Бунт маленькіх чалавечкаў або людзі-трава

Прыпавесьць, расказаная аўтару самім яе героем.
Жыў-быў чалавек. І ўсё ў яго было добра. Ня ў сэнсе шчасьця або багацьця, але ў сэнсе сьветапогляду, разуменьня сябе, краіны, сьвету і людзей. Цешыўся чалавек, што ясна і зразумела ўсё вакол яго, усе цаглінкі ляжаць на сваіх месцах. Ну і трохі з гэтай прычыны ганарыўся сабой, бо наўкола былі людзі, якія ня ўсё так ясна і добра разумелі, як ён.

Аж аднаго дня пачаў ён сумнявацца, што ўсё вакол разумее правільна. Сталася гэта тады, калі суседняя краіна Р напала на суседнюю краіну У. Ну ня так каб зусім адкрыта напала, але неяк спакваля, нібыта нерашуча, але разам з тым настойліва, і пад грукат хлусьні і прапаганды адняла ў суседкі вялікі і прыгожы кавалак зямлі. Самае дзіўнае для чалавека было тое, што краіна У як бы і не супраціўлялася. На словах яна супраціўлялася, рабіла заявы і нават пагражала, але на справе — не рабіла нічога.

Нейкія сумненьні пачалі варушыцца ў душы чалавека, але яшчэ не ўсьвядомленыя. Не зусім дабіраў ён ладу, як гэта можна саступіць кавалак сваёй зямлі і ні разу ня стрэліць. Ну але адабраны шмат краіны У быў хоць і ласы, але не такі вялікі. Чалавек думаў, што краіна У наўмысьля абрала такія нерашучыя паводзіны, каб не справакаваць краіну Р на адкрытую вайну, каб вылузнуць з-пад яе ўплыву і ўцячы назаўсёды да сябрыны краёў, што згуртаваліся за заходняй мяжой. Тым больш што і сама краіна У пагрозьліва папярэджвала суседку, што калі той заманецца яшчэ нешта адхапіць у яе, то ўжо тады вайна немінучая.

Краіна Р аднак жа і ня думала спыняцца. Пайшла яна прыхавана і спакваля на іншыя кавалкі краіны У. Забіраць не забірала, але памалу пастрэльвала і людзей патроху парэзвала. Захапіла адзін горад, другі, трэці... дзясяты. Усюды вывешвала свае сьцягі, настаўляла сваю тэлевізію і ў вялікай колькасьці завозіла ў захопленыя гарады свае паласатыя стужачкі. Чалавек зь дня на дзень чакаў адпору, стрэлаў, захопу засланцаў краіны Р. Але краіна У і на гэты раз не адказала сілай на сілу. Яе палітыкі зноў сталі рабіць рашучыя і пагрозьлівыя заявы, езьдзіць па сьвеце і агітаваць за сябе іншыя краіны, яе сьледчыя сталі заводзіць сотні новых справаў за хваляваньні, сэпаратызм, захоп будынкаў, забойствы і выкраданьні. Не было толькі таго, што звычайна бывае ў выпадку такіх сутыкненьняў — не было стрэлаў. А нейкія кволыя і нерашучыя спробы краіны У ўдаць рашучыя дзеяньні нязьменна заканчваліся ганебнымі ўцёкамі, паразай або палонам яе вайскоўцаў.

Чалавек пачаў траіць упэўненасьць у сваёй карціне сьвету. Ён стаў яшчэ больш уважліва прыглядацца да стужак навінаў, яшчэ больш часу праседжваў ля экрана тэлевізара, бясконца пераключаючы каналы краіны У, каб дабраць усё ж ладу, што адбываецца і чаму. І чаму менавіта так, а не іначай. Адказу не было. Тады ён стаў пытацца ў знаёмцаў з краіны У, прасіў патлумачыць, чаму іх вайскоўцы не страляюць у вайскоўцаў краіны Р, дарма што тыя як захопнікі прыйшлі на іх тэрыторыю. Але цямнага адказу не было і тут. Калегі паціскалі плячыма і — хто больш упэўнена, а хто менш — казалі пра заклікі сяброў з Захаду ўстрымацца ад гвалту, пра вычэкваньне часу да выбараў, маўляў прыйдзе новы прэзыдэнт, то ўжо ён дасьць захопнікам з усходу належнага адлупу; хтосьці казаў пра слабасьць войска, раскраданьне дзяржаўнага скарбу, карупцыю...

