Ці наведае курсы «Мова Нанова» Аляксандар Лукашэнка?

Курсы вывучэньня беларускай мовы «Мова Нанова» пашырылі сваю геаграфію. 11 траўня Магілёў стаў дзявятым горадам, дзе распачаліся моўныя заняткі.
Што было б, каб «Мову Нанова» наведаў Аляксандар Лукашэнка, якія стэрэатыпы перашкаджаюць вывучаць беларускую мову і што было б, каб рэфэрэндум 1995 году праводзіўся сёньня — на гэтыя пытаньні адказаў Свабодзе адзін з заснавальнікаў курсаў — журналіст і выкладчык Глеб Лабадзенка. Ён разам зь філёлягам Алесяй Літвіноўскай правёў першыя ўрокі курсу для магілёўскіх ахвотнікаў гаварыць па-беларуску.

На ўрок да Лабадзенкі і Літвіноўскай у грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек. Аўдыторыя для падобнага роду імпрэзаў не малая для Магілёва.

Глеб Лабадзенка, разважаючы над пытаньнем аб прыцягальнасьці курсаў, адзначыў, што яны вабяць рупліўцаў мовы «нефармальным і ня нудным выкладаньнем тэмаў, а таксама пазьбяганьнем палітыкі». Паводле Лабадзенкі, на курсы прыходзяць дужа шмат дарослых людзей, якім няёмка за сваё няведаньне мовы. І гэтая сытуацыя характэрная для многіх беларусаў, заўважае суразмоўнік:

«У многіх беларусаў ёсьць прыхаванае пачуцьцё віны за тое, што яны пакрыўдзілі беларускую мову: маўляў, яна ім родная, а яны на ёй не гавораць. І людзям варта дапамагаць вырашаць гэту псыхалягічную праблему. І нашы курсы — дужа лёгкі спосаб для гэтага», — адзначае Глеб Лабадзенка.

«Курсы, — працягвае ён, — разбураюць застаялыя стэрэатыпы, зьвязаныя зь беларускай мовай». Паводле Лабадзенкі, такіх стэрэатыпаў некалькі:

«Стэрэатып сярэдзіны дваццатага стагодзьдзя — „беларуская мова — мова калгасьнікаў“. Стэрэатып канца 20 стагодзьдзя: „беларуская мова —мова апазыцыі“. І тое, і тое шкодзіць, — тлумачыць Глеб Лабадзенка. — Ёсьць яшчэ стэрэатып няшкодны — беларуская мова — „мова пісьменьнікаў, паэтаў, філёлягаў“. Гэты стэрэатып зацыклівае людзей на тым, што калі яны праграмісты, астраномы альбо аптэкары, то ня мусяць вучыць беларускую мову».


Лабадзенка прызнаецца, што не ва ўсіх гарадах, дзе распачаліся курсы, на іх прыходзіць шмат людзей. У розных гарадах — свае прычыны. Гэта, аднак, выкладчыка курсаў не засмучае:

«Беларускую культуру ніколі не рабілі мільён чалавек і сёньня ня робяць мільён чалавек, — даводзіць суразмоўца. — Людзей, якія ствараюць беларушчыну, не настолькі шмат, каб імі раскідвацца. Каб прыйсьці да беларушчыны, трэба прыкласьці намаганьні, а чалавеку гэта неўласьціва. Яму ўласьціва выбіраць тое, што прасьцей. Вось таму на курсах мы стараемся зрабіць гэтак, каб ён амаль не прыкладаў вялікіх намаганьняў: «Ты толькі прыйдзі, — кажам мы яму, — а ўсё астатняе будзе дадзена табе і ўкладзена».

Глеб Лабадзенка вітаў бы Аляксандра Лукашэнку на курсах «Мова Нанова» і быў бы яму ўдзячны за наведваньне моўных заняткаў. «За ім прыйшло б вялікае войска чыноўнікаў», — адзначае суразмоўнік.

«Такія крокі зь ягонага боку азначалі б легітымізацыю гэтай справы на дзяржаўным узроўні. Любыя крокі да беларушчыны зь яго боку варта ўспрымаць станоўча. Калі прыход Аляксандра Лукашэнкі паспрыяе таму, што на моўныя курсы будзе прыходзіць ня трыста, а тры тысячы чалавек, — я буду дужа ўдзячны яму за гэта. Я дужа хацеў бы, каб дзяржава адкрыла свае курсы беларускай мовы і сказала: «Вось гэтыя адшчапенцы зьбіраюць трыста чалавек, а мы ў Палацы спорту сабралі тры тысячы чалавек. Нагналі туды адміністрацыйнага рэсурсу і вучым беларускую мову».

Гадавіна першага беларускага рэфэрэндуму, у выніку якога беларускую мову пазбавілі статусу адзінай дзяржаўнай, таксама была закранутая ў гутарцы з Глебам Лабадзенкам. На ягоную думку, калі б такі рэфэрэндум праводзіўся цяпер, то вынік быў бы той жа. Суразмоўца, аднак, ня схільны вінаваціць беларусаў у тым, што яны зрабілі 14 траўня 1995 году. Людзі, адзначае заснавальнік моўных курсаў, такія, якія ёсьць. Многае залежыць ад рупліўцаў беларускай мовы і культуры.


«Ва ўмовах, калі нас няшмат, кожнаму трэба працаваць напоўніцу і рабіць хто што можа. Нехта можа весьці курсы, а нехта хадзіць на іх. Нехта пісаць кніжкі, а нехта іх купляць», — тлумачыць свой погляд суразмоўца.

«Нашай мове ніколі не было лёгка. І сто гадоў, і дзьвесьце таму мова мела такое ж, а мо і горшае становішча, чым цяпер, — працягвае думку Глеб Лабадзенка. — Калі казаць у абсалюце, то ў нас вялікая праблема з мовай і культурай. Калі ж казаць у параўнаньні, то былі куды горшыя часы для яе. І ад нас сёньня залежыць, ці дацягне мова да наступных пакаленьняў. Ня ў выглядзе батлейкі, а ў выглядзе жывога сродку камунікацыі».

На першых занятках Глеб Лабадзенка ды Алеся Літвіноўская распавялі магілёўскай грамадзе пра беларускі іменьнік, як беларусы называлі сваякоў у радзіне, згадалі беларускія прыказкі ды прымаўкі. Замацавалі веды ў практыкаваньнях. Наступныя заняткі заплянавалі на 14 траўня. Іх узяўся правесьці магілёўскі настаўнік Юрась Каласоўскі.