Грамадзяне Малдовы цяпер могуць езьдзіць у Эўразьвяз бязь візаў, неўзабаве будзе ўведзены бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам для Ўкраіны. У той жа час жыхары Крыму, якія ўзялі расейскія пашпарты, сталі фактычна неўязнымі ў ЭЗ. Беларусы ж зьяўляюцца лідэрамі па шэнгенскіх візах на душу насельніцтва, пры тым што плацяць за візы ўдвая болей за расейцаў ці ўкраінцаў.
У новай перадачы «Бяз гальштукаў» мы пагаворым пра тое, як можна караць або стымуляваць візавай палітыкай. Ці можна дамагчыся дэмакратыі ў краіне, адмяніўшы візы ў ЭЗ? Калі ўскладняюць уезд на Захад, то каго караюць? Якія пашпарты можна назваць найгоршымі ў сьвеце паводле неабходнасьці афармленьня візаў? Ці заўсёды трэба прытрымлівацца прынцыпу ўзаемнасьці ў візавай палітыцы? Чаму ЭЗ не скасоўвае візы для беларусаў, не спрашчае іх атрыманьне і не зьніжае цану?
Гэта ды іншае абмяркоўваюць супрацоўнік малдоўскай службы Радыё Свабода Раду Беня і палітоляг зь Менску Вікторыя Закрэўская. Вядучая — Ганна Соўсь.
Ганна Соўсь: Пашпарт якой краіны найлепшы для падарожжаў у сьвеце?
Раду Беня: Той, які мае найбольшы давер. Цяпер можна ганарыцца і малдоўскім пашпартам.
Вікторыя Закрэўская: Многія зьдзівяцца, але насамрэч гэта пашпарт уцекача, які даецца краінай, у якой уцякач зьвяртаецца па прытулак. Гэта пашпарт сапраўдны ва ўсіх краінах, якія падпісалі жэнэўскую канвэнцыю. Калі хочаце падарожнічаць паўсюль бяз візаў, то вам давядзецца стаць уцекачом, на жаль.
Соўсь: А які пашпарт, на вашую думку, найгоршы для падарожжаў у сьвеце?
Закрэўская: Паўночнай Карэі, там ёсьць розныя тыпы замежных пашпартоў, якія вельмі складана атрымаць.
Беня: Пагаджуся наконт паўночнакарэйскага пашпарту, але наконт пашпарту ўцекача не пагаджуся. Сваім пашпартам трэба ганарыцца, а пашпарт уцекача такія пачуцьці не выклікае.
Соўсь: Паводле Кансалтынгавай фірмы Henly and Рartners найлепшыя пашпарты для падарожжаў маюць Фінляндыя, Швэцыі і Вялікабрытанія, грамадзянам якіх дазволены наведваць 173 краіны сьвету бяз візы. На другім месцы Данія, Нямеччына, Люксэмбург і ЗША — у 172 краіны сьвету бяз візы. Што да апошніх месцаў рэйтынгу, то грамадзяне Судану могуць ехаць бяз візаў у 38 краінаў, Пакістану — у 32, а Беларусі — ў 21 краіну сьвету бяз візаў. Прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімофці ў інтэрвію Свабодзе выказаў занепакоенасьць дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне і не выключае расейскай анэксіі ў Малдове. Як вы мяркуеце, адкрытыя межы Эўразьвязу могуць абараніць ад расейскай агрэсіі? Гэта такая наўпроставая сувязь?
Беня: Не сказаў бы пра наўпроставую сувязь паміж візавай лібэралізацыяй і абаронай ад магчымай агрэсіі з боку Расеі. Але гэта дапаможа Малдове зрабіць наступныя крокі для набліжэньня да ЭЗ. Вельмі важныя крокі, якія сапраўды змогуць даць большую абарону Малдове. Гэтыя крокі чакаюцца найбліжэйшым часам. У чэрвені мае адбыцца падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі Малдовы з Эўразьвязам, часткай дамовы зьяўляецца стварэньне зоны свабоднага гандлю з ЭЗ. Гэтыя два пагадненьні набудуць моц адразу па падпісаньні. Эўрапейскі парлямэнт зусім нядаўна даў Малдове такую магчымасьць, максымальна паскорыў усе бюракратычныя працэдуры. Звычайна чакаюць ратыфікацыі, падпісаньня, гэта доўгі працэс. Напачатку году казалі, што падпісаньне можа адбыцца ў лістападзе, сьнежні, потым пры канцы жніўня, цяпер у чэрвені...
Соўсь: Падзеі ва Ўкраіне паскорылі?
Беня: Канечне. Гэтаму паспрыяў крызіс ва Ўкраіне і размовы пра тое, што наступнай можа стаць Малдова, дзе можа пачацца такі ж крызіс, як у Крыму ці на ўсходзе Ўкраіны. Канечне, гэтымі захадамі Малдова будзе больш абароненая і можна сказаць, «разьвяжа рукі» Эўразьвязу, каб аказаць большую падтрымку Малдове.
Соўсь: Вікторыя, ці можна дамагчыся дэмакратыі ў краіне, скасаваўшы візы ў ЭЗ? Калі б беларусам зрабілі, свабодны ўезд у ЭЗ, ці кіраваў бы краінай Аляксандар Лукашэнка 20 гадоў? Ці стала б меншай залежнасьць ад Расеі?
