Учора каля поўначы нашага часу ў Мэхіка адбылася цырымонія разьвітаньня з выдатным лацінаамэрыканскім пісьменьнікам Габрыэлем Гарсія Маркесам (Gabriel García Márquez). Дзясяткі тысяч жыхароў Мэхіка прыйшлі аддаць шанаваньне праху пісьменьніка, які памёр 17 красавіка, на 88 годзе жыцьця.
Я напісаў тут «лацінаамэрыканскі пісьменьнік», хоць усе мы ведаем, што Маркес нарадзіўся ў Калюмбіі, і менавіта як калюмбійскі пісьменьнік ён атрымаў Нобэлеўскую літаратурную прэмію ў 1982 годзе. Але Маркес паўсюдна ўспрымаецца як пісьменьнік усяго лацінаамэрыканскага мацерыка, і то ня толькі з увагі на гішпанскую мову. Гэтую лацінаамэрыканскую ўнівэрсальнасьць Маркеса бачыла і Швэдзкая акадэмія літаратуры больш чым 30 гадоў таму, адзначыўшы ў сваёй афіцыйнай фармулёўцы, што прэмія прысуджаецца пісьменьніку «за раманы і апавяданьні, у якіх фантастычнае і рэальнае сумяшчаецца ў багатым сьвеце ўяўленьня, адлюстроўваючы жыцьцё і канфлікты ўсяго кантынэнту». Сам Маркес прызнаў у адным інтэрвію, што швэдзкія акадэмікі, «даючы мне прэмію, мабыць, узялі пад увагу літаратуру ўсяго нашага кантынэнту ды, прэміюючы мяне, прэміявалі гэтую літаратуру ў цэлым».
З Маркесам неразрыўна зьвязанае паняцьце «магічнага рэалізму», то бок стылю ў лацінаамэрыканскай літаратуры, які асабліва ў 1960-я і 1970-я гады выклікаў агромністае зацікаўленьне і попыт на гэтую літаратуру сярод чытацкай публікі Эўропы. Сёньня зацікаўленасьць лацінаамэрыканскай літаратурай значна прывяла, аднак жа з таго лацінаамэрыканскага літаратурнага boom’у ў гісторыі сусьветнай літаратуры засталіся, акрамя Маркеса, яшчэ прозьвішчы зь дзясятка іншых гішпанамоўных пісьменьнікаў, сярод якіх і Хорхэ Луіс Борхес, і Адольфа Біой Касарэс, і Хуліё Картасар, і Карлас Фуэнтэс, і Марыё Варгас Льёса... Але Маркес, безумоўна, самы вядомы і самы папулярны з усіх пісьменьнікаў «магічнага рэалізму», перш за ўсё з увагі на свой фэнамэнальны раман «Сто гадоў самоты», які выйшаў у 1967 годзе і здабыў яму ўсясьветную прыхільнасьць, як сярод звычайных чытачоў, так і найбольш рафінаваных літаратурных крытыкаў...
Я сёньня моцна шкадую, што маё веданьне гішпанскай мовы ўсё яшчэ значна ніжэй такога стандарту, які дазволіў бы мне чытаць «Сто гадоў самоты» ў арыгінале. А таму, у свае школьныя гады, я мусіў задаволіцца польскім перакладам. А зараз перачытваю гэты раман у вельмі добрым украінскім перакладзе ды моцна зайздрошчу ўкраінцам, што яны гэты пераклад маюць, а беларусы — не... Вось што варта было б перакласьці на беларускую ў першую чаргу, калі справа датычыць гішпанамоўнай літаратуры. Як некалі сказаў польскі паэт Цыпрыян Каміль Норвід, мову бароняць ня меч і ня шчыт, а шэдэўры. Канешне, я маю тут на ўвазе не гішпанскую мову, якой ніякая такая абарона сёньня не патрэбная, а беларускую. Калі са сваімі шэдэўрамі худа-бедна, дык чаму б нам не перакладаць чужыя? Некалі амэрыканскі пісьменьнік Уільям Кэнэдзі сказаў пра «Сто гадоў самоты», што гэта, маўляў, «першы літаратурны твор з часоў Кнігі Быцьця, які павінен стаць абавязковым чытаньнем для ўсяго чалавецтва». Ну дык вось, лепшае заахвочваньне для перакладчыка, як здаецца, наўрад ці магчыма знайсьці...
«Сто гадоў самоты» — культавая кніга, то бок такая, вобразы і цытаты зь якой чытачам запамінаюцца на ўсё жыцьцё, ну і застаецца ім яшчэ ахвота і сьверб, каб перачытваць кнігу зноў і зноў. Падчас разьвітаньня з Габрыелем Гарсіям Маркесам у Мэхіка тысячы ягоных чытачоў выпусьцілі ў паветра процьму жоўтых канфэці ў форме матылькоў... Адзін з найбольш запамінальных вобразаў «Ста гадоў самоты» — рой жоўтых матылькоў, які неадступна кружляе над галавой аднаго з герояў, куды б ён ні йшоў...
Калі згадваць такія вось вельмі красамоўныя і істотныя дробязі, зьвязаныя з успрыманьнем «Ста гадоў самоты» чытачамі, дык варта сказаць і пра тое, што Маркес — з увагі на свае публічныя асуджэньні амэрыканскай замежнай палітыкі — доўгі час ня мог атрымаць візы на ўезд у ЗША, куды ён хацеў прыехаць у першую чаргу для таго, каб паглядзець тыя мясьціны, у якіх жыў і пісаў ягоны кумір — Уільям Фолкнэр. Візавую забарону з Маркеса ў пачатку 1990-х зьняў амэрыканскі прэзыдэнт Біл Клінтан, які прызнаўся, што «Сто гадоў самоты» — ягоная ўлюбёная кніга...
Ну, і яшчэ адна згадка. Калі Маркес адчуў, што яму трэба напісаць «Сто гадоў самоты», ён прадаў машыну, аддаў грошы жонцы і сказаў, каб яна за гэтыя грошы карміла сям’ю, бо ён ня будзе нічога зарабляць бліжэйшым часам. Маркес пісаў свой славуты раман цягам васямнаццаці месяцаў, грошы за машыну даўно скончыліся, і ягоная сям’я стала жыць у крэдыт... На шчасьце, калясальны чытацкі посьпех «Ста гадоў самоты» фінансава забясьпечыў сям’ю пісьменьніка на ўсё далейшае жыцьцё...
У 1975 годзе выйшаў другі шэдэўр Маркеса — раман «Восень патрыярха». На расейскую мову гэты раман пераклалі беларускія пісьменьнікі Карлас Шэрман і Валянцін Тарас, і на мой густ — гэта адзін зь лепшых літаратурных перакладаў наогул... Магчыма, калі-небудзь зможам лічыць гэты пераклад беларускім дасягненьнем, калі зразумеем, што зробленае ў культуры беларусамі на расейскай мове павінна мець беларускую прапіску, а не расейскую...
Трэці шэдэўр Маркеса — раман «Каханьне падчас халеры» — быў апублікаваны ў 1985 годзе. Як і «Сто гадоў самоты», гэты раман таксама меў свае вытокі ў сямейнай гісторыі пісьменьніка. Раман «Сто гадоў самоты» узяўся з расповедаў дзеда і бабкі пісьменьніка, калі Маркес жыў у мястэчку Аракатака ў Калюмбіі, якое паслужыла мадэльлю для раманнага Маконда. А кніга «Каханьне падчас халеры» ўзяла сваю сюжэтную завязку зь гісторыі каханьня бацькоