«Эўрабачаньне»: песьні забываюцца, скандалы запамінаюцца

«Бурановские бабушки», якія прадстаўлялі Расею на «Эўрабачаньні» 2012 году, здаваліся свежым струменем конкурсу. Яны выйшлі на сцэну ва ўдмурцкіх нацыянальных касьцюмах і сьпявалі на роднай мове. А сёлета «Бурановские бабушки» апынуліся сярод расейскіх дзеячаў культуры, якія падпісаліся пад лістом у падтрымку палітыкі Крамля ў Крыме.

Aram Mp3, які прадстаўляў у конкурсе 2014 года Армэнію, раззлаваў аматараў «Эўрабачаньня», калі выступіў з абразьлівымі камэнтарамі на адрас прадстаўніка Аўстрыі, барадача ў жаночым вобразе са сцэнічным імем Канчыта Вурст (на фота). Пазьней Арам публічна папрасіў прабачэньня ў тэлевізійным эфіры.

Прадстаўнік Азэрбайджану Фарыд Мамадаў (справа) ў фінале конкурсу «Эўрабачаньне» 2013 году. Багаты на нафту Азэрбайджан апынуўся пад агнём крытыкі, калі Швэцыя, якая прымала конкурс, абвінаваціла краіну ў спробе падкупіць прадстаўнікоў журы зь некалькіх краін. Скандал вымусіў арганізатараў «Эўрабачаньня» перагледзець мэханізм галасаваньня журы, каб забясьпечыць яго большую празрыстасьць.

Выканаўцаў конкурсу «Эўрабачаньне» просяць устрымлівацца ад палітычных акцый падчас конкурсу. Ларын, прадстаўніца Швэцыі, якая перамагла на конкурсе ў Азэрбайджане, напярэдадні фіналу сустрэлася з мясцовымі актывістамі, а затым накіравалася ў Беларусь, каб сустрэцца зь сем'ямі палітвязьняў.

Азэрбайджанскія актывісты спрабавалі выкарыстаць «Эўрабачаньне», якое праходзіла ў Баку ў 2012 годзе, як магчымасьць прыцягнуць увагу да парушэньняў правоў чалавека ў краіне. На фота: работнікі сілавых структур у цывільным затрымліваюць дэманстрантаў ля дзяржаўнай тэлекампаніі ў дні правядзеньня конкурсу.

Азэрбайджан, як мяркуюць, выдаткаваў сотні мільёнаў даляраў на падрыхтоўку да «Эўрабачаньня», у прыватнасьці, на будаўніцтва канцэртнай залі Crystal Hall. Праваабаронцы з Human Rights Watch заяўляюць, што зь месца, дзе узведзеная заля, гвалтоўна было выселена да 20 тысяч чалавек, іх жытло зьнесенае.

У 2009 годзе канкурсантаў з Грузіі, поп-гурт Stefane & 3G, не дапусьцілі да выступленьняў, прызнаўшы палітычна матываванай іх песьню "We Don't Wanna Put In" («Мы ня хочам ўмяшаньня» - ці «Мы ня хочам Пуціна»). Конкурс праходзіў на наступны год пасьля таго, як Расея ў ходзе кароткай вайны акупавала сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі.

Украінскі выканаўца ў жаночым вобразе Верка Сярдзючка раззлаваў у 2007 годзе расейцаў песьняй "Dancing Lasha Tumbai". Выканаўца сьцьвярджаў, што гэтыя незразумелыя словы ўзятыя з мангольскай мовы і азначаюць у перакладзе «ўзьбіваньне вяршкоў», але расейцы чулі там фразу "Russia Goodbye" - "Бывай, Расея».

У 2007 годзе прарасейскія сілы зладзілі забурэньні ў сталіцы Эстоніі Таліне - з-за пераносу помніка савецкаму салдату з тралейбуснага прыпынку ў горадзе на ваенны мэмарыял на могілках. А ўжо праз пару тыдняў Эстонія дала Расеі максымальныя 12 балаў падчас галасаваньня на «Эўрабачаньні».
 

Армэнія і Азэрбайджан - амаль пастаяннае выключэньне з правілаў «галасаваньня за суседзяў»: краіны практычна ніколі не галасуюць адна за адну. Выступ Андрэ, першага прадстаўніка Армэніі на «Эўрабачаньні» у 2006 годзе, выклікаў шквал крытыкі і пратэсты ў Азэрбайджане і Турцыі, бо ў відэароліку ён зьявіўся з выявай, якая нагадвае пра масавае вынішчэньне армян у Асманскай імпэрыі.

Украінскі гурт «Гринджоли» атрымаў вядомасьць дзякуючы сваёй песьні «Разом нас багато», якая стала неафіцыйным гімнам Аранжавай рэвалюцыі 2004 году. Гэтую ж песьню група выконвала на "Эўрабачаньні", калі Кіеў у 2005 годзе прымаў конкурс. Расея ў той год дала Ўкраіне толькі два балы, хоць сьпявачка Руслана, якая ўдзельнічала ў конкурсе годам раней, атрымала ад расейцаў ўсе 12.

Некаторыя краіны зьвяртаюцца да палітычных акцыяў у апошні момант, каб пазьбегнуць палітычных абмежаваньняў «Эўрабачаньня». Прадстаўнікі Нарвэгіі Wig Wam, выступаючы на конкурсе ў Кіеве ў 2005 годзе, разгарнулі аранжавы сьцяг на знак падтрымкі Ўкраіны.