Акрэдытаваныя на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Менску замежныя і беларускія журналісты наракаюць на надзвычайную пільнасьць службаў аховы спартовых аб’ектаў, якія часта дублююць адны другіх, а таксама на ня самыя камфортныя ўмовы працы ў прэсавых цэнтрах.
Прадстаўнікі мас-мэдыяў заяўляюць: ахоўнікі, якія кантралююць праход на хакейныя арэны, выяўляюць надзвычайную пільнасьць, празь якую многія і журналісты, і гледачы папросту не пасьпяваюць да пачатку матчаў. Асабліва дастаецца карэспандэнтам спэцыялізаваных выданьняў, якія, каб тэрмінова перадаць матэрыял у нумар ці на сайт, кожны раз мусяць курсіраваць паміж «Менск-Арэнай» і вэлядромам, дзе абсталяваны прэс-цэнтар, і наноў праходзіць працэдуру агляду. Пра маршруты перасоўваньня расказвае спартовы карэспандэнт газэты «Комсомольская правда» в Белоруссии» Андрэй Асмалоўскі:
«Праверкі для журналістаў гэткія ж, як і для ўсіх астатніх — трэба прайсьці праз два кардоны. Першы прапускны пункт разьмешчаны перад тым, як зайсьці ў фан-зону, перад арэнай. Там аглядаюць, каб ты не пранёс з сабой нешта забароненае: выпіўку, ежу, мінэральную ваду і г.д. А потым ужо аглядаюць непасрэдна пры ўваходзе на саму арэну. То бок кожнага чалавека аглядаюць двойчы. Для журналістаў праблема яшчэ ў тым, што прэсавы цэнтар знаходзіцца на вэлядроме, і калі карэспандэнт хоча туды трапіць, то мусіць выйсьці з самой арэны, прайсьці па вуліцы і зайсьці ў іншы будынак. Унутранымі калідорамі туды ніяк ня дабярэсься. Таму атрымліваецца, што калі вяртаесься на матч, зноў неабходна прайсьці агляд па-новаму — бэйдж паказваеш, што нясеш і г.д.».
Андрэй Асмалоўскі ўдакладняе, што не карыстаецца поўным пакетам паслугаў прэсавага цэнтру, бо не працуе ў спэцыялізаваным выданьні і ня мае патрэбы быць у рэжыме онлайн. А вось калегам са спартовых газэтаў ці агенцтваў, а таксама фотакарэспандэнтам, абвешаным вялізнымі сумкамі з кампутарамі і фатаграфічнай апаратурай, кожны раз выгружаць і загружаць усё гэтае дабро досыць накладна па часе. Спартовы аглядальнік агенцтва БелаПАН Руслан Бацянкоў лічыць, што ахоўнікі, ладзячы падвойную праверку, папросту не давяраюць адны адным:
Усіх абурыла забарона здымаць трыбуну, на якой у дзень адкрыцьця сядзеў Аляксандар Лукашэнка. Паколькі гэта яўна не апошні візыт Лукашэнкі на хакей, можна прадказаць і далейшыя абмежаваньні. Зрэшты, пэўнасьці наконт асьвятленьня тэмаў, якія непасрэдна ня тычацца хакейнага чэмпіянату, няма дагэтуль. Яшчэ да пачатку першынства Міністэрства замежных спраў Беларусі паставіла замежных журналістаў перад фактам: запатрабуецца дадатковая акрэдытацыя, калі хтосьці захоча выйсьці за рамкі хакею. Але потым быў шэраг заяваў, якія фактычна супярэчылі адна адной, так што супрацоўнікі мэдыяў дагэтуль не разумеюць: ці можна ўсё ж пісаць пра жыцьцё беларусаў, ці лепш не рызыкаваць?
Найбуйнейшае ў Швэцыі інфармацыйнае агенцтва ТТ накіравала ў Менск вялікі дэсант сваіх прадстаўнікоў, бо мае задаволіць патрэбы ўсіх друкаваных мэдыяў краіны. Адказны дырэктар Ёнас Эрыксан спадзяецца, што ягоным падначаленым урэшце ўдасца падрыхтаваць больш разнастайнага матэрыялу, які ня будзе абмяжоўвацца толькі хакейным чэмпіянатам:
Затрыманьне 9 траўня ў жывым эфіры відэакаманды Радыё Свабода — пакуль найбольшы эксцэс чэмпіянату з удзелам прэсы. Дарэчы, Свабоду разам зь іншымі выданьнямі, якія працуюць у Беларусі як замежныя СМІ, Міжнародная фэдэрацыя хакею не акрэдытавала на спаборніцтвы на падставе «высокага попыту» на інфармацыю з боку спэцыялізаваных выданьняў у той жа Беларусі. Пры гэтым спартовых газэтаў у краіне ўсяго дзьве, а інтэрнэт-нішу займае толькі адзін сайт.