыяе.
І што бачаць замежныя турысты ў цалкам зрусіфікаваным Менску?
Сяргей Навумчык: Вы зачыталі словы Сяргея Плыікевіча, што рэжым сыдзе, а лядовыя палацы ды гатэлі застануцца, «паглядзіце, як зьмяніўся Менск...». Ведаеце, як цудоўна зьмяніўся Бэрлін у 1936 годзе, калі там праводзілі Алімпіяду? А аўтабаны, якія былі ў Нямеччыне? Гэта мы ведаем з гісторыі. А ў ліпені 1980-га я быў на Алімпіядзе ў Маскве — абсалютна чысты горад, едзеш у мэтро, станцыя «Охотный ряд», ты адзін на эскалятары. Нікога ў горадзе няма, толькі кагэбісты вакол. Уся была «вылізаная» Масква. Толькі, праўда, у момант гэтага сьвята спорту — у Горкім сядзеў сасланы туды акадэмік Сахараў, і сядзела тысяча палітвязьняў. Ну, а што было ў Нямеччыне, калі ў Бэрліне была Алімпіяда, мы ведаем таксама. Плыткевіч кажа — «спачатку даць лядовы я палацы, хлеба і відовішчаў, а ўжо потым дабірацца да душы». Уся сыстэма Лукашэнкі пабудаваная на гэтых «відовішчах», на гэтым «хлебе». А наконт душы... Лукашэнка пасьлядоўна дваццаць гадоў зьнішчае беларусаў як нацыю. Ён зьнішчае беларускую ідэнтычнасьць. Я падкрэсьліваю: ён зьнішчае беларускую нацыю. Ён робіць нешта іншае — рускую, ці імпэрскую, ці нейкую іншую нацыю. І «беларускай душы» я тут ня бачу. Франак сказаў, што латышы вучаць беларускую мову, каб зьвярнуцца па-беларуску да прыгожых дзяўчат на Кастрычніцкай — а цікава, ці зразумеюць тыя дзяўчаты тыя беларускія словы, якія ім кажуць латышы? І што бачаць замежныя турысты ў цалкам зрусіфікаваным Менску? Вось пытаньні, якія можна задаць у адказ.
Соўсь: Хацела бы працытаваць журналіста Зьмітра Панкаўца з ФБ: «Я далёкі ад думкі, што спорт можа стаць нацыянальнай ідэяй. Але спартовыя перамогі крута развіваюць патрыятызм. Мне здаецца, што мая любоў да краіны, да мовы і да спорта выспявалі адначасова». Рэклямістка Юля Ляшкевіч, якая адмовілася ўдзельнічаць у нашай перадачы, у ФБ пералічвае такія плюсы — расейцы пабачаць, што беларусы — іншы народ, беларусы пабачаць нармальных разьзьняволеных эўрапейцаў, а не страшылак, беларусы аб’ядноўваюцца вакол перамогі зборнай...
Вячорка: Фатограф Уладзь Грыдзін таксама адзначаў, што расейцы не пачуваюць сябе ў Менску як дома, як прагназавалі. Усё роўна яны выбіваюцца з гэтага грамадзтва, не зьліваюцца, відаць, што яны чужыя.
Соўсь: Сяргей, калі да пазытыўнага погляду. Мы ведаем, байкот не прайшоў. 32 чалавекі ізаляваныя і знаходзяцца за кратамі, каб ня быць на чэмпіянаце. Многія вымушаныя былі проста з’ехаць з гораду. Чэмпіянат праходзіць і выклікае станоўчыя рэакцыі ў самых розных людзей. Ці можна сказаць, што гэта — посьпех беларускай улады?
Навумчык: Па-першае, я заўсёду супраць, каб называць цяперашні рэжым «беларускай уладай», гэта антыбеларуская ўлада, прамаскоўская. Калі казаць пра станоўчыя моманты, якія вы працытавалі — ну так, канешне, яны ёсьць. Але яны перакрываюцца мінусамі. Ведаеце, таксама былі нейкія станоўчыя моманты ў Маскоўскай Алімпіядзе-80. І ў Менску тады, між іншым, пабудавалі некалькі аб’ектаў, рэканструявалі стадыён «Дынама». Але чаму байкатавалі маскоўскую Алімпіяду? Бо пачалася савецкая агрэсія шў Аўганістане. Ужо і ў Савецкі Саюз пайшлі труны, а колькасьць ахвяраў з аўганскага боку ўвогуле вылічваецца на сотні тысяч.
