Суччын сын, які ўмее прыкінуцца добрым чалавекам

Фрагмэнт спэктакля

Сучаснаму каталёнскаму пісьменьніку Жардзі Гальсэрану (Jordi Galceran, нар. 1964 у Барсэлёне) вядомасьць у сьвеце прынесла п’еса «Мэтад Гронхальма».

Яе ахвотна бяруць тэатры розных краінаў, яна была экранізаваная. Чатыры кандыдаты на кіраўнічую пасаду ў буйной кампаніі апынаюцца ў адным пакоі, ім трэба выканаць розныя псыхалягічныя заданьні. Глядач трапляе ў атмасфэру дзелавых гульняў, вельмі напружаную.

Сутнасьць «мэтаду Гронхальма» ў тым, каб удзельнікі самі вырашылі — хто зь іх лішні. Але толькі на словах выбіраюць самага камунікабельнага, зь лідэрскімі здольнасьцямі. Насамрэч высьветліцца іншае: «Мы не шукаем добрага чалавека, які прыкідваецца суччыным сынам, мы шукаем суччынага сына, які ўмее прыкінуцца добрым чалавекам». Сугучная часу рэч, як сказаў нехта з крытыкаў.
Сутнасьць «мэтаду Грёнхольма» ў тым, каб удзельнікі самі вырашылі — хто зь іх лішні
Спэктакль «Мэтад Гронхальма» паказала ў Горадні і Віцебску трупа Расейскага драматычнага тэатру зь Вільні. Але віленчукі адмовіліся ад удзелу ў красавіцкім тэатральным фэсьце «Сустрэчы ў Расеі» (Санкт-Пецярбург). Як было афіцыйна патлумачана: яго арганізатар Сяргей Шуб падпісаў заяву ў падтрымку дзеяньняў Масквы адносна Крыму. «Для ўсяго цывілізаванага сьвету відавочна — дзеячы культуры Расеі, якія падпісалі гэты ліст, падтрымліваюць анэксію часткі іншай краіны» — засьведчыў пісьмова сваю пазыцыю рэжысёр Ёнас Вайткус.

Чатыры кандыдаты па чарзе прыходзяць на гутарку, прэтэндуючы на вакансію: Фэрнанда, Энрыке, Карлас і маладая жанчына Мэрсэдэс. Але адбор праходзіць бескантактна: яны атрымліваюць канвэрты з заданьнямі і разумеюць, што іх праслухоўваюць і сочаць за імі. Адзін зь іх несапраўдны кандыдат, паведамляюць ім. Яны вырашаюць, што ня варта напрасткі абвінавачваць адно аднаго: лепей кожны скажа дзе ён працуе, каб было прасьцей зразумець — хто зь іх падманвае.

Аднак ніхто не зацікаўлены даць іншым праўдзівую інфармацыю. А значыць, насамрэч заданьне мае свой патаемны сэнс. Справа ня толькі ў тым, каб высьветліць — хто ілжэ, але і каб усе астатнія заблыталіся... Яны пачынаюць гаварыць пра сваю цяперашнюю працу: дзе і якую пасаду займаюць. Аднак першы, Фэрнанда, ня верыць: спраўдзіць зьвесткі няма магчымасьці, кожны пра сябе можа прыдумаць што захоча! Мэрсэдэс яму пярэчыць: ты памыляесься, наша задача не высьвятляць — хто самы разумны, а — выявіць нашу здольнасьць працаваць у камандзе! І дадае: давайце паспрабуем давяраць адно аднаму, каб разам вылічыць — хто хлусіць.

Гледачоў прыгаломшвае другі — Энрыке, ён пачынае разьдзявацца да трусоў, ускоквае на стол і рэзка сашморгвае свае трусы, закрыўшы «сорам» рукамі. Дзеля чаго такі эпатаж? Ён пачынае «агаляць душу», расказвае пра свае жыцьцёвыя праблемы: жонка забрала двух дзяцей, развод, застаўся адзін у кватэры. Маналёг Энрыке паглыбляецца: «У мяне мала сяброў, мне не было зь кім паразмаўляць, я стаў проста замыкацца ў сабе. Вы ведаеце — што такое чаты, віртуальны сьвет, фэйсбук? Я пагрузіўся ў яго проста каб зь некім паразмаўляць. Аднойчы пазнаёміўся зь дзяўчынай з чату. Сустрэліся, выпілі кавы, яна была вельмі прыгожай, на наступны дзень запрасіў яе да сябе... Яна дастала пісталет і стала пагражаць. Потым паявіўся напарнік і яны абчысьцілі ўсю кватэру. Завялі да банкамату і прымусілі зьняць усе грошы з карткі».

Гэта дабіла Энрыке канчаткова. Ён страціў кантроль. Адмовіўся ад бальнічнага, калі захварэў, вырашыў — калі засяродзіцца на працы, гэта дапаможа пераадолець праблемы. Але ўсё стала яшчэ горш. Раней дасягаў высокіх вынікаў, але памыліўся — падпісаў кантракт ня з той фірмай... Энрыке падсумоўвае сваё заданьне, атрыманае ў канвэрце: «Мяне папрасілі сказаць, што вы — мая фірма, і вы павінны падумаць — вы пакідаеце мяне, даяце іншы накірунак дзейнасьці ці пазбываецеся мяне, звальняеце?»

