Калі ў 1995 годзе ЮНЭСКА прымала рашэньне аб устанаўленьні Сусьветнага дня кнігаў і аўтарскага права (World Book and Copyright Day), выбар даты быў даволі адзінадушны – 23 красавіка. У гэты дзень у 1616 годзе памерлі два волаты сусьветнай літаратуры, Уільям Шэксьпір і Мігель Сэрвантэс. Ня выключана, што ў гэты самы дзень, толькі на 52 гады раней, Шэксьпір нарадзіўся. Сёньня вядомая толькі дата хрышчэньня славутага ангельскага паэта і драматурга – 26 красавіка 1564 году.
На выбар даты Сусьветнага дня кнігаў і аўтарскага права не паўплываў той факт, што Шэксьпір і Сэрвантэс насамрэч памерлі ў розныя дні – у 1616 годзе Гішпанія ўжо прыняла грэгарыянскі каляндар, а Англія ўсё яшчэ жыла паводле юліянскага. Розьніца паміж двума календарамі ў той час была 10 дзён. То бок Шэксьпір насамрэч памёр на 10 дзён пазьней за Сэрвантэса, хоць намінальныя даты сьмерцяў абодвух геніяў былі аднолькавыя.
Шэксьпіра пахавалі ў касьцёле Сьв. Тройцы ў Стрэтфардзе -- горадзе, дзе ён нарадзіўся, правёў дзяцінства і маладосьць ды куды вярнуўся пад канец жыцьця. Над надмагільнай плітай была высечаная наступная эпітафія (тут яна даецца ў сучаснай ангельскай транскрыпцыі):
Good friend, for Jesus’ sake forbear,
To dig the dust enclosed here.
Blessed be the man that spares these stones,
And cursed be he that moves my bones.
Вось мой пераклад, зроблены на хуткую руку:
Хрыстом прашу, мой дружа мілы,
Ня руш парэшткаў з гэтай во’ магілы.
Не падымай з касьцей каменьня,
Калі чакаеш Божага збаўленьня.
Пераклад, безумоўна, ня вельмі каб падшліфаваны, але, як мне падаецца, ён добра перадае пагрозу арыгінальнай эпітафіі, скіраванай да ўсіх магчымых парушальнікаў супакою касьцей вялікага ангельца. Калі ў 2008 годзе праводзілася аднаўленьне касьцёла Сьв. Тройцы ў Стратфардзе, было зроблена ўсё магчымае, каб, крый Божа, не парушыць магілы Шэксьпіра ні на мілімэтар.
А вось гішпанцы ня тое што зьбіраюцца падняць магільную пліту над парэшткамі Сэрвантэса, але і думаюць паразграбаць і паперабіраць ягоныя косткі, калі яны яшчэ захаваліся. І прычына тут ня ў тым, што Сэрвантэс не пакінуў па сабе ніякай пагрозьлівай эпітафіі. Рэч перш за ўсё ў тым, што гішпанцы насамрэч ня ўпэўненыя, дзе пахаваны аўтар «Дон Кіхота».
Мяркуецца, што Мігель Сэрвантэс пасьля сваёй сьмерці 23 красавіка 1616 году быў пахаваны ў невялікім закрытым манастыры жаночага ордэну Трынітарак босых (Trinitarias Descalzas) у Мадрыдзе. Падчас пазьнейшай рэканструкцыі манастыра труна зь ягонымі парэшткамі была перанесеная ў іншы манастыр, потым вернутая назад, а потым дзесьці прапала. Сучасныя гісторыкі мяркуюць, што ягоныя косткі цяпер знаходзяцца недзе пад тым жаночым манастыром, які захаваўся да сёньняшняга дня. Сёньняшнія ўлады Мадрыду, з увагі на надыход 400-тых угодкаў сьмерці пісьменьніка, выдзелілі 100 тысяч эўра на пошукі парэшткаў аўтара «Дон Кіхота», каб перапахаваць іх належным чынам.