Я сумняюся, што расейскія турысты ўспрымаюць беларусаў як іншы народ, таму што Менск зрабіўся цалкам русіфікаваным горадам. Па-другое, як гэта скарыстае рэжым. Ведаеце, яшчэ год таму я казаў, што чэмпіянат будзе адназначна на карысьць рэжыму. Мне казалі — не, паглядзіце, New York Times, іншыя газэты будуць пісаць пра Беларусь як пра дыктатуру. Прыедуць столькі журналістаў, столькі турыстаў, і яны пабачаць гэтыя ўсе жахі, жахі дыктатуры. Гэтага не атрымалася. Не атрымалася і бел-чырвона-белых сьцягоў на стадыёнах, проста хапаюць тых, хто б іх туды нёс. Ці той, хто іх прынёс бы, быў вымушаны часова зьехаць, як Павал Вінаградаў. А заходняя прэса, натуральна, піша пра чэмпіянат, пра перамогі, пра тое, хто колькі шайбаў забіў. І псыхалягічна гэта адмывае лукашэнкаўскі рэжым. Маўляў, тут такая ж краіна, як Чэхія, ці Баўгарыя, ці можа нават Канада. Я прывяду такую паралель. Алімпіяда ў Бэрліне, якую я прыгадваў, яна ў пэўным сэнсе адмыла імідж Гітлера на Захадзе. І ў ЗША, у Вялікай Брытаніі стварыла ў вачах шэрагу палітыкаў (ды й грамадзтва) імідж у цэлым цывілізаванага чалавека. Вось Алімпіяду правёў, нікога там ня зьеў, нікога не забілі. І Гітлер, карыстаючыся гэтым іміджам, правёў свае першыя крокі (пачынаючы з анэксіі Судэтаў) пры згодзе заходніх палітыкаў, якія яго ўспрымалі нармальным чалавекам. Таму Алімпіяда на імідж Гітлера паўплывала на той час вельмі станоўча. І гэты цяперашні чэмпіянат станоўча ўплывае на імідж Лукашэнкі ў пэўных заходніх колах, чаму я, канешне, вельмі ня рады.
Соўсь: Павал, Сяргей кажа, што не атрымалася. Бел-чырвона-белых сьцягоў ня бачна ў Менску, пратэстаў ня бачна, частка людзей ізаляваная, але ня ўсе. Як вы думаеце, чаму не атрымалася?
Вінаградаў: А чаму павінна было атрымацца? З 2011 году ўлады сталі моцна заціскаць моладзевыя структуры, якія ладзілі крэатыўныя акцыі. Калі раней можна было правесьці акцыю, і калі цябе не ўзялі непасрэдна на ёй, то ўжо можна было быць спакойным. Цяпер абсалютна няважна. Калі ты ёсьць на фота, то цябе знойдуць і пакараюць. Па-другое, ты ў прынцыпе можаш і не ўдзельнічаць у канкрэтнай акцыі. Проста можаш быць сябрам моладзевага аб’яднаньня, якое рабіла акцыю, але цябе ўсё роўна пакараюць. Таму людзі пачалі баяцца ўсё больш і больш, і таму з-за гэтага нічога не атрымалася, і адпаведна спрацавалі КДБ і міліцыя.
Соўсь: Павал, вы рабілі шмат пасьпяховых крэатыўных акцый. Кажуць, што нават плюшавы дэсант быў пад уплывам вашай акцыі з цацкамі ў цэнтры Менску. Калі б вы не былі пад прэвэнтыўным наглядам, якую б крэатыўную акцыю маглі зрабіць, каб распавесьці замежнікам пра тое, што адбываецца ў Беларусі?
Вінаградаў: Год таму я думаў пра гэта. Я думаў раздаваць турыстам кепкі, сьцяжкі, атрыбутыку з беларускімі палітвязьнямі і тлумачыць ім сытуацыю з палітвязьнямі. Пасьля матчаў у рэстаранах можна было б турыстам раздаваць нацыянальныя сьцяжкі, тлумачыць, што гэта за сьцяг. Ці выйграў ад чэмпіянату беларускі народ? Трэба было праводзіць ці не? Маё меркаваньне будзе адрозьнівацца ад меркаваньня большасьці людзей ў Беларусі. Я ўсё ж глыбока ангажаваны. Але я думаю, што абывацель бачыць адны плюсы ў правядзеньні чэмпіянату. Сапраўды, ёсьць гатэлі, дарогі, пра Беларусь пазытыўна даведаюцца. Крыўдна, што гэтым скарыстаецца Луккашэнка. Але можа гэта і да лепшага.
Соўсь: Давайце пагаворым пра чэмпіянат сьвету па хакеі ў сеціве, пра розныя кампаніі, якія мелі данесьці людзям у сьвеце, Беларусі пра сытуацыю з палітвязьнямі. Калі ўжо ў рэальным жыцьці гэта не атрымалася. Франак, як вылічыце, ці пасьпяховыя ў сеціве кампаніі ў падтрымку палітвязьняў кшталту «Таталітарны хакей»?
Вячорка: Я згодны з Паўлам. Гэты чэмпіянат праходзіць настолькі стэрыльна, што не відаць нічога акрамя посьпехаў, пабудаваных гатэляў, клясных рэстаранаў, п’яных турыстаў і вясёлай атмасфэры. Людзі знаходзяцца ў татальным каўпаку прапаганды, беларускай і расейкай. І ня дзіўна, што інтэрнэт захоплена сочыць за перамогай над швайцарцамі. І калі ты напішаш цікавы тэкст, выставіш карцінку, што вызвалілі палітвязьня Гайдукова — сто чалавек прачытае. А любая перамога ці інтэрвію з хакеістамі зьбірае дзясяткі тысячаў праглядаў. Таму што людзі, як у старажытным Рыме, ім трэба хлеба і відовішчаў. Лукашэнка гэта засвоіў і выдатна зразумеў, чэмпіянат падрыхтаваў. І цяпер мы сапраўды вымушаны лічыцца з тым, што людзі забылі, начхалі на палітвязьняў, на дробныя праблемы, і сапраўды жывуць хакеем. І тут пытаньне — ці трэба ім падыгрываць, як некаторыя палітыкі-апазыцыянэры, які нядаўна заклікалі да байкоту і зараз ходзяць з народам на матчы, ці ўсё ж трымаць маральную пасьлядоўную пазыцыю?