У Славянску выкралі амэрыканскага журналіста і перакладчыка



У захопленым баевікамі горадзе Славянску Данецкай вобласьці раніцай 2 траўня зьнік журналіст амэрыканскага выданьня Buzzfeed Майк Джыгліё і яго перакладчыца Алена Глазунова, паведамляе данецкі сайт «Новости Донбасса».

Тэлефоннай сувязі зь імі няма. Апошняе паведамленьне, якое атрымала рэдакцыя «Новости Донбасса» ад Майка было такім:

«Нас схапілі на блок-пасту».

Затым ён пасьпеў паведаміць, што яго і Алену сэпаратысты накіравалі ў захоплены будынак СБУ ў Славянску. Паводле саміх сэпаратыстаў, яны не затрымлівалі Глазунову і Джыгліё і самі вядуць іх пошукі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца сэпаратыстаў Стэла Хорашава.

Раней у Данецкай вобласьці зьніклі здымачныя групы SkyNews і CBS

Пра гэта таксама паведамляе сайт «Новости Донбасса».

З супрацоўнікамі мэдыя-кампаній зьнікла сувязь пасьля таго як яны выехалі ў горад Горлаўка Данецкай вобласьці. Цяпер сувязі зь імі таксама няма. Сярод зьніклых журналістаў Clarissa Ward, Erin Lyall, Andy Srevenson, Geoff Mabberley.