Сусьветныя дзеячы мастацтва заклікалі хакеістаў выйсьці на лёд зь бел-чырвона-белымі шалікамі

Вядомыя дзеячы тэатру і кіно зь Вялікабрытаніі, ЗША і Беларусі зьвярнуліся з адкрытых лістом да хакеістаў — удзельнікаў Чэмпіянату сьвету па хакеі, што адбываецца ў Беларусі, дзе заклікаюць падтрымаць беларусаў і выказаць салідарнасьць з тымі, хто апынуўся ў турмах падчас чэмпіянату.
21 снежня 2010 году, празь дзень пасля брутальнага здушэньня масавай акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, некалькі чалавек разгарнулі кампанію па байкоце Чэмпіянату сьвету па хакеі, які меўся адбыцца ў Беларусі ў 2014 годзе. Кампанія была падтрымана дэпутатамі эўрапейскага парлямэнту, сэнатарамі і кангрэсмэнамі ЗША, шэрагам міжнародных грамадзкіх арганізацыяў, простымі грамадзянамі ў розных краінах сьвету.

Кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею на чале з Рэнэ Фазэлем і палітыкі ад спорту не ўспрынялі аргумэнтаў удзельнікаў кампаніі аб пераносе чэмпіянату ў іншую краіну. У выніку правядзеньне прэстыжнага міжнароднага спаборніцтва абярнулася арыштамі дзясяткаў грамадзкіх актывістаў і праваабаронцаў па ўсёй Беларусі.

Сёньня людзі мастацтва, якія падтрымалі кампанію, зьвяртаюцца наўпрост да спартоўцаў з просьбай выявіць грамадзянскую пазіцыю і падтрымаць беларусаў, выказаўшы салідарнасьць з тымі, хто беспадстаўна апынуўся ў турмах падчас чэмпіянату.

Адзін з арганізатараў кампаніі, арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін тлумачыць матывы звароту:

«На жаль, кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею не прыслухалася да аргумэнтаў тых, хто выступаў за перанос чэмпіянату ў іншую краіну. Вынікам стала тое , што ў Беларусі былі арыштаваныя дзясяткі ні ў чым не вінаватых людзей, а хакей, як і нядаўняя Алімпіяда, пастаўлены на службу адмываньня іміджу двух дыктатараў — Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Гэта ўдвая сумна, паколькі адзін зь іх вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, а другі яго ў гэтым безумоўна падтрымлівае.

Кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі хакею неаднаразова адказвала на нашы звароты, выкарыстоўваючы аргумэнт „спорт знаходзіцца па-за палітыкай“. Але, на жаль, атрымалася так, як мы і папярэджвалі, — вялікі спорт стаў абслугоўваць капрызы дыктатараў, адмываючы іх імідж. У тым, што здарылася, віна ў першую чаргу чыноўнікаў ад спорту, якія, так атрымалася, узялі спартоўцаў у закладнікі.

Цяпер мы хочам спытаць у саміх спартоўцаў: ці хопіць у іх волі для таго, каб праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і салідарызавацца зь беларусамі, як гэта робяць сёння людзі мастацтва?».


Адкрыты ліст усім хакеістам, якія бяруць удзел у Чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Беларусі

Мы, дзеячы мастацтва, зьвяртаемся да спартоўцаў з просьбай прысьвяціць свой час і зьвярнуць увагу на палітычную сытуацыю ў краіне, дзе праводзіцца чэмпіянат сьвету па хакеі.

Аляксандар Лукашэнка вядомы як «Апошні дыктатар Эўропы».

Беларусы жывуць ва ўмовах рэжыму Лукашэнкі ўжо 20 гадоў, на працягу якіх яны сутыкнуліся з катаваньнямі, забойствамі, запалохваньнем і пагрозамі за тое, што выступалі супраць бесчалавечных законаў і парадкаў.

