У вёсцы пад Горадняй вярнулі СССР

Афіцыянты зь піянэрскімі гальштукамі

У маёнтку «Каробчыцы», што ў аднайменнай вёсцы пад Горадняй, на Першамай вярнулі Савецкі Саюз — з грашыма, піянэрамі ды комплекснымі абедамі. Праўда, выйшла асечка з гімнам — наведнікі не прыгадалі слоў.
Супрацоўніца адміністрацыі Гарадзенскага маёнтка «Каробчыцы» Сьвятлана Папова кажа, што гэта праект камэрцыйны, а савецкае цяпер у модзе. Вось у «Каробчыцах» і паспрабавалі прывабіць гэтым людзей:

«Мы плянавалі стварыць атмасфэру адпачынку. Нехта можа пасядзець у кавярні і паслухаць савецкія ймпесьні, камусьці, можа, падабаецца глядзець савецкія фільмы. У нас падрыхтаваная анімацыя для дзяцей і дарослых, ёсьць прызы. Нашы павары дзеля гэтага спэцыяльна падрыхтавалі комплексны абед, які называецца „За адзін рубель дваццаць капеек“ і цалкам паўтарае мэню савецкіх часоў».

Зьнешняя аздоба ў маёнтку сёньня ня вельмі нагадвала савецкую атмасфэру: усяго некалькі плякатаў на сьценах таго часу, кшталту: «Мир. Труд. Май», дзе-нідзе кумачы, а музыка паўсюль гучала папросту з рэпэртуару савецкай эстрады без усякае ідэалёгіі. Большасьць людзей, як звычайна, зь сем’ямі гулялі, назіралі за зьвярамі ў клетках, каталі дзяцей верхам на конях, езьдзілі ў экіпажах.

У рэстаран на комплексны абед «За адзін рубель дваццаць капеек» не асабліва пхаліся, паколькі па сёньняшніх беларускіх цэнах за яго трэба было заплаціць 120 тысяч рублёў, а да гэтага, уваход на тэрыторыю маёнтка таксама платны. Праўда, усе афіцыянты і прадавачкі сувэніраў сёньня з чырвонымі піянэрскімі гальштукамі.

Плякат на ўваходзе ў гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы»


Праводзіліся конкурсы сярод дзяцей і дарослых: хто хутчэй зьбярэ макулятуру, адгадае савецкія абрэвіятуры кшталту КПСС — і пераможцы за гэта атрымлівалі бясплатныя білеты, фатаграфаваліся, сьпявалі караоке. Урэшце, вядоўца прапанаваў засьпяваць гімн СССР — старэйшыя сьпявалі, а моладзь і дзеці не падтрымалі, бо ня ведалі слоў.

Я размаўляў сёньня ў «Каробчыцах» зь людзьмі рознага веку й цікавіўся, што яны ведаюць альбо памятаюць пра СССР і ці хацелі б туды вярнуцца. Вось што яны мне адказвалі.

Меню рэстарана з комплексным абедам савецкіх часоў


Хлопец: «Памятаю, што лінейкі пастаянныя былі ў школе да 1 траўня, на суботнікі ўсе выходзілі, нейкія шэсьці праводзілі, мерапрыемствы. Я ў тым часе практычна ня жыў, але было б цікава паглядзець, як гэта ўсё адбывалася».

Хлопец: «Канечне, тады было весялей, бо мы ня мелі такіх рэчаў, як мабільны тэлефон, інтэрнэт. Людзі выходзілі на вуліцу і дыхалі першым майскім паветрам з сонейкам і наагул болей знаходзіліся на прыродзе, а не сядзелі й вытарашчваліся ў інтэрнэт».

Узнагароджваюць пераможцаў конкурсаў


Спадар: «Памятаю трохкутныя пакеты з малаком і кефірам, дзьве капейкі патэлефанаваць і адсутнасьць асартымэнту ў крамах. Памятаю, знайшоў тры рублі, то купіў толькі ліманад і булачкі. А каб цяпер падлетак знайшоў 300 тысяч, то ўжо можна болей чаго набыць. Я б хацеў вярнуцца ў той узрост, але ня ў той час і тую эпоху. Гэта ўжо адгалоскі мінулага і няхай застаюцца толькі ў сэрцы».

Спадар: «Памятаю, мама на Першага траўня ў бутэльку ад кефіру апускала галінкі, а мы з шарыкамі і кветачкамі арганізавана...»

Прадавачка сувэніраў з чырвоным піянерскім гальштукам


Ягоная жонка: «З працоўным калектывам, школай, альбо навучальнай установай усе хадзілі на дэманстрацыю. Лёзунгі: „Труд. Мир. Май“ — усё гэта памятаецца. Было файна, бо мы былі маладыя. Разумееце?»

Карэспандэнт: «А вярнуцца ў СССР не хацелі б?»

Спадарыня: «Цяпер ужо наўрадці, не...».

Your browser doesn’t support HTML5

Гульні ў СССР пад Горадняй