Для разьвітаньня зь Сімановічам не знайшлося ўрачыстай залі

Разьвітаньне з паэтам Давідам Сімановічам, куды прыйшлі некалькі соцень чалавек, праходзіла ў рытуальнай залі шпітальнага моргу.
Хаця звычайна зь вядомымі ў горадзе асобамі прынята разьвітвацца ці ў акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, ці ў абласной філярмоніі.

На пахаваньні не было заўважана і чыноўнікаў высокага рангу: прысутнічаў толькі начальнік аддзела культуры галоўнай управы ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Пётр Падгурскі. Не было і кіраўніцы Віцебскай філіі прадзяржаўнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнкі, хаця віцебскія прадстаўнікі СБП зьявіліся ў колькасьці ня менш за дзясятак…

Паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч быў адзіным, хто ў сваёй прамове наважыўся закрануць пытаньне, якое шмат каму з прысутных не давала спакою: «Чаму разьвітаньне з выбітным паэтам адбываецца ў рытуальнай залі моргу, дзе цьмяна сьвецяцца дзьве лямпачкі і амаль не відаць труны, і дзе ніяк не зьмясьціліся б усе наведнікі, калі б на вуліцы было кепскае надвор'е?»

Калі труну вынесьлі з рытуальнай залі і паставілі ў маленькім дворыку са шчарбатым асфальтам, дысананс стаў яшчэ больш відавочны. Выступоўцы на грамадзкай паніхідзе гаварылі пра тое, што толькі дзякуючы Давіду Сімановічу ў Віцебск вярнулася імя Марка Шагала – што менавіта ён быў заснавальнікам Міжнародных Шагалаўскіх чытаньняў, і шмат у чым дзякуючы менавіта яму ў Віцебску зьявіўся музэй сусьветна вядомага мастака. Згадвалі пра тое, якім Давід Сімановіч быў цікавым суразмоўцам, з якім артыстызмам сапраўднага шоўмэна ён праводзіў сустрэчы з чытачамі – а ладзіліся яны паўсюль, ад раённых бібліятэк да прыдуманых ім самім вулічных «Пушкінскіх літаратурных чытаньняў» і «шагалаўскага» сьвята «У гасьцях у Марка і Бэлы»…

Шмат словаў было сказана пра тое, што Давід Сімановіч ніколі не шкадаваў сябе для іншых: дапамагаў «прасоўвацца» маладым літаратарам, нястомна прапагандаваў творчасьць Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча – нават у апошнія гады, калі гэткая дзейнасьць лічылася ўжо на мяжы экстрэмізму. Нават сваю велізарную бібліятэку, дбайна назьбіраную па кнігарнях і букіністычных крамах, незадоўга да сьмерці ён пачаў раздорваць музэям, сябрам і знаёмым. «І было такое ўражаньне, што ягоная бібліятэка раставала і зьмяншалася разам зь ягоным жыцьцём», – адзначыў у сваім выступе празаік Сяргей Рублеўскі. Ён жа распавёў, што вось-вось мусіць убачыць сьвет новы паэтычны зборнік Давіда Сімановіча зь ягонымі раньнімі вершамі, але прэзэнтацыя цяпер пройдзе ўжо без самога аўтара…

У гэта цяжка паверыць, але на цырымоніі разьвітаньня не прагучала ніводнага верша Давіда Сімановіча. Нават гэтага прарочага паэтычнага маніфэсту, напісанага ім, габрэем паводле паходжаньня, які ўсе сілы сваёй душы аддаваў беларускаму Віцебску:

Имею честь принадлежать
к тому гонимому народу,
которого в огонь и в воду
всегда пытались затолкать.
И он тонул, и он горел,
и падал, погибая в гетто...
Но выполз я на свет в то лето, –
чтоб жить! – из груды мертвых тел.
И кто-то: «Слава Богу, дышит...» –
сказал и дал глоток воды...
Картину страшную беды
Когда еще Шагал напишет?
Как отразит на полотне
трагедию и боль народа,
которому в своей стране
была запрещена свобода?..
Имею честь принадлежать
к тому великому народу!