Лукашэнка арганізаваў прапагандысцкую кампанію пад лёзунгам «Вялікі хакей за Аляксандра Лукашэнку». Мы ня верым у гэта. Мы верым, што хакеісты падтрымліваюць свабоду і правы чалавека.

Калі ласка, не дазваляйце дыктатару выкарыстоўваць сябе. Далучайцеся да нас, надзяваючы бел-чырвона-белы шалік або значок пасьля гульні, каб паказаць, што вы не падтрымліваеце Апошняга дыктатара Эўропы, але стаіце на баку народа Беларусі. Гэта колеры нацыянальнага сцяга, які ў Беларусі лічыцца сымбалем супраціву.

21 снежня 2010 году, пасьля крывавага разгону мірнай дэманстрацыі, калі грамадзяне Беларусі выйшлі пратэставаць супраць фальсыфікацыі выбараў, сямёра з нас пачалі кампанію «Не гуляйце з дыктатарам». Сярод гэтых сямі быў унікальны чалавек Вацлаў Гавэл, драматург і дысыдэнт, які нарадзіўся пры камуністычнай дыктатуры і стаў пасьля прэзыдэнтам Чэхаславаччыны.

Мы просім вас паказаць беларускім людзям, што адвага і сіла, якія вы дэманструеце ў спорце, не сляпыя, і далучыцца да іх, заявіўшы аб сваім непрыманьні рэжыму, які парушае правы чалавека. Гэты просты жэст падтрымкі надасьць сілы мільёнам, як адважныя ўчынкі атлетаў у Мэксыцы ў 1968 годзе і ў Сочы ў 2014-м кранулі велізарны лік людзей па ўсім свеце.

Мы ня маем дзяржаўнай улады, але мы верым, што аб’яднаўшыся як дзеячы мастацтва і спартоўцы, мы здольныя зьмяніць сытуацыю, проста паказаўшы народу Беларусі, што мы цэнім правы чалавека і падтрымліваем іх. Мы валодаем маральным аўтарытэтам, якім дыктатары не павінны злоўжываць у сваіх мэтах.

Беларусь застыла ў часе. У людзей няма пэрспэктываў ва ўмовах дыктатуры савецкага ўзору. Нядаўняе ўварванне Расеі ў Украіну азначае, што ўвесь рэгіён стаіць перад небясьпекай вяртаньня ў суровыя часы Савецкага Саюзу.

Людзі творчасці і спартоўцы павінны загаварыць ад імя тых, каго прымусілі замаўчаць^; але ня як атлеты або артысты а як такія самыя людзі.

Вы — людзі моцнай волі і ўчынкаў. Звычайна сваю падтрымку ван выказваюць заўзятары, цяпер ваша чарга падтрымаць іх.

Надзеньце бел-чырвона-белы шалік, выходзячы на лёд. Чырвоны колер сымбалізуе мужнасьць, а белы — спачуваньне. Надзеўшы шалік, вы пакажаце заўзятарам, што вы лічыце дыктатара тым, кім ён ёсьць на самой справе, і што вы стаіце на іх баку. Надзеўшы шалік, вы надасьце ім сьмеласьць і пакажаце, што іх галасы пачутыя.

Спорт мусіць заставацца па-за палітыкай, але калі іх зьмешваюць, спартоўцы мусяць прадэманстраваць — яны разумеюць што адбываецца, яны неабыякавыя, яны падтрымліваюць сваіх заўзятараў у іх імкненні да свабоды і павагі да правоў чалавека .

Не гуляйце c дыктатарамі, падтрымайце вашых заўзятараў!

Лоры Андэрсан
Майкл Атэнбора
Джэймс Бірман
Ральф Гібсан
Х’ю Грант
Натальля Каляда
Кім Катрэл
Джоана Ламлі
Джуд Лоў
Дэйвід Лэн
Марк Райленс
Алан Рыкмэн
Эндзі Самэрс
Том Стопард
Джанэт Сузман
Эма Томпсан
Стывэн Фрай
Пол Хагіс
Мікалай Халезін
Уладзімер Шчэрбань