Закрэўская: Я прытрымліваюся тэхнакратычнага падыходу ў ацэнцы візавай палітыцы. Само па сабе спрашчэньне візавага рэжыму — гэта, безумоўна, інструмэнт вонкавай палітыкі ЭЗ, але абсалютна дакладна не інструмэнт зьмены канстытуцыйнага і дзяржаўнага ладу ў трэціх краінах, і ў Беларусі ў прыватнасьці. Нават калі зь вярнуцца да сайту ЭЗ у разьдзеле візавай палітыкі ЭЗ, то мы пабачым, што пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму падпісваліся з 2007 году з балканскімі краінамі, з Расейскай Фэдэрацыяй, Грузіяй, Малдовай, Украінай, Альбаніяй і нават такой афрыканскай краінай. як Кабо-Вэрдэ, пагадненьне зь якой падпісанае, але не набыло моц яшчэ. Уласна гэта гаворыць пра тое, што такая візавая палітыка ЭЗ нарадзілася пасьля перадапошняга вялікага пашырэньня ЭЗ, калі ў яго склад увайшлі 27 краінаў, уключна з былымі савецкімі краінамі. І пачала дзейнічаць новая парадыгма вонкавай палітыкі ЭЗ. Калі раней вонкавая палітыка ЭЗ сыходзіла з лёгікі пашырэньня, то з 2007 году яна прыйшла да лёгікі суседзтва. І таму візавая палітыка стала адным з інструмэнтаў суседзтва. Гэта і эканамічная дапамога, і ўмацаваньне інстытутаў, і рэгіянальнае супрацоўніцтва, і супраца ў сфэры міграцыі.
Соўсь: Раду, бязьвізавы выезд у Эўропу ў Малдове рыхтаваўся доўга, ня менш за 7-8 гадоў, і патрабаваў ад ураду Малдовы выкананьня пэўных стандартаў. І гэта працэс двухбаковы, тут немагчыма без узаемнасьці. Што патрабаваў ЭЗ ад Малдовы? І ці цяжка выканаць патрабаваньні ЭЗ?
Беня: Гэты працэс пачаўся вельмі даўно. Яшчэ ў 2007 годзе пры камуністычнай ўладзе прэзыдэнта Вароніна. Гэты працэс Малдова пачала самастойна. Усе тэхнічныя бакі пытаньня былі вырашаныя яшчэ тады. Гэта біямэтрычныя пашпарты, ўмацаваньне кантролю на мяжы, кантролю над міграцыйнымі плынямі. Ёсьць іншыя рэформы, якія спадарожнічаюць працэсу. Яны найбольш важныя. Лібэралізацыя візавага рэжыму — гэта тое, што на паверхні. Для гэтага патрэбныя былі рэформы, глыбінныя працэсы — у першую чаргу дэмакратычныя рэформы, празрыстасьць кіраваньня, свабода прэсы і сходаў.
Соўсь: І Малдова ўсё гэта выканала?
Беня: Не. Камуністы, які прыйшлі да ўлады пад лёзунгамі далучэньня да Саюзу Расеі і Беларусі, не выканалі свае абяцаньні, і ў 2005 годзе прыйшлі ізноў да ўлады з праэўрапейскімі абяцаньнямі, таму што людзі ў Малдове больш цягнуцца да Эўропы, чым да ўсходняга вэктару.
Соўсь: Вікторыя, я вельмі часта чую пытаньне. Чаму ЭЗ не скасоўвае візы для беларусаў, не спрашчае іх атрыманьне і не зьніжае цану? Відавочна, што насустрач амаль не ідзе афіцыйны Менск. Ці заўсёды трэба прытрымлівацца прынцыпу ўзаемнасьці ў візавай палітыцы?
Закрэўская: Нагадаю, што акрамя палітычнай волі былі яшчэ і фармальныя перашкоды да падпісаньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму. Размова ідзе аб падпісаньні пагадненьня аб рэадмісіі, якога ў Беларусі да мінулага году не было з Расеяй, што істотна скарачала магчымасьці, каб пачаць перамовы. Таксама да мінулага году не была канчаткова акрэсьленая мяжа з Украінай, і гэтыя два моманты больш не актуальныя з мінулага году. І магчыма гэта адна з прычынаў таго, што сёньня перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму ўсё ж пачаліся.
Соўсь: Колькі гадоў трэба, каб прыйшлі да выніку Малдовы?
Закрэўская: Як правіла, некалькі гадоў гэта займае пры наяўнасьці добрай волі.
Соўсь: Ці можа сытуацыя ва Ўкраіне паскорыць такія перамовы?
Закрэўская: Так, магчыма. Мы бачым у адносінах з Эўропай дастаткова асьцярожныя, але станоўчыя сыгналы, якія яны пасылаюць ураду і насельніцтву. У прынцыпе, калі размова ідзе пра выключэньні, і мы пытаемся, чаму злы ЭЗ ня хоча нам касаваць візы, то я хачу нагадаць, што тут цэнтральную ролю адыгрывае прынцып палітычнай мэтазгоднасьці. Калі раней падлік іміджавых выгадаў і стратаў ад такога рашэньня быў не на карысьць Беларусі, сёньня сытуацыя істотна зьмянілася з прычыны падзей ва Ўкраіне. У абарону ЭЗ хачу сказаць, што ЭЗ быў гатовы пайсьці ў абыход фармальнага падпісаньня пагадненьня аб рэадмісіі, і статыстыка выдадзеных візаў на душу насельніцтва Беларусі сьведчаць пра тое, што дэ-факта існуе і пасьпяхова працуе спрошчаны парадак выдачы візаў, паколькі пэўныя катэгорыі беларускіх грамадзянаў атрымліваюць візы ў спрошчаным рэжыме і многія візы беларусам выдаюцца ўжо бясплатна...
Цалкам тэкст дыскусіі на відэа.