Прэзыдэнт Малдовы: Мы не выключаем расейскай анэксіі

Прэзыдэнт Малдовы Нікалае Цімофці занепакоены дзеяньнямі Расеі ва Ўкраіне і не выключае, што Масква мае намер перагледзець межы былых савецкіх рэспублік. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Оане Сэрафін, дырэктарцы малдаўскай службы нашага радыё, падчас свайго наведваньня Прагі ў сувязі з самітам Усходняга партнэрства ЭЗ 23-24 красавіка.

РС: Спадар прэзыдэнт, Малдова апынулася ў цэнтры міжнароднай увагі, перш за ўсё як лідэр праграмы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу і як першая сярод шасьці краінаў, якой удалося дамагчыся для сваіх грамадзянаў права свабоднага перамяшчэньня ў шэнгенскай зоне ЭЗ. На прэс-канфэрэнцыі 24 красавіка вы сказалі, што Малдова падпіша Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ да канца траўня — гэта яшчэ адна нагода для радасьці. Але дазвольце спытаць, з улікам вынікаў апытаньня грамадзкай думкі, агучаных напярэдадні ў Кішынэве: толькі 26% малдаванаў мяркуюць, што краіна ідзе ў правільным кірунку. Як гэта разумець?

Нікалае Цімофці: Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на тое, што паказчыкі гэтага апытаньня зьмяніліся ў лепшы бок у параўнаньні з папярэднімі апытаньнямі. І гэта радуе, таму што цяжкасьці, зь якімі мы сутыкаліся ў апошні пэрыяд, асабліва ў эканамічным пляне, зьвязаныя зь некалькімі фактарамі, як унутранымі, так і зьнешнімі — я маю на ўвазе шматлікія эмбарга. Але расьце давер да нас з боку грамадзтва, пра што сьведчаць сацыялягічныя апытаньні, дае ўпэўненасьць у тым, што ўсё, што мы зрабілі да гэтага часу, мы зрабілі правільна і зрабілі добра. Гэта дазваляе разьлічваць на посьпех ня толькі ў апытаньнях, але і на лістападаўскіх выбарах, на якіх, я вельмі спадзяюся, перамогуць партыі, якія прытрымліваюцца праэўрапейскага курсу Рэспублікі Малдова.

РС: Але чаму толькі чвэрць насельніцтва мяркуе, што шлях Малдовы — у Эўропу. Як вы думаеце, што адбылося? Чаму малдаване настолькі няўпэўненыя? Чаму яны не ўспрымаюць зь вялікім энтузіязмам гэтыя дасягненьні, рэальныя дасягненьні, ацэненыя міжнароднымі лідэрамі на самым высокім узроўні?

Нікалае Цімофці: З упэўненасьцю магу заявіць, што Рэспубліка Малдова — эўрапейская краіна ня толькі з гледзішча геаграфіі, але і з гледзішча народнага мэнталітэту. Той факт, што ў апытаньнях некаторыя лічбы ідуць насуперак нашаму эўрапейскаму курсу, у вялікай ступені выкліканы аб’ектыўнымі прычынамі, якія мы адчулі на сабе, але асаблівы дзякуй за гэта трэба сказаць тым СМІ, якія працуюць у нас у рэспубліцы Малдова і настойліва займаюцца антыэўрапейскай прапагандай. Павінен сказаць, што гэта вельмі моцна ўплывае. Але тое ж апытаньне, на якое спасылаецеся вы, паказвае, што значна зьмяніўся працэнт грамадзянаў, якія хочуць у Эўропу. І гэта радуе. Гэта, вядома ж, вынік аб’ектыўных чыньнікаў: гаворка ідзе, перш за ўсё, аб дзеяньнях сёньняшняй улады, накіраваных на ажыцьцяўленьне праэўрапейскага курсу, на атрыманьне бязьвізавага рэжыму для малдаўскіх грамадзянаў, што адбудзецца 28 красавіка. 29 лістапада 2013 было парафіраванае пагадненьне аб асацыяцыі, а цяпер вось рыхтуемся падпісаць яго. Хачу ўдакладніць, што я зьвярнуўся да кіраўнікоў краін Эўразьвязу з просьбай падпісаць гэты дакумэнт да 27 траўня. Ці будзе прынята мая прапанова — ня ведаю, але ведаю, што пагадненьне будзе падпісанае не пазьней за чэрвень.

РС: Чаму такая сьпешка?

Нікалае Цімофці: Гэтаму некалькі прычынаў. Але самая галоўная — каб сілы, варожыя гэтму курсу, не пасьпелі затуманіць мазгі людзям, калі называць усё сваімі імёнамі. Таму што яны нацэльваюцца на іншы курс: эўразійскі, мытны, якога нават не існуе — Эўразійскі саюз...

