Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта, старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандр Турчынаў прыгразіў арганізатарам псэўдарэфэрэндуму крымінальнай адказнасьцю.
«Той фарс, які тэрарысты з сэпаратыстамі называюць рэфэрэндумам, зьяўляецца нічым іншым, як прапагандысцкім прыкрыцьцём забойстваў, выкраданьняў людзей, гвалту і іншых цяжкіх злачынстваў», — цытуе Турчынава яго прэсавая служба.
Акрамя таго, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта назваў так званае абвяшчэньне незалежнасьці Данбаса і Луганшчыны разбуральным для эканомікі гэтых рэгіёнаў, што рэальна пагражае жыцьцю і дабрабыту грамадзянаў, а рэфэрэндумы «інсьпіраваныя кіраўніцтвам Расейскай Фэдэрацыі, мэта якіх — поўная дэстабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне, зрыў прэзыдэнцкіх выбараў і зьвяржэньне ўкраінскай улады».
«Гэты прапагандысцкі фарс ня будзе мець ніякіх юрыдычных наступстваў, акрамя крымінальнай адказнасьці для яго арганізатараў», — заявіў Аляксандар Турчынаў.
Ён падкрэсьліў, што ўкраінская ўлада будзе працягваць і далей барацьбу з тэрарыстамі, дывэрсантамі і злачынцамі.
«У той жа час улада будзе весьці дыялёг з тымі на ўсходзе Ўкраіны, хто ня мае крыві на сваіх руках і гатовы адстойваць свае мэты і перакананьні законнымі сродкамі», — адзначыў Турчынаў.