Ужо сёньня, 7 траўня: 15 гадоў зьнікненьня Захаранкі

Юры Захаранка на шэсьці Дня Волі 1997 (другі справа)

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Вашынгтон. Кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан заканчвае афіцыйны візыт у ЗША.

Тбілісі. Міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Ўільям Хэйг прыбывае зь візытам у Грузію.

Менск. У «Менск-Арэне» адбудзецца выязная прэс-канфэрэнцыя «Аб пачатку правядзеньня ў Рэспубліцы Беларусь Чэмпіянату сьвету па хакеі з шайбай 2014». Пачатак а 10.00.

Менск. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАНБ пройдзе літаратурна-музычная вечарына «Дарогамі вайны» і адкрыцьцё выстаў «Беларусь партызанская» і «Новыя кнігі пра вайну». Пачатак а 15.00.

Менск. Пры падтрымцы пасольства Францыі ў Беларусі ў кінатэатры «Ракета» адкрываецца рэтраспэктыва аднаго з найбуйнейшых сучасных рэжысэраў Францыі Аліўе Асаяса (7 траўня – 15 чэрвеня). У сераду, 7 траўня, фільм «Халодная вада». Пачатак а 19.00.
ЁСЬЦЬ НАГОДА

7 траўня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі. Дата, на якую прыпадае Дзень радыё, пазычаная з расейскай гісторыі. Менавіта 7 траўня 1895 году пецярбурскі прафэсар Аляксандар Папоў прадэманстраваў камісіі сваю вынаходку – «грозоотметчик». Гэта была адмысловая антэна, што фіксавала электра-магнітныя хваляваньні атмасфэры.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1583 – завершаная перабудова Нясьвіскага замку.

1794 – Тадэвуш Касьцюшка выдаў Паланэцкі ўнівэрсал.

1833 – нарадзіўся Яганэс Брамс, нямецкі кампазытар і піяніст.

1840 – нарадзіўся Пётар Чайкоўскі, расейскі кампазытар

1868 – прыйшоў на сьвет Раман Скірмунт, старшыня ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

1920 – Войска польскае захапіла Кіеў.

1942 – у Аляксандраўскім сквэры Менску немцы павесілі 28 чалавек — удзельнікаў менскага падпольля. Сярод іх быў Ісай Казінец, кіраўнік гарадзкога патрыятычнага падпольля.

1966 – памёр Станіслаў Ежы Лец, польскі пісьменьнік, аўтар афарызмаў.

1999 – быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.

2009 – у Празе адбыўся саміт краін-удзельніц праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства», з удзелам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

2009 – памёр Алесь Пікула, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч з Баранавічаў.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Для старога Ракфэлера выдавалі спэцыяльную газэту, запоўненую прыдуманымі навінамі. Некаторыя краіны ў стане выдаваць такія газэты ня толькі для мільярдэраў, але і для ўсяго насельніцтва.

Станіслаў Ежы Лец