Дзеля чаго ўсё гэта? Аказваецца, астатнія павінны яшчэ глыбей ўлезьці яму ў душу. Карлас тлумачыць: «Мы павінны ведаць — што адбываецца ў асабістым жыцьці нашых супрацоўнікаў, таму што сямейныя канфлікты адбіваюцца на працы...»
Месяц назад мы думалі інакш, але гэта быў іншы час і іншая краіна» — адказалі расейцы аднаму з арганізатараў «Рускія ідуць!», Філіпу Арну
Запрошаныя кандыдаты вымушаныя надалей гуляць у чужую гульню. Пакуль адзін не выбухае: «Гэтыя псыхолягі — у іх ня ўсё ў парадку з галавой. Асабліва ў тых, якія працуюць у фірмах такіх, як гэтая. Яны сядзяць у сваіх маленькіх кабінэтах, ім больш няма чаго рабіць, як толькі лезьці ў жыцьцё астатніх супрацоўнікаў. Заўсёды корпацца ўва ўсім, заўсёды лезьці не ў сваю справу. Калі камусьці не пашанцавала, у яго здарыўся дрэнны дзень, дзіця заваліла матэматыку ці ад яго пайшла жонка, да яго пачынаюць чапляцца, стараюцца „дапамагчы“, каб ня ўпаў у дэпрэсію, якая можа адбіцца на тваёй аддачы на працы. Яны даводзяць цябе да таго, што ты ім выдасі ўсё, што ў цябе ёсьць унутры. Калі ты гэта зробіш, гэтыя сукі ткнуць цябе ўва ўсё гэта і ты зразумееш, што ты апошняе друхло. Вось тады пачынаецца сапраўдная дэпрэсія. А яны задаволеныя... Вось чым яны займаюцца! Хіба ня так?»

Наступнае заданьне досыць экстравагантнае напачатку: ім прапануюцца на выбар шапкі клоўна, тарэра, біскупа і палітыка (цыліндар). У новым канвэрце аркушык: «Вы адзіныя на борце самалёта, які вось-вось узарвецца. У вас толькі адзін парашут. І перад калегамі вы павінны давесьці, што менавіта ваш пэрсанаж заслугоўвае таго, каб уратавацца».

Першай робіць выбар Мэрсэдэс, яна тлумачыць: «Відавочна, што я, клоўн, выконваю адну з важных і высакародных функцый у грамадзтве. Я выклікаю сьмех! І хіба можа быць штосьці важнейшае за ўсьмешку дзіцяці?» Ёй адказвае палітык (выгляд пад фюрэра): «Перш трэба падумаць пра дабрабыт, яго адукацыю, пра бальніцы — і хутка пераходзіць на крык — мы павінны падбаць пра тое, каб у гэтага дзіцяці была будучыня! Я ведаю, што ў нашы дні аўтарытэт палітыкаў вельмі нізкі, так, але безь мяне, бяз нас клоўн ня змог бы сьмяшыць дзяцей! Улічваючы ўсё гэта, лічу, што я, палітык, папросту абавязаны ўратавацца!»

Апошняе заданьне, раскрыўшы канвэрт, тлумачыць Мэрсэдэс: «Гэта гульня — у кожнага з вас ёсьць схаваная мэта і вам трэба дамагчыся яе зьдзяйсьненьня. Той, хто гэта зробіць першым, застаецца. Кожны атрымае канвэрт з аркушам, дзе прачытае — чаго ім трэба будзе дамагчыся адно ад аднаго. Другі спосаб: калі нехта здагадаецца аб намерах суперніка да таго, як ён зможа іх ажыцьцявіць, ён можа абвясьціць іх уголас. Калі ён трапіць у кропку, ён выйграе».

Пры канцы высьвятляецца, што выпрабоўваным кандыдатам быў толькі Фэрнанда, астатнія трое — супрацоўнікі фірмы, псыхолягі. Яго спачатку абнадзейваюць, каб неўзабаве выліць цэбар халоднай вады на галаву: тэст распрацаваны з улікам яго асабістых дадзеных. Вядзе рэй Мэрсэдэс: «Пасьля сьмерці маці вы год не працавалі, сядзелі на бальнічным. Ён абышоўся вашай фірме ў шэсьцьдзесят пяць тысяч эўра. Ваша жонка падала на развод. Ваш брат гомасэксуаліст, зь якім вы не кантактуеце. На працы вы можаце справакаваць яшчэ больш канфлікт». І — пад заслону — мараль карпаратыўнага жыцьця: «Мы не шукаем добрага чалавека, які прыкідваецца суччыным сынам, мы шукаем суччынага сына, які ўмее прыкінуцца добрым чалавекам».

Зьмест спэктаклю, апроч іншага, перадае напружанасьць сучаснага жыцьця: страх страціць працу і страх яе не атрымаць...

Цікава, што Крым паўплываў ускосна на яшчэ адну тэатральную падзею: адменены фэст «Рускія ідуць!», які плянаваўся на восень у Вашынгтоне. У ім мелі ўдзельнічаць тэатральныя трупы з Масквы. Арганізатары з амэрыканскага боку зрабілі гэта вымушана: расейскі бок «фактычна замарозіў фінансаваньне». Пра гэта паведаміла The Washington Post.

Арганізатары лічаць прычынай зрыву перамоваў «ахаладжэньне расейска-амэрыканскіх адносінаў, выкліканае крызісам ва Украіне і далучэньнем Крыму да Расеі — да гэтых падзеяў дэпартамэнт культуры Масквы актыўна падтрымліваў задуму правядзеньня фэстывалю». «Месяц назад мы думалі інакш, але гэта быў іншы час і іншая краіна» — адказалі расейцы аднаму з арганізатараў «Рускія ідуць!», Філіпу Арну.