РС: Гэта праект...

Нікалае Цімофці: Так, праект. Але людзі, паддадзеныя масіраванаму ўплыву расейскіх тэлеканалаў, якія вяшчаюць на Малдову, лічаць, што гэта галоўная прычына. Я ўпэўнены, што ў бліжэйшы час на нашых вачах апытаньні пачнуць мяняцца; як толькі ўступіць у сілу бязьвізавы рэжым, шмат што зьменіцца.

РС: Учора New York Times апублікаваў вельмі цікавы артыкул, які мае загаловак «Малдова — другая Ўкраіна». Без пытальніка, без шматкроп’я. Маё пытаньне наступнае: ці лічыце вы магчымым сцэнар, пра які піша New York Times?

Нікалае Цімофці і Оана Сэрафін


Нікалае Цімофці: Гэта, напэўна, пункт гледжаньня журналіста, які вывучыў гэтае пытаньне і зрабіў ўласныя высновы. У мяне сваё меркаваньне на гэтую праблему, і на ваша пытаньне адкажу так: я сур’ёзна занепакоены дзеяньнямі Расеі ў рэгіёне, у тым ліку ў Рэспубліцы Малдова. Калі я пазнаёміўся зь некаторымі матэрыяламі ў расейскіх СМІ, яшчэ да крымскіх падзей, то даведаўся, што ў вайсковых колах, расейскіх стратэгічных колах, абмяркоўваецца зьмяненьне межаў былых рэспублік Савецкага Саюзу. Думаю, журналісты вывучылі і гэтыя думкі, выкладзеныя ў расейскай прэсе, якія выклікаюць асьцярогі наконт магчымага паўтору ўкраінскага сцэнару і ў Малдове.

Але павінен сказаць, што мы ў Рэспубліцы Малдова прайшлі праз такі сцэнар яшчэ ў 1992 годзе. І на нашай тэрыторыі таксама ёсьць расейскія войскі, якія ўтрымліваюцца тут насуперак жаданьню Рэспублікі Малдова. Мы патрабуем вываду гэтых войскаў. Ёсьць пастановы, ёсьць міжнародныя дакумэнты, якія абавязваюць Расію згарнуць сваю вайсковую прысутнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Але яны не выконваюцца. Гэта дае падставу дапускаць, што прысутнасьць расейскай арміі не выключае варыянту, пра які піша журналіст New York Times.

РС: Які ваш самы аптымістычны для Малдовы сцэнар у сувязі з разьвіцьцём падзей у рэгіёне, з улікам падзей ва Ўкраіне, з улікам пазыцыі Расеі, таго, што адбылося ў Крыме і што адбываецца вакол Прыднястроўя. І які самы пэсымістычны сцэнар?

Нікалае Цімофці: Самы аптымістычны сцэнар — Расеі вывесьці сваё войска і захаваць тыя добрыя адносіны, што склаліся паміж намі ў інтарэсах народаў абедзьвюх краін. І зразумець адну рэч: сёньня ў Эўропе нельга вырашаць праблемы ваенным шляхам. Таму веру, што і там знойдуцца людзі, палітыкі, здольныя цьвяроза ўзважыць сытуацыю і ўстрымацца ад ваенных дзеяньняў. Гэта аптымістычная пэрспэктыва. А самы дрэнны варыянт для нас — калі Расея пачне ажыцьцяўляць пляны, пра якія мы казалі і якія былі апублікаваныя нейкімі расейскімі стратэгамі — аднавіць старыя межы Расеі.

РС: Ці лічыце вы, што Малдова будзе ў большай бясьпецы, калі адмовіцца ад нэўтралітэту і стане кандыдатам на ўступленьне ў Паўночнаатлянтычны альянс? Якімі вам бачацца адносіны Малдовы з НАТО?

Нікалае Цімофці: Упэўнены, што, кажучы гіпатэтычна, сяброўства ў НАТО дало б сёньня Малдове непараўнальна вышэйшы ўзровень бясьпекі, магчыма, нават поўную бясьпеку. З НАТО ў нас выдатныя адносіны. Мы ўдзельнічаем у міратворчых місіях НАТО. Зусім нядаўна, 8 сакавіка, як вам вядома, наша падразьдзяленьне з Малдовы выехала ў Косава для ўдзелу ў міратворчай місіі.

РС: А ў будучыні?

Нікалае Цімофці: Калі б гэта залежала ад мяне, калі б рашэньне было за мной, я прагаласаваў бы за ўступленьне ў НАТО.