«Чарнобыльскі шлях 2014» — кірунак на палітызацыю

Менгарвыканкам забараніў заяўніцы «Чарнобыльскага шляху» Тацяне Новікавай праводзіць мітынг «За бязьядзерны сьвет» у гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
З заявай аб правядзеньні мітынгу Тацяна Новікава зьвярнулася да гарадзкіх уладаў асабіста, як каардынатарка антыядзернай кампаніі ў Беларусі. Тацьцяна Новікава заяўляе пра беспадстаўнасьць адмовы, а таму антыядзерная і антываенная тэматыка прагучыць падчас мітынгу, які пройдзе ў рамках «Чарнобыльскага шляху»:

«Для нас гэта ўнікальная магчымасьць выйсьці на вуліцы і гаварыць пра актуальныя экалягічныя праблемы, якія ўлада не вырашае і ня здольная вырашаць, а таксама не жадае весьці дыялёг з грамадзтвам. Перадусім гэта наступствы аварыі на ЧАЭС, будаўніцтва АЭС у Беларусі, а таксама пагроза ваеннага збройнага канфлікту з прымяненьнем ядзернай зброі».

Паводле Тацяны Новікавай, пагрозу ваеннай ядзернай небясьпекі для Беларусі нясе прысутнасьць на тэрыторыі краіны расейскіх вайсковых самалётаў. Таксама фактам ёсьць тое, што Беларусь паволі ператвараецца ў расейскую вайсковую базу і служыць расейскім пляцдармам, высунутым у Эўропу.

Суарганізатар «Чарнобыльскага шляху», прадстаўнік кампаніі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка падкрэсьліў, што адметнасьць сёлетняй акцыі — яе ня толькі экалягічная, але перадусім палітычная скіраванасьць:

«Мінулымі гадамі правядзеньнем „Чарнобыльскага шляху“ перадусім займаліся палітычныя структуры і партыі, і пры гэтым яны дэкляравалі, што акцыя не палітычная. Цяпер асноўныя рухавікі — экалягічныя арганізацыі, і пры гэтым палітычныя лёзунгі становяцца больш выразнымі. Гэта зразумела, бо і экалёгія, і жыцьцё беларускага народу ў самым шырокім сэнсе гэтага слова — закладнікі нашай палітычнай сыстэмы, якая стварае небясьпеку ваенную і экалягічную. І гэтае разуменьне, што бязь зьмены палітычнай сытуацыі зьмена экалягічнай сытуацыі папросту немагчымая, вельмі важнае».

Your browser doesn’t support HTML5

Вацлаў Арэшка пра «Чарнобыльскі шлях»


Арганізатары Чарнобыльскага шляху таксама падкрэсьліваюць напружанасьць, якой улады суправаджаюць падрыхтоўку да акцыі. Так, напярэдадні быў затрыманы і атрымаў суткі арышту адзін з заяўнікаў акцыі Ільля Дабратвор. Арганізатары не выключаюць новых правакацыяў супраць актывістаў, а таксама правакацыйных дзеяньняў падчас самога Чарнобыльскага шляху.

Менгарвыканкам не дазволіў правесьці Чарнобыльскі шлях паводле маршруту і часу, прапанаванага заяўнікамі — ад Акадэміі навук да Курапатаў. Прадстаўнікі гарадзкой адміністрацыі прапанавалі правесьці шэсьце ад кінатэатру «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Час збору ўдзельнікаў перанесены з 12.00 на 16.00. Мітынг мае прайсьці на плошчы Бангалор цягам гадзіны — з 17.30 да 18.30. Завяршэньнем Чарнобыльскага шляху мае стаць ускладаньне кветак у памяць пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС каля капліцы «Ўсіх тужлівых радасьць».