На хвалі Свабоды: Год 2006

Менск, 25 сакавіка 2006 году

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.
2006 год у гісторыі радыё адзначыўся трагічнай падзеяй. У верасьні ў туркмэнскай турме пры нявысьветленых абставінах загінула карэспандэнтка туркмэнскай службы радыё Свабода Агульсапар Мурадава. Паводле родных, якім было перададзена цела памерлай, у яе былі раны галавы і шыі. Улады не дазволіі правесьці ўскрыцьце цела для выяўленьня прычынаў сьмерці. Мурадава адбывала шасьцігадовы тэрмін зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў незаконным захаваньні боепрыпасаў. Аднак, заходнія праваабаронцы назвалі абвінавачаньне прыдуманым, а працэс, які працягваўся некалькі хвілінаў пародыяй на суд.

***

2006 год быў гарачым інфармацыйным годам для Беларускай службы Радыё Свабода. Прэзыдэнцкія выбары, намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы, драматычныя падзеі 25 сакавіка — адзін інфармацыйны тыдзень канца сакавіка быў варты бадай што некалькіх гадоў. На пачатку 2006 году — у лютым — у беларускай інфармацыйнай прасторы ўзьніклі яшчэ дзьве незалежныя радыёстанцыі — «Эўрапейскае Радыё Для Беларусі» і адноўленае «Радыё Рацыя». Прапаную вам паслухаць фрагмэнты рэпартажаў нашых карэспандэнтаў зь месца падзеяў.

19 сакавіка. Дзень выбараў.

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 19 сакавіка



20 сакавіка

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 20 сакавіка



21 сакавіка

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 21 сакавіка

Да падзеяў сакавіка 2006-га мы вернемся крыху пазьней, а зараз пра іншыя навіны Беларускай Свабоды 2006 году. Выйшла на новы ўзровень зваротная служба з нашымі слухачамі і наведнікамі сайту. На пачатку году мы ўпершыню абвясьцілі на нашым сайце фотаконкурс, які карыстаўся вялікай папулярнасьцю — мы атрымалі тысячы фатаграфіяў, якія разьмяшчаліся на сайце і істотна палепшылі нашу інтэрнэт-статыстыку. Яшчэ адна навінка — СМС-сувязь, зьявілася магчымасьць паслаць нам навіну праз мабільную сувязь. У сваю чаргу мы рассылалі СМС-паведамленьні аб нейкіх важных падзеях або акцыяй на сайце і ў эфіры. Зьявіліся новыя перадачы — Дом Літаратара, Імёны Свабоды, цыкль эсэ «У што я веру». Зьявілася адна істотная фарматная зьмена, пра якую я раскажу крыху пазьней. А зараз я зноў запрашаю вас на плошчу Каліноўскага перажыць драматычныя хвіліны сакавіка 2006-га разам з нашымі карэспандэнтамі.

22 сакавіка

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 22 сакавіка



23 сакавіка

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 23 сакавіка



І ўрэшце настаў дзень 24 сакавіка. Вось як пачалася наша ранішняя праграма ў жывым эфіры:

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Плошча, 24 сакавіка

За прафэсійную працу карэспандэнтаў Свабоды ў Беларусі і Празе падчас прэзыдэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў у Менску у сакавіку 2006 году Беларуская служба Радыё Свабода атрымала спэцыяльны прыз Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа за найлепшае асьвятленьне гарачых навінаў. У пастанове журы адзначалася высока каардынаваная і эфэктыўная камандная праца, выкарыстаньне Інтэрнэту і радыё у якасьці асобных мэдыя плятформаў для аўдыё, відэа і тэксту кругласутачна ў рэжыме рэальнага часу, апэратыўнасьць, дакладнасьць і шырокі інфармацыйны спэктар асьвятленьня падзеяў. Праца журналістаў Свабоды падчас масавых акцый пратэстаў была сабраная ў кнізе «Плошча. 19.03-25.03. 2006». У гэтым годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла і яшчэ адна кніга — на падставе сэрыі перадачаў Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда».

***

Я ўжо згадаў, што ў 2006 годзе ў нас адбылася істотная фарматная зьмена — да таго мы мелі нашы традыцыйныя дзённа-вечаровыя праграмы, ранішнія праграмы ў жывым эфіры, і вось 2 траўня на нашых хвалях упершыню прагучала «Начная Свабода» — новы фармат, новы настрой, новыя галасы і рубрыкі.

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Першы выпуск Начной Свабоды



***
Год 2006 у сьвеце

На выбарах у палестынскі парлямэнт перамагаюць радыкалы з руху «Хамас». — Ізраільскі прэм’ер Арыель Шарон адхілены ад улады пасьля чатырох месяцаў комы. — Чарнагорыя выходзіць з супольнай дзяржавы с Сэрбіяй і абвяшчае незалежнасьць. — У выніку выкраданьня рухам Хізбала двух ізраільскіх салдатаў пачынаецца 34-дзённая Лібанская вайна. — Паўночная Карэя абвяшчае пра сваё першае ядзернае выпрабаваньне. — Новым генэральным сакратаром ААН абраны паўднёвакарэец Бан Кі Мун. — Былы чылійскі прэзыдэнт Аўгуста Піначэт зьмешчаны пад хатні арышт і празь месяц памірае. — Памірае бацька ўсіх туркмэнаў Сапармурат Ніязаў. — У Багдадзе павешаны колішні прэзыдэнт Іраку Садам Хусэйн. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымаў турэцкі пісьменьнік Архан Памук.

***
І зноў — наш архіў. Зараз мы пачуем бадай што самы драматычны рэпартаж году. 25 сакавіка. Дарэчы — яшчэ адна вяха ў гісторыі беларускай свабоды — у гэты дзень на нашым сайце ўпершыню зьявіўся жанр онлайн-рэпартажу зь месцаў падзеяў. Сама ідэя жанру ўзьнікла стыхійна — магчыма, мы нават былі першыя ў беларускай інтэрнэт прасторы, хто спрабаваў асьвятляць падзеі менавіта такім чынам — кароткія паведамленьні ў адваротным храналягічным парадку чаргаваліся з фатаздымкамі. У нейкі момант у нас узьніклі сумневы наконт колькасьці ўдзельнікаў мітынгу Дня Волі, я папрасіў майго калегу Аляксея Знаткевіча затэлефанаваць Любові Лунёвай, каб удакладніць лічбу, ён набраў яе нумар і, пачуўшы яе голас, пасьпеў пераключыць тэлефон у рэжым запісу...

Your browser doesn’t support HTML5

2006. Любоў Лунёва, 25 сакавіка



***
2006 ГОД У БЕЛАРУСІ

19 сакавіка адбываюцца прэзыдэнцкія выбары. Паводле афіцыйных дадзеных Аляксандар Лукашэнка набірае 83 працэнты галасоў выбарцаў. — Напярэдадні, падчас і пасьля выбараў затрымліваюць і арыштоўваюць каля тысячы чалавек. — Эўразьвяз і ЗША не прызнаюць вынікаў выбараў. — На чатыры дні на Кастрычніцкай плошчы ў Менску паўстае намётавы лягер. Яго гвалтоўна разганяюць, некалькі соцень чалавек арыштоўваюць. — ЗША і Эўразьвяз уводзяць візавыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі. — Эўразьвяз прапаноўвае Беларусі эканамічную дапамогу наўзамен на дэмакратызацыю.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ: