Зьезд уладаў поўдня і ўсходу Ўкраіны пройдзе 11 траўня

У Днепрапятроўску на 11 траўня прызначаны зьезд прадстаўнікоў органаў улады паўднёва-ўсходніх абласьцей Украіны.
Ініцыятарам яго правядзеньня зьяўляецца бізнэсовец Ігар Каламойскі, прызначаны ўкраінскімі ўладамі губэрнатарам Днепрапятроўскай вобласьці.

На зьезд запрошаныя кіраўнікі населеных пунктаў, а таксама дэпутаты мясцовых саветаў усіх узроўняў Данецкай, Луганскай, Днепрапятроўскай, Запароскай, Харкаўскай, Херсонскай, Адэскай і Мікалаеўскай абласьцей.

Дэлегаты плянуюць абмеркаваць пытаньне аб «абароне права тэрытарыяльных грамад на свабоднае волевыяўленьне і зьмяненьне адміністрацыйных межаў у адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны».

Таксама ў парадку дня — арганізацыя процідзеяньня ваеннай агрэсіі Расеі і тэрарыстычным актам супраць органаў дзяржаўнай улады Ўкраіны. Акрамя таго, удзельнікам зьезду трэба будзе разгледзець пытаньне стварэньня аб’яднанага штаба сіл самаабароны, тэрытарыяльнай абароны і добраахвотных батальёнаў МУС.

Тым часам на паўднёвым усходзе Ўкраіны працягваецца антытэрарыстычная апэрацыя ўладаў супраць узброеных сэпаратыстаў, якія захапілі горад Славянск Данецкай вобласьці і адміністрацыйныя будынкі ў іншых гарадах.