Чаму Сэрвантэса хавалі ў згаданым манастыры? Рэч ў тым, што Ордэн трынітарыяў дапамог ягонай сям’і выкупіць яго зь няволі ў Альжыры, у якую ён патрапіў на 5 гадоў у 1575 годзе. Карабель, якім ён вяртаўся ў Гішпанію з вайсковай службы ў Італіі, каля гішпанскага ўзьбярэжжа быў захоплены альжырскімі піратамі, і Сэрвантэс трапіў у палон, зь якога спрабаваў чатыры разы зьбегчы і ў якім толькі цудам пазьбег сьмерці. Сям’я выкупіла яго зь няволі пры фінансавай і арганізацыйнай дапамозе трынітарыяў. Некаторыя крыніцы падаюць, што Сэрвантэс нейкі час быў у гэтага ордэну ў якасьці «хлопца на пабягушках», каб аддзячыць і расплаціцца за сваё вызваленьне.
Першы том «Дон Кіхота» быў апублікаваны ў 1605 годзе, другі – у 1615. Нягледзячы на тое, што раман быў прыхільна сустрэты чытачамі, Сэрвантэс пры сваім жыцьці не атрымаў нават дзясятай долі той вядомасьці, якая дасталася яму пасьля сьмерці. Ён паміраў, праігнараваны іншымі сучаснымі аўтарамі «залатога веку» гішпанскай літаратуры – такімі, прыкладам, як Франсіска дэ Кевэда і Лопэ дэ Вэга – і ў даволі бедных абставінах, а таму пахаваньне адбылося ў невялічкім кляштары, дзе ніхто нават не парупіўся паставіць ягонае прозьвішча над магільнай плітай.
Гішпанскі гісторык Фэрдынанда Прада, які кіруе пошукамі парэшткаў Мігеля Сэрвантэса, перакананы, што яны надалей знаходзяцца недзе на тэрыторыі манастыра Трынітарак босых, дзе на працягу гісторыі былі пахаваныя пяць чалавек. Пошукі пачынаюцца 5 траўня і будуць праводзіцца пры дапамозе радыялякатара, які дазваляе «зазірнуць» у сьцены і ў зямлю на глыбіню 5 мэтраў.
Як адрозьніць косткі пісьменьніка ад костак іншых асобаў, якія былі пахаваныя ў манастыры? Гэта найбольш цяжкая частка заданьня. Жывых нашчадкаў Сэрвантэса не засталося, а таму нельга правесьці ніякіх досьледаў з выкарыстаньнем аналізу ДНК. Экспэрты паспрабуюць ідэнтыфікаваць парэшткі вялікага гішпанца, калі яны наогул знойдуцца, абапіраючыся на партрэт Сэрвантэса (які быў напісаны 20 гадоў пасьля ягонай сьмерці) і ягоныя ўласныя запісы, зь якіх вынікае, напрыклад, што перад сьмерцю ў яго засталося толькі шэсьць зубоў.
Вядома таксама, што ў славутай марской бітве пры Лепанта ў 1571 годзе, у якой хрысьціянская Эўропа скрышыла марскую магутнасьць Асманскай імпэрыі, Сэрвантэс быў тройчы паранены кулямі з мушкета: дзьве трапілі яму ў грудзі, а трэцяя – у левую руку, якой, паводле захаваных сьведчаньняў, ён ня мог нармальна карыстацца да канца жыцьця. Вось паводле такіх прыкметаў судовы экспэрт Франсіска Эчэварыя, які дасьледаваў парэшткі чылійскага прэзыдэнта Сальвадора Альендэ і пацьвердзіў ягонае самагубства, мае апазнаць косткі Сэрвантэса.
Гішпанцы спадзяюцца, што ім удасца пасьпяхова закончыць свае пошукі да 2016 году, калі сьвет будзе адзначаць 400-тыя ўгодкі з дня сьмерці Шэксьпіра і Сэрвантэса.
Для гішпанцаў і гішпанамоўнага сьвету Мігель Сэрвантэс – непараўнаны ні з кім літаратурны геній. Ягоны ўплыў на гішпанскую мову быў настолькі вялікі, што гэтую мову сёньня часьцяком называюць «мовай Сэрвантэса» (la lengua de Cervantes).
Беларускі пераклад «Дон Кіхота», зроблены Міхасём Пазьняковам, выйшаў у 1999 годзе ў скарочаным варыянце пад загалоўкам «Хітры гідальга Дон Кіхот Ламанчскі».