На хвалі Свабоды: Год 2005

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.
З закрыцьцём за апошнія некалькі гадоў бальшыні эўрапейскіх рэдакцыяў «Радыё Свабодная Эўропа», цэнтар цяжару аўдыторыі нашага радыё істотна перамясьціўся на Ўсход — у мусульманскі сьвет. Гэты зрух у гісторыі радыё быў адзначаны зьменай сымболікі. Да таго на працягу 50 гадоў афіцыйным лягатыпам радыё быў Звон Свабоды, выкананы ў сіне-чырвона-белай каляровай камбінацыі, пазычанай у амэрыканскага сьцяга. 31 сакавіка 2005-га зьявіўся новы лягатып — аранжавая Паходня Свабоды з трыма языкамі полымя. Нашымі колерамі сталі аранжавы і шэры — яны, сярод іншага, прысутнічаюць на ўсіх нашых вэб-сайтах.

Том Дайн і Джэф Трымбл

Яшчэ адна зьмена на радыё — у кастрычніку пакінуў сваю пасаду прэзыдэнт Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа Том Дайн, які адпрацаваў на сваёй пасадзе 8 гадоў. Выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта стаў Джэфры Трымбл.

***

У 2005 годзе, а дакладней — у канцы 2004-га часова — на год — пакінуў пасаду дырэктара Беларускай Службы Аляксандар Лукашук — яму выпала пакіраваць адной з самых складаных службаў нашага радыё — афганскай. Пра гэта мы яшчэ пачуем у сёньняшнім выпуску. Беларускую Службу на гэты час узначаліў Багдан Андрусішын.

2005 год быў адносна спакойным — гэта было своеасаблівае інфармацыйнае зацішша перад наступным — годам прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра найважнейшыя падзеі ў Беларусі ў 2005 годзе ў сьнежні звычайныя людзі, зь якімі нашыя карэспандэнты гаварылі на вуліцах беларускіх гарадоў.

Your browser doesn’t support HTML5

2005. Апытаньне на вуліцах (1)


У параўнаньні з папярэднімі гадамі скарацілася колькасьць частотаў радыёвяшчаньня. Цяпер беларуская Свабода гучаала толькі на дзьвюх кароткахвалёвых частотах і на адной сярэднехвалёвай. Пра новыя перадачы. З нагоды 60-годзьдзя ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў эфір выходзіла адмысловая сэрыя Экспэртызаў Свабоды. Гасьцямі на Свабодзе ў 2005-м пабывалі Анджэй Вайда, Сэмюэл Гантынгтан, Карла дэль Понтэ, Натан Шчаранскі, Лех Валэнса. Улетку гучаў адмысловы цыкль «Чэрвень з Быкавым». Праблемам радыёпрыёму і сучасным радыётэхналёгіям была прысьвечаная перадача «Настрой на Свабоду». Працягваліся ў 2005 годзе і конкурсы для нашых слухачоў — на пачатку году літаратурны конкурс «Мой герой», а ў канцы — жартаўлівы конкурс для тых, хто найбольш уважліва слухае нашыя радыёпраграмы.

***

У 2005 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшлі чарговыя тры кнігі: «Вострая Брама» Сяргея Дубаўца — кніжны варыянт папулярнага радыёпраекту, другое выданьне кнігі «Быкаў на Свабодзе», дапоўненае не вядомымі раней аўтарскімі тэкстамі, інтэрвію, лістамі, малюнкамі, фота і ўспамінамі, а таксама авантурны дакумэнтальны раман Аляксандра Лукашука «Прыгоды АРА ў Беларусі». Працягваў разьвівацца вэбсайт Свабоды. У 2005 годзе бальшыня матэрыялаў пачала суправаджацца фатаздымкамі. Сталай рубрыкай сталі онлайн-канфэрэнцыі.

