Анатоль Кудравец нарадзіўся 1 студзеня 1936 году ў вёсцы Аколіца Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Скончыў Слуцкую пэдагагічную вучэльню і кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёну. Пасьля службы ў войску вучыўся на аддзяленьні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў у рэдакцыях розных выданьняў. Прыгадвае ягоная былая калега, літаратуразнаўца Альбіна Сямёнава.
Альбіна Сямёнава
«Двойчы давялося працаваць зь ім у адной установе: у выдавецтве „Мастацкая літаратура“ і ў часопісе „Нёман“ у пару, я б сказала, квітнеючага адраджэньня. Ён як галоўны рэдактар выкарыстаў гэты час напоўніцу. Нацыянальная ідэя, але ня ў вузкім такім сэктанцкім сэнсе, а ў шырокім паўнавартасным сусьветным кантэксьце, эстэтычным і сьветапоглядным. Менавіта дзякуючы яму як галоўнаму рэдактару можна было спраўдзіць існаваньне такіх разьдзелаў, вельмі важных ня толькі для гэтага часопіса, а для ўсёй беларускай культуры — гэта „Гісторыя. Культура. Нацыя“, гэта „Куды ня трапяць беларусы“ — пра беларускае замежжа, пра якое, па сутнасьці, у нас да гэтага амаль што нічога ня ведалі і якое было забароненым. Упершыню былі вернутыя такія важныя імёны, як Цьвікевіч, Ластоўскі, Лёсік, і творы гэтых аўтараў. Упершыню было надрукавана менавіта ў „Нёмане“ „Гэтым пераможаш“ Уладзімера Самойлы... Час будзе праходзіць, але памяць, безумоўна, у нас будзе заставацца пра чалавека, які так многа зрабіў для беларускай культуры, для беларускай літаратуры, для нашай Радзімы».
«Раданіца», «Дзень перад сьвятам», «Зімы і вёсны», «На балоце скрыпелі драчы», «За чужымі далямі», «Сачыненьне на вольную тэму», «Блакітны вярблюд», «Сьмерць нацыяналіста» ды іншыя творы Анатоля Кудраўца паказалі сапраўдны беларускі характар. І ў гэтым, кажа паэт і грамадзкі дзеяч
Анатоль Вярцінскі, галоўная заслуга пісьменьніка.
Анатоль Вярцінскі
«Ён сярод нашага брата пісьменьніцкага вызначаўся тым, што надаваў значэньне ня столькі сваёй асобе, колькі непасрэдна сваёй справе. Ён быў пісьменьнік, які любіў ня столькі сябе ў літаратуры, колькі любіў у літаратуры, у сваіх кнігах, у творчасьці сваёй свайго галоўнага героя. А галоўны герой яго — крэўны, карэнны беларус. Ён шмат зрабіў для таго, каб вывесьці менавіта нацыянальны характар. Ён ня проста паказваў працаўніка, ня проста паказваў героя ў тых альбо іншых учынках, а выдзяляў выток яго характару, яго мэнтальнасьці, лёсу гэтага самага беларуса».
Анатоль Кудравец шмат часу аддаў на супольныя незалежніцкія літаратурныя праекты, у якіх адзначаўся надзейнасьцю і адказнасьцю. Працягвае паэт і блізкі сябра
Сяргей Законьнікаў.
Сяргей Законьнікаў
«Ён быў вельмі харошым таварышам. Ён быў чалавек добры душою, вельмі спакойны, у сытуацыях нават крытычных ён заўсёды меў галаву на плячах, ён заўсёды мог аналізаваць і прымаць правільнае рашэньне. Нам было вельмі добра сябраваць зь ім. Мне вельмі шкада, што адыходзяць такія выдатныя цудоўныя людзі, людзі з добрым сэрцам, людзі зь вялікім талентам».
Разьвітаньне з Анатолем Кудраўцом адбудзецца 11 траўня з 12 да 14 гадзіны ў рытуальнай залі 1 па вуліцы Альшэўскага, 12 у Менску. Пахаваюць Анатоля Кудраўца на могілках у Калодзішчах.