МВФ пазычыць Украіне 17 мільярдаў

У Вашынгтоне Выканаўчая рада Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) ухваліла двухгадовую праграму стэнд-бай для Украіны. Аб’ём праграмы складае 17 мільярдаў даляраў, зь якіх 3,19 мільярда будзе выдзелена неадкладна.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы МВФ, эканамічная праграма ўкраінскага ўраду пры падтрымцы Фонду накіраваная на аднаўленьне макраэканамічнай стабільнасьці, умацаваньне эканамічнага кіраваньня і празрыстасьці ды павінна прывесьці да пачатку ўстойлівага эканамічнага росту пры адначасовай абароне найбольш уразьлівых слаёў насельніцтва.

«Мы лічым, што Ўкраіна мае магчымасьць скарыстацца момантам, каб адарвацца ад папярэдняй практыкі як у падатковай і грашовай сфэрах, гэтак і ў сфэры кіраваньня,» – сказала кіраўніца МВФ Крысьцін Лягард.

Рашэньне МВФ дазваляе неадкладна перадаць Украіне 3,19 мільярда даляраў. Акрамя таго, 1,29 мільярда даляраў будзе выдзелена на падтрымку бюджэту. Другая і трэцяя выплаты будуць грунтавацца на двухмесячных аглядах, якія будуць праведзеныя з улікам крытэраў эфэктыўнасьці МВФ.

Вылучэньне крэдыту Міжнародным валютным фондам адкрывае для Украіны магчымасьць атрымаць яшчэ 15 мільярдаў даляраў крэдыту ад Сусьветнага банку, Эўразьвязу і іншых фінансавых донараў.