У Данбасе кожны дзень зьнікаюць людзі

Уладзімер Рыбак падчас затрыманьня невядомымі

Cёньня ў Горлаўцы на Данеччыне пахаваюць закатаванага дэпутата Горлаўскага гарадзкога савета ад партыі «Бацькаўшчына» Ўладзімера Рыбака. Ён быў вядомы як актыўны праціўнік мэра Горлаўкі Яўгена Клепы і як крытык яго дзейнасьці, асабліва ў частцы карупцыйных схем.

Жонка дэпутата Алена Рыбак 23 красавіка апазнала труп свайго мужа ў Славянску, куды яна трапіла дзякуючы дапамозе прыхільнікаў загінулага мужа. Жанчына спрабавала прыехаць на апазнаньне яшчэ 22 красавіка, аднак яе не пусьцілі ў Славянск ўзброеныя сэпаратысты.

"Там блёкпасты з узброенымі людзьмі, з чачэнскай гаворкай. Морг таксама знаходзіўся пад іх аховай... Мноства нажавых раненьняў, гэта жудасна. Дата сьмерці вызначаная — 18 красавіка«,— адзначыла ўдава, зьвярнуўшы асаблівую ўвагу на тое, што на блёкпастах у Славянску стаяць узброеныя чачэнцы.

Уладзімер Рыбак быў выкрадзены 17 красавіка ў Горлаўцы пасьля мітынгу, арганізаванага ў падтрымку гарадзкога галавы Яўгена Клепа. У ходзе мітынгу дэпутат хацеў зьняць сьцяг так званай «Данецкай народнай рэспублікі» і зьмяніць яго на ўкраінскі, а таксама неаднаразова спрабаваў прарвацца да мікрафону. Пасьля гэтага, паводле сьведкаў, пад’ехаў аўтамабіль, і невядомыя асобы ў масках літаральна запіхнулі Ўладзімера Рыбака ў салён. Труп дэпутаты знайшлі каля берагоў ракі Северскі Данец паблізу Славянска.

Тым часам СБУ ўстанавіла датычнасьць да забойства Ўладзімера Рыбака так званай групы «Стралка», якая дзейнічае ў Данецкай вобласьці і афіцэра ГРУ РФ падпалкоўніка Ігара Беўзьлера. Пра гэта паведамілі «Навіны Данбаса» са спасылкай на антытэрарыстычны цэнтар СБУ:
«Устаноўлена, што 17 красавіка, Беўзьлер паставіў задачу перад начальнікам самаабвешчанай Горлаўскай міліцыі нэўтралізаваць дэпутата Ўладзімера Рыбака, які спрабаваў вярнуць дзяржаўны сьцяг Украіны на будынак Горлаўскага гарсавета, і даў заданьне зьнішчыць цела Рыбака», — адзначылі ў СБУ.

Далей на ўказаньне групы «Стралка» Рыбака даставілі ў штаб сэпаратыстаў у Славянску, дзе зь ім асабіста павінен быў пагутарыць палкоўнік ГРУ РФ Ігар Стралкоў.

Стралкоў даў указаньне самаабвешчананаму мэру Славянска Вячаславу Панамарову вывезьці цела Рыбака. Гэта ўказаньне было выкананае. Грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Ігар Стралкоў абвешчаны ў вышук СБУ. Адносна яго распачатая крымінальная вытворчасьць па факце арганізацыі наўмыснага забойства і зьдзяйсьненьня дзеяньняў на шкоду сувэрэнітэту Ўкраіны.

23 красавіка «Навіны Данбаса» пацьвердзілі інфармацыю аб наступных выкрадзеных грамадзянах Украіны і іншых дзяржаў у Данецкай вобласьці.

13 красавіка ў Славянску выкралі Арцёма Дайнэгу, які здымаў відэа падзеяў на барыкадах з балькону аднаго з дамоў. Відэа Арцём выкладваў у інтэрнэт. Празь некаторы час да яго ў кватэру ўвайшоў мужчына, які папрасіў Арцёма прайсьці зь ім. Месцазнаходжаньне Арцёма Дайнэгі невядомае, яго тэлефон не адказвае.

16 красавіка ў Славянску невядомыя захапілі журналіста фонду «Адкрыты дыялёг», у межах якога рэалізуецца місія назіраньня за сытуацыяй на ўсходзе Ўкраіны Сяргея Лефтэра. Журналіст паехаў у Славянск 14 красавіка для напісаньня рэпартажу зь месца падзеяў. Паводле апошніх зьвестак, цяпер Сяргей Лефтэр знаходзіцца ў падвале гарадзкога аддзела СБУ на вуліцы Карла Маркса ў Славянску, куды яго перавезьлі з будынка гарсавета.

18 Красавіка пасьля спробы сустрэцца зь лідэрам сэпаратыстаў Славянска Вячаславам Панамаровым зьнікла мэр горада Нэля Штэпа. Як паведамілі супрацоўнікі выканкама, многія бачылі, як яна ўвайшла ў будынак выканкама і сядзела ў прыёмнай, чакаючы размовы зь Вячаславам Панамаровым. Пасьля гэтага зьвязацца зь ёй ніхто з супрацоўнікаў ня змог. 19 красавіка на плошчы перад выканкамам павінен быў адбыцца мітынг у падтрымку Штэпы, але ўзброеныя баевікі разагналі грамадзянаў. Паводле інфармацыі «Навіныаў Данбаса», Нэлю Штэпу ўтрымліваюць у будынку выканкама і прымушаюць падпісваць дакумэнты, а таксама выступаць перад тэлекамэрамі.

19 красавіка начальнік лінейнай міліцыі станцыі «Славянск» Алег Прохараў быў захоплены прадстаўнікамі сэпаратыстаў. Гэта здарылася днём, калі Прохараў знаходзіўся на вуліцы, знаходзячыся на бальнічным. Дзе зараз знаходзіцца Прохараў — дакладна невядома, але мяркуецца, — у гарадзкім аддзеле СБУ.

20 красавіка ў Славянску баевікі выкралі актывістку Эўрамайдана Ірму Крат. Яе абвінавацілі ў «катаваньнях антымайданаўцаў і расстрэле «Беркута». Пры гэтым сама Крат заявіла, што прыехала ў Славянск як журналіст.

21 красавіка ў Горлаўцы зьнік фотакарэспандэнт Яўген Гапіч, які асьвятляў падзеі на ўсходзе Ўкраіны і быў камандзіраваны ад Івана-Франкоўскай газэты «Рэпарцёр». 22 красавіка ўвечары жонка Яўгенія Гапіча паведаміла, што ўжо суткі ня мае сувязі са сваім мужам.

22 красавіка ў Славянску сэпаратысты затрымалі журналіста амэрыканскага выданьня «Vice» Саймана Астроўскага. Сувязь зь ім адсутнічае.

23 красавіка ў Славянску сэпаратысты выкралі дэпутата мясцовага гарсавета Вадзіма Суханоса. У лютым 2014 года Суханос выйшаў з Партыі рэгіёнаў і стаў пазафракцыйным дэпутатам. Паводле інфармацыі сваякоў Суханоса, сэпаратысты вырашылі выкрасьці яго ў сувязі зь нязгодай зь ягонай ідэалягічнай пазыцыяй.