Але чалавека гэта не пераконвала, нешта тут было іншае, глыбокае і схаванае. Страціў ён сон і супакой, страціў упэўненасьць у сабе. А тут яшчэ і яго ўласная краіна С пачала падкідваць сушнячку ў цяпельца сумневаў і згрызотаў. Чалавек дзень пры дні на замежных радыёхвалях слухаў апытаньні людзей з розных гарадоў сваёй краіны. І настрой ягоны горшаў. Суайчыньнікі казалі, што краіна Р забрала тое, што ёй належыць, што ў сталіцы краіны У да ўлады прыйшлі бандыты, што кіраўніцтва краіны Р усё правільна робіць, што захад са сваімі санкцыямі хай нават ня соўваецца, што ў нас, у краіне С такога ня будзе, бо ў нас бацька і парадак і ўсё такое іншае.

І пачаў тады чалавек думаць пра людзей і краіны ў ягонай частцы сьвету. І стаў рабіць страшныя высновы.
Да прыкладу, зразумеў ён, што ў ягонай краіне і ў суседніх нічога не закончылася і нічога новага не пачалося, усё толькі працягваецца. А пад краінай Р у ягонай сьветабудове лічылася краіна Русія, пад краінай У — Ускраіна, якую яшчэ называюць МалаРусіяй, а пад яго ўласнай краінай С — СьветлаРусія.


Пачаў наш чалавек адкрываць сабе вочы на свой народ і сваю краіну, як і на суседнія. Стаў ён думаць, што народ ягоны жыве як трава — дзьме вецер, трава калышацца, куды дзьме — туды хіліцца. Пакосяць яе — адрасьце зноў. Шмат косяць — менш зь зямлі вытыркаецца, баіцца новых пакосаў. А некалі ж тая трава буяла, не раўнуючы раскашавала, каліва да каліва былі стромкія, стойкія ды высокія. Але пакосаў было аж зашмат, як нідзе. І з часамі штораз болей каліваў заставаліся пры зямлі, усё менш іх імкнулася да сонейка і блакітнага небачка. А тыя, што вытыркаліся, мусілі прыгінацца, каб не патрапіць пад касу суседзкую.

Але бяда адна ня ходзіць. Суседзі з усходу і захаду пакосамі не здаволіліся. Пачалі хвалямі завозіць сваё насеньне, каб перабіваць траву сьветларусіянскую. І не бяз посьпеху. А яшчэ пачалі заліваць траву чалавечую сваёй ідэйнай вадзіцаю, каб калівы болей да іх хіліліся. І таксама ім тое пашчасьціла. Шмат каліваў сталі адмаўляцца ад сваёй зямлі-краіны і зракацца свайго назову.

І сталася так, што людзей-травы ў краіне сьветларусіянскай стала расьці-нараджацца трох кшталтаў. Былі людцы маленькія, людцы сярэднія і людцы высокія. Высокіх стала радзіцца зусім мала, троху больш было сярэдніх, але болей за ўсё раджалася людзей маленькіх, не раўнуючы нізкіх каліваў, што і выжылі адно дзякуючы таму, што не захацелі расьці і вытыркацца. А пакосы ўсё доўжыліся, ідэйная вадзіца суседзкая ўсё лілася на галовы маленькіх, адрываючы іх ад карэньня апошняга.

І тут здарылася свабода — разваліўся Зьвяз Рэспублік, у які разам зь іншымі ўваходзіла СьветлаРусія. І сталі правадыры ўдаваць свабоду і выбары наладжваць. А каго болей за ўсё ў краіне? Вядома, маленькіх людзей — нізкага каліва. І каго ж яны абраць могуць? Толькі такога, як самі. І абралі. І ня толькі ў СьветлаРусіі, але і ў Русіі, і на Ўскраіне. І слухаюць іх песьні-байкі, і цешацца, і любяць таго, каго правадыры любяць, і ненавідзяць таго, каго правадыры ненавідзяць.

А калівам-людзям высокім няма куды падзецца. Большасьць ідзе ў пісьменьнікі ці ў журналісты. Сярэднія калівы затаіліся, прыгнуўшыся. Ці мала тых і тых паехала куды далей, за мяжу, за акіян. Маленькія толькі жывуць і цешацца, і памнажаюцца. Але ня толькі. Яны яшчэ і ў эліту зьнясіленай пакосамі краіны актыўна прабіваюцца, пасьля сядзяць там, творы ствараюць і ўдаюць калівы высокія. Сядзяць і ва ўрадзе.

І так ня толькі ў СьветлаРусіі, але і ва Ўскраіне, і ў Русіі, якую яшчэ БольшайРусіяй завуць. Усюды маленькія калівы-людцы дамінуюць і манеру свайго жыцьця іншым навязваюць.


Думаў так наш чалавек і бедаваў. Ды ня ўсё яшчэ гэта было. У сваіх пабудовах думкі недахоп чагосьці істотнага стаў яму вычувацца ды бачыцца. Яшчэ нешта больш глыбокае і схаванае стала мроіцца яму ў навакольных людцах-калівах. Ці то гены тут знайшліся агульныя, ці то хвароба спадчынная, ці то пошасьць ідэйная пакасіла людзей-траву кшталту нізкага?

Стаў здагадвацца чалавек, што краіна У не змагла адказаць на навалу краіны Р праз сваю бяду, і што бяда тая — як і ў СьветлаРусіі. Там таксама і пакосы былі, і насеньне завозілі, і вадзіцай ідэйнаю абалонь залівалася. Зразумеў чалавек таксама, што вадзіца, якую лілі апошнія гадоў 300 з усходу — ня толькі з ідэйкамі была, але й зь вірусам, які Русіянская Правільнасьць Царкоўная распаўсюджвае. РПЦ называецца. Вірус той невылечную мутацыю пад назвай «русіянства» выклікае і дзейнічае на ўсе без разбору калівы — і малыя, і сярэднія, і вялікія. І хвароба тая ўжо далёка зайшла. Адно высокія на Ўскраіне супраціўляюцца і троху сярэдніх у сталіцы і на захад ад яе, дзе пакосаў і залівак было ня так шмат. Астатнія сярэднія затаіліся, а маленькія на ўсходзе да сваіх усходніх братоў-пацыентаў цягнуцца. І зразумеў ён, што дацягнуцца.

Зразумеў таксама, што ва ўсіх трох краінах бунт адбываецца — бунт маленькіх людзей, паўстаньне нізкага каліва. І бунт гэты з той хваробай наўпрост завязаны. Хвароба дзіўная, выклікае нецярпімасьць і нянавісьць да іншага, а таксама патрэбу хлусіць і хлусьні верыць. Вось чаму правадыры краіны Р хлусяць, здагадаўся ён. І вось чаму яны на ўсходзе Ўскраіны свае антэны тэлевізійныя ўсталёўваюць — каб хлусіць ня толькі сваім калівам, але і тым, каго хочуць да сябе забраць. Нізкія калівы ўскраінныя спрэс усяму, што з тых антэнаў гавораць, вераць.

Зразумеў чалавек, што ягоная краіна С чыста ўся, як усход Ўскраіны. І што каб прыйшла сюды вялікая Р са сваімі танкамі ды балалайкамі, дык ці ня ўся трава СьветлаРусіі затрымцела б радасна. Некалькі сотняў (ці тысяч) высокіх каліваў і які мільён-два сярэдніх увагнуліся б, папрысядалі б дый скарыліся.


І заплакаў тады наш чалавек, бо зразумеў, што пошасьць гэтая а) невылечная, б) што стрымаць яе ніхто ня можа. Невылечная яна таму, падумаў ён, што вунь, у іншай суседцы — краіне Паляніі, ля гораду Белы Стак таксама расьце троху сьветларусіянскіх каліваў. Там нібы лацьвей заўсёды жылося, менш пакосаў і менш залівак з усходу было. Але і там шмат добрых каліваў праз русіянскую правільнасьць царкоўную сталі іхнымі, ды такімі зацятымі, што самі ў пятлю русіянскую лезуць і галовы сваіх пабрацімаў з астатняй СьветлаРусіі туды ж пхнуць.

А стрымаць тую навалу, што хваробу нясе, магла б сябрына краін за заходняй мяжой. Ды ня хоча. Бо сядзіць на градах шчодра ўгноеных, плёну шмат мае, ураджаі вялікія зьбірае і баіцца лішні раз паварушыцца дзеля некага. Угнаеньні ёй завозяць з Русіі, якая сама настолькі гаспадарыць ня ўмее, што ўгнаеньні тыя сама сабе на карысьць пусьціць ня можа — адно прадае. Калівы-людзі там здрабнелі зусім празь лютыя пакосы стагодзьдзямі, праз ваду РПЦ і праз гарэлку белую, якая русіянскаму ўраду траціну даходу ў дзяржаўны скарб прыносіла ўжо ў XVII стагодзьдзі. А заходняму хаўрусу гэта добра, што калівы русіянскія толькі п’юць і ўгнаеньнямі гандлююць. Разьеўся ён настолькі, што пра будучыню зусім ня думае, толькі пра цяпершчыну, маўляў, хай сабе на лесьвіцы нехта лямантуе: «Ратуйце», а я лепш каля тэлевізара паляжу, можа які іншы сусед выйдзе. А ня выйдзе — значыць некаму не пашанцавала... У выніку Р забрала кавалкамі ўсю суседнюю МалаРусію.

Зразумеў чалавек, што калі Ўскраіну аддалі вялікай Р, пагатоў аддадуць і ягоную С без шкадобы і ваганьняў.

Неўзабаве так і сталася. Прыйшлі ў СьветлаРусію танкі, прыйшлі і балалайкі. Сядзеў у акупацыі наш чалавек і думаў, што лідэры яго былой краіны, як і лідэры суседніх русіянскіх дзяржаваў, зразумелі гэтую найвялікшую (толькі для высокіх каліваў) таямніцу — маленькае маленькага і патрабуе, а тое, што пры зямлі, да зямлі і хінецца. І ня трэба ім вышыняў завоблачных. Салодкія словы — гэта тыя, што хочуць чуць, а ня тыя, што хочацца вымаўляць...


Задумаўся тады наш чалавек, горка плачучы, што ж рабіць яму ў навале гэтай? Думаў, думаў, плакаў, плакаў — няма выбару. Прыгнуўся тады ён, прысеў наўсколенцы і пайшоў на ўсход, насустрач нізкім братам-калівам. Балюча было на згібнутых нагах ісьці, моцна хацелася выпрастацца, але неяк даў ён рады і да сталіцы ўсходняй, да Маствы даклыпаў. Думаў прарасьце ён на глебе той, стане русіянінам, навучыцца радавацца іхным радасьцям і душой шырокаю разам зь імі нудзіцца. Яму, сьветларусу, і раней часам здавалася, што хвароба «русіянства» зусім і не хвароба, што сапраўды ёсьць нейкае генэтычнае адзінства травы-каліваў у трох суседніх краінах, якое з самой глыбіні стагодзьдзяў ідзе. Але трапіўшы ў Русію Большую, зразумеў ён, што ў сталіцы іхняе расьце трава жорсткая, пераважна асот, чартапалох і бадыльле ўсякае. Не раслося яму там і ня жылася. І ў правінцыю русіянскую падавацца не хацелася, бо там спрэс малое каліва, а ён, нават прыгнуўшыся, калівам ня менш за сярэдняе выглядаў. Ня латва яму было доле падаць, у правінцыю плыткую, да маленькіх каліваў.

Тады ён уцёк і адтуль. На захад. Ці на ўсход. Залежыць як глядзець. Там таксама яму жылося ня надта, але прынамсі не было вакол шмат русіянскай прапаганды, русіянскай правільнасьці царкоўнай і русіянскіх нізкіх каліваў. Там, на захадзе-ўсходзе, мы зь ім і сустрэліся. Пасядзелі дзень-другі за півам ды каваю, так памалу і распавёў ён мне гісторыю сваіх пакутаў, падарожжаў, перажываньняў і сваіх адкрыцьцяў-высноваў пра народ і траву родныя.

Падзівіўся я шчыраваньням ягоным, ды яшчэ таму, як гісторыя краін у ягонай частцы сьвету падобная да тых, дзе жыву я.

І галоўнаю ў тых высновах для мяне, беларуса, была гэтая: нідзе ніколі нічога не заканчваецца і нічога не пачынаецца. Усё толькі працягваецца.