***

А зараз зноў вяртаемся на пераднавагоднія вуліцы беларускіх гарадоў, дзе звычайныя грамадзяне расказваюць пра найважнейшыя, на іх думку, падзеі 2005 году:

Your browser doesn’t support HTML5

2005. Апытаньне на вуліцах (2)



***
Год 2005 у сьвеце

Паўночная Карэя абвяшчае пра наяўнасьць у яе ядзернай зброі. — Пачынае працу відэапартал YouTube. — Уступае ў дзейнасьць Кіёцкі пратакол, які адмовіліся падпісаць ЗША і Аўстралія. — Цюльпанавая рэвалюцыя ў Кіргізстане адхіляе ад улады прэзыдэнта Аскара Акаева. — На 85-м годзе жыцьця памірае папа Ян Павел Другі. Новым папам абраны немец Ёзэф Ратцынгер. — Узбэцкія ўрадавыя войскі разганяюць пратэст у Андыжане, у выніку сутыкненьняў паводле розных крыніцаў гіне ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў чалавек. — Грамадзяне Францыі і Нідэрляндаў на рэфэрэндумах выказваюцца супраць Эўрапейскай Канстытуцыі. — У выніку тэрарыстычных нападаў у лёнданскім мэтро гіне 56 чалавек. У дацкай газэце Юляндс Постэн зьяўляюцца карыкатуры на прарока Мухамада. — Прэзыдэнтам Польшчы абраны Лех Качыньскі. — У Францыі адбываюцца масавыя беспарадкі з удзелам эмігранцкай моладзі. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымвае брытанскі драматург Гаралд Пінтэр.

***

Нагадаю, што ў сёньняшняй перадачы «На хвалі Свабоды», прысьвечанай 2005 году з гісторыі нашага радыё, мы знаёмімся з ацэнкамі году, якія далі яму жыхары беларускіх гарадоў, зь якімі нашы карэспандэнты гаварылі на вуліцах:

Your browser doesn’t support HTML5

2005. Апытаньне на вуліцах (3)



****
2004 ГОД У БЕЛАРУСІ

— Недзяржаўныя газэты пазбаўляюць падпіскі і распаўсюду праз дзяржаўныя структуры
— У Крымінальны кодэкс дадаюць артыкулы «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і «Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»
— Утвараецца праўладны пісьменьніцкі саюз на чале з генэралам Мікалаем Чаргінцом. Саюз беларускіх пісьменьнікаў на чале з Алесем Пашкевічам пазбаўляюць памяшканьняў у Доме літаратара
— Аб’яднаная апазыцыя вылучае адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах
— Свае кандыдатуру выстаўляе і экс-рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Казулін
— Закрыты беларускімі ўладамі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт рэгіструецца ў Літве

***

Як я ўжо згадваў на пачатку перадачы, у 2005 годзе ад нас сыходзіў і ў канцы году вярнуўся часовы афганец, дырэктар Аляксандар Лукашук. У канцы сьнежня ён падводзіў вынікі году:

— Нашыя сталыя слухачы на працягу апошняга году маглі чуць камэнтары Аляксандра Лукашука на тэмы Афганістану — больш за год наш калега ўзначальваў «Радыё Свабодны Афганістан», але ў сьнежні, пасьля завяршэньня гэтай працы, вярнуўся ў Беларускую службу.

Аляксандар Лукашук і ягоны наступнік на пасадзе дырэктара Радыё Свабодны Афганістан Акбар Аязі, 30 лістапада 2005

«Нашых слухачоў цікавяць безумоўна перадачы па-беларуску, а не на дары ці пушту. Скажу толькі, што для мяне гэта быў надзвычай цікавы і плённы досьвед. Наша афганская служба стала самым папулярным і самым уплывовым радыё ў Афганістане, якое слухаюць каля 15 мільёнаў чалавек — ад чысьцільшчыка чаравікаў да прэзыдэнта Карзая. Але нашым слухачам, спадзяюся, было б прыемна даведацца, што аўдыторыя ў Афганістане палюбіла клясычныя беларускія рубрыкі — „Падарожжы Свабоды“, „Афганскае замежжа“, тысячы слухачоў удзельнічалі ў конкурсе „Мой герой“.

Я хачу сказаць, што бальшыня ўжо клясычных перадачаў Беларускай Свабоды будуць гучаць і ў наступным годзе — „Праскі акцэнт“ і „Экспэртыза Свабоды“, „Беларуская Атлянтыда“ і „Вострая брама“, „Вольная студыя“ і „Паштовая скрынка-111“. Нязьменнай застанецца і наша задача — поўна, своечасова і аб’ектыўна інфармаваць пра падзеі ў Беларусі і сьвеце».

— Перад тым, як гаварыць пра новыя перадачы 2006 году — пытаньне, якое цікавіць і трывожыць многіх слухачоў: як паўплываюць папраўкі ў крымінальны кодэкс, якія абмяжоўваюць свабоду слова ў Беларусі, на працу радыё?

«На жаль, і нашыя слухачы пра гэта ведаюць, наша праца ўжо абмежаваная ў самым галоўным: Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе Радыё Свабода ня мае рэтрансьляцыі. Наш эфір абмежаваны кароткімі і сярэднімі хвалямі, слухачам даводзіцца літаральна лавіць — часта зь цяжкасьцямі — наш сыгнал у эфіры. Што да адказнасьці за „заведама ілжывыя зьвесткі“, дык тут праблемы я ня бачу. Нашая задача якраз палягае ў тым, каб даваць дакладную ўсебаковую інфармацыю пра падзеі. Іншая справа — ці падабаецца яна каму-небудзь ці не.

Што тычыцца заклікаў, якія могуць пашкодзіць Беларусі — гэта не юрыдычная, а палітычная фармулёўка. За сталінскім часам з падобнай фармулёўкай расстрэльвалі, за брэжнеўскім — саджалі, падчас гарбачоўскай перабудовы і пасьля з такімі заклікамі станавіліся палітычнымі лідэрамі і нават прэзыдэнтамі. Розныя ацэнкі і меркаваньні — гэта проста прафэсійная норма дэмакратычнай журналістыкі, і яе немагчыма адмяніць заканадаўча».

— Але вернемся да пытаньня: што новага зьявіцца на хвалях Свабоды ў 2006 годзе?

«Назаву толькі адзін праект — „Імёны Свабоды“. Мы хочам стварыць радыёпантэон, згадаць людзей, якія сваім жыцьцём, учынкам паспрыялі свабодзе і незалежнасьці Беларусі. Кожную раніцу ад панядзелка да пятніцы ў адноўленай ранішняй праграме будзе гучаць міні-эсэ пра чалавека, чый лёс зьвязаны з гэтым днём, а ўвечары прагучаць спэцыяльныя перадачы. У студзені, напрыклад, гэта будуць партрэты Ігара Герменчука, дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, рэдактара газэты „Свабода“, якому 1 студзеня споўнілася б 45 гадоў. Будзе перадача да 80-годзьдзя Янкі Філістовііча, нацыяналіста, закінутага ў Беларусь на парашуце і расстралянага тут. Прагучыць імя Ўладзіслава Чарняўскага, ксяндза зь мястэчка Вішнева, які ўсё жыцьцё правіў службу па-беларуску. Узгадаем краязнаўцу і дасьледніка Генадзя Каханоўскага».

— А хто будзе падбіраць імёны для новай перадачы?

«Аўтар — пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў. І гэта, спадзяюся, будзе вельмі дэмакратычная перадача, імёны будуць ахопліваць сузор’е асобаў — ад паўстанцаў Каліноўскага да актывістаў беларускай вулічнай дэмакратыі — Уладзімера Кармілкіна і рабочай Менскага трактарнага заводу Веры Церлюкевіч. Мы запрашаем слухачоў таксама прысылаць свае прапановы. Будзе і шмат іншых зьменаў — сачыце за абвесткамі ў эфіры, заходзьце на інтэрнэт-старонку svaboda.org. Звычайна на разьвітаньне мы зьвярталіся да слухачоў са зваротам „Заставайцеся са Свабодай!“ Я хачу дадаць: ня толькі заставайцеся са Свабодай, але далучыце да Свабоды сябра, суседа, калегу. Мы зробім усё, каб вы не пашкадавалі пра сваю рэкамэндацыю».

У апошні дзень 2005 году прагучаў апошні ў гэтым годзе выпуск перадачы Прыватны дзёньнік. Сваімі дзёньнікавымі развагамі дзяліўся Зянон Пазьняк.

Your browser doesn’t support HTML5

2005. Прыватны дзёньнік. Зянон Пазьняк

СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ: