«У нашых СМІ нібы ў казцы — усё добра, але няпраўда». Апытаньне ў Магілёве

«Як вы ацэньваеце сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі? Ці можна лічыць, што СМІ ў Беларусі свабодныя?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Спадарыня: «Дужа адносна ўсё. Шмат казкі. Чыста псыхалягічна ўключаеш наша ОНТ і такая казка — усё ў нас нібы добра і гэта нібы грэе. Але насамрэч тое не адпавядае рэчаіснасьці. Хацелася, каб больш праўдзіва адлюстроўвалася рэальнасьць».

Спадар: «Не, не свабодныя. Усе падкантрольныя дзяржаве. Адзін чалавек кіруе ўсім. У тым ліку і сродкамі масавай інфармацыі».

Спадарыня сталага веку: «Ня дужа свабодныя. Іх усё ж кантралюе ўрад. Разыходжаньні дужа вялікія, напрыклад, з расейскімі выданьнямі. Нават што да падзеяў ва Ўкраіне. Расея кажа, што на мірнае насельніцтва адпраўляюць войскі, а нашае тэлебачаньне кажа, што барацьба з тэрарыстамі. Як тут і каму верыць?».

Спадар: «Даволі свабодныя. Тое, што адбываецца навокал, дастаткова праўдзіва апісваецца. Адзінае, толькі, што на пярэдні плян выстаўляецца ўсё добрае. А вось пра не зусім пазытыўнае — каротка, суха і, каб было ня дужа прыкметна».
Малады хлопец: «У нас дужа ўсё кантралюецца. Пішуць і кажуць няпраўду. Навіны ў краіне лепей паглядзець у інтэрнэце на нейкім незалежным партале».

Спадар: «Свабодныя! Газэты ж у свабодным продажы. Ёсьць, вядома ж, моманты, якія не адпавядаюць таму, як іх асьвятляюць — хаця б тыя заробкі. Ну, не атрымліваюць людзі тых 500 даляраў».

Спадарыня: «У нас жа розныя друкаваныя выданьні ёсьць — і апазыцыйныя і дзяржаўныя, таму і ёсьць свабода друку. Напэўна, ёсьць і цэнзура. Яна, відаць, павінна быць. Можна ж такое выдаваць, што сорамна будзе ўзяць у рукі такія газэты, ці часопісы. Абмежаваньні будуць у любым выпадку прысутнічаць».
Спадар: «Усе ж сродкі масавай інфармацыі „пад дзяржавай“. Няма абсалютна свабодных. Я гляджу шмат каналаў і амэрыканскіх і эўрапейскіх — яны ж таксама ня ўсё паказваюць, што насамрэч адбываецца».


Малады чалавек: «Не зусім свабодныя. Яны, як і паўсюль, купленыя. Я наагул навіны не гляджу. Я лепей зайду ў інтэрнэт і з розных крыніцаў сфармую паўнавартасны погляд на тое, што адбываецца».
Спадар: «Гледзячы, свабодныя ад чаго? Ад стэрэатыпаў — не. Ад ураду? Яны пад ім сядзяць — куды яны ад яго могуць падзецца?».

Спадар: «Часткова свабодныя. Не заўжды яны праўды выкладаюць. Як, дарэчы, і паўсюль!»