Зь Менску вітаюць Пазьняка: гісторык, мастак, прарок

24 красавіка адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», археоляг, які адкрыў Беларусі і ўсяму сьвету Курапаты — Зянон Пазьняк адзначае 70-годзьдзе. Пра юбіляра ўзгадваюць сябры, калегі, аднадумцы.
Станіслаў Шушкевіч на пачатку 1990-х быў сьпікерам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, а Зянон Пазьняк ачольваў фракцыю БНФ у парлямэнце. У многім дзякуючы лідэру фракцыі БНФ была абвешчана незалежнасьць Беларусі. І яшчэ адна вялікая заслуга Пазьняка — Курапаты. Публікацыя ў 1988-м у «ЛіМе» артыкула «Курапаты — дарога сьмерці» Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва перавярнула сьвядомасьць бальшыні беларусаў, кажа Станіслаў Шушкевіч:

«Ён раскапаў Курапаты, і дзякуючы гэтаму пацьвердзіў факталягічна, які быў камуністычны рэжым, згуртаваў беларускіх актывістаў і на першым этапе змог многага дамагчыся, утварыўшы вялікую ўплывовую фракцыю ў Вярхоўным Савеце. Ён тады стартаваў як вельмі прыстойны, вялікі палітык. І на першым этапе яму многае ўдалося зрабіць.

Таму я яго зь вялікім задавальненьнем віншую са сьвятам, з 70-годзьдзем, і жадаю далейшых посьпехаў».


Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком перадусім як з творцам — фатографам, аўтарам цудоўных фотаальбомаў, прысьвечаных Менску, Браслаўшчыне. Дарэчы, першы альбом сваіх фатаздымкаў Пазьняк выдаў у 23 гады:
«Я быў зачараваны ім як фотамастаком. Пазьней я чытаў ягоныя артыкулы, прысьвечаныя архітэктуры, кнігу, якая так і засталася непераўзыдзенай, бэстсэлерам — „Рэха даўняга часу“ — пра менскую даўніну. І пазьней мне нават пашчасьціла працаваць зь ім разам у Інстытуце гісторыі і дазнацца пра яго як пра чалавека і як пра сур’ёзнага навукоўца больш. І, канечне, для мяне Пазьняк найперш — выбітны мастацтвазнаўца, адзін са стваральнікаў нашай найноўшай школы мастацтвазнаўства, выдатны спэцыяліст у галіне гісторыі архітэктуры, галоўны спэцыяліст у галіне сярэднявечнай археалёгіі і выдатны творца, фатограф, фотамастак».

Алесь Чахольскі, намесьнік старшыні КХП — БНФ, пэрсанальна ўдзячны Зянону Пазьняку за тое, што той абудзіў у Чахольскім беларуса:
«Дзякуючы яму я вярнуўся да сваіх каранёў, вярнуўся да сваёй гісторыі, вярнуўся да Беларусі, стаў размаўляць па-беларуску і асэнсаваў сябе гаспадаром на гэтай зямлі. Я думаю, што без адраджэньня, без таго, што ён зрабіў, без адкрыцьця Курапатаў (якімі я фактычна 15 гадоў жыцьця свайго займаюся), я быў бы іншым, гэта дзякуючы яму маё пакліканьне такое на беларускую справу. Менавіта ён са сваімі калегамі па Вярхоўным Савеце 12 скліканьня прывёў сваю краіну да незалежнасьці, аднавіў яе.

Гэта беларускі прарок. Узгадайце, што Зянон Станіслававіч 20 гадоў таму гаварыў і пра Расею, і пра тыя абставіны, якія цяпер склаліся ў сьвеце — 20 гадоў назад! І ў сваім артыкуле „О русском империализме и его опасности“, и яшчэ раней. Я зараз перачытваю ягоныя кнігі — гэта гаварыў прарок пра тое, што адбываецца сёньня».