На Гарадзеншчыне актывісты кампаніі «За малы памежны рух» дамагаюцца ад улады адказу на пытаньне: калі ўрэшце будзе ратыфікавана пагадненьне з Польшчай і Літвой аб бязьвізавых паездках для жыхароў памежных рэгіёнаў?
Варшава і Вільня даўно гатовы спрасьціць перасячэньне мяжы для беларусаў. А вось Менск ужо некалькі гадоў марудзіць з прыняцьцем рашэньня.
Актывісты кампаніі «За малы памежны рух» на Гарадзеншчыне сабралі звыш 500 подпісаў пад зваротам да новаабранага дэпутацкага корпусу аблсавету з патрабаваньнем арганізаваць сустрэчу з падпісантамі ліста і абмеркаваць пытаньне наконт бязьвізавага руху для жыхароў памежных тэрыторыяў.
Яны таксама прапанавалі дэпутатам хадайнічаць перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй і Міністэрствам замежных спраў Беларусі, каб польскаму і літоўскаму ўрадам перадалі ноты аб гатоўнасьці беларускага боку да ўвядзеньня ў дзеяньне Дамовы аб малым памежным руху.
Актывіст кампаніі «За малы памежны рух» Зьміцер Кухлей кажа, што ў сваім лісьце спасылаліся на канкрэтны артыкул Закону аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні, паводле якога Савет удзельнічае ў абмеркаваньні пытаньняў рэспубліканскага значэньня, якія закранаюць інтарэсы адпаведнай тэрыторыі, уносіць па іх свае прапановы ў адпаведныя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі.
Кухлей: «На жаль, у сваім адказе яны ўхіліліся ад тлумачэньня ўласнай пазыцыі, а скіравалі нас з гэтым пытаньнем у МЗС Беларусі, каб там нам патлумачылі пазыцыю ўлады».
Яшчэ адзін актывіст кампаніі Мікола Баўсюк кажа, што бліжэйшым часам яны маюць намер працягнуць збор подпісаў, каб накіраваць іх у МЗС Беларусі. Паводле яго, подпісы пад падобным зваротам зьбіраюць і ў Берасьцейскай вобласьці. Праўда, Баўсюк дадае, што апошнім часам зьбіраць подпісы робіцца ўсё больш складана.
Баўсюк: «Калі яшчэ зьбіралі подпісы па горадзе, то людзі неяк з большым разуменьнем ставяцца да гэтага і ставяць подпісы. У сельскай мясцовасьці папросту баяцца падпісвацца — з тае прычыны, што подпісы будуць накіраваныя ў дзяржаўныя органы ўлады».
Зьміцер Кухлей, як і ягоныя аднадумцы, лічыць, што пазыцыя беларускіх уладаў у гэтым сэнсе не супадае з жаданьнем большасьці жыхароў памежных тэрыторыяў. Пытаньня аб малым памежным руху ніхто насамрэч глыбока не вывучаў, і тое, што яно не вырашаецца — гэта, на погляд спадара Кухлея, памылка. Як кажа Кухлей, яны ставяць за мэту данесьці да ўладаў, што малы памежны рух можа быць карысны для бюджэту Беларусі.
Кухлей: «Беларускія ўлады мысьляць занадта просталінейна — маўляў, беларусы езьдзяць за мяжу і пакідаюць там валюту, а ў нашай краіны адмоўнае гандлёвае сальда. І вось за кошт забароны такіх паездак яны думаюць зьменшыць прарэху ў гандлёвым сальда. Але, зь іншага боку, больш складаны мэханізм дазволіць, наадварот, павялічыць колькасьць грошай, якія б пакідалі тут замежнікі, дзякуючы памежнаму руху».
Актывісты кампаніі сустрэліся з генэральным консулам Польшчы ў Горадні і маюць дамову аб правядзеньні па гэтым пытаньні «Круглага стала», які мае адбыцца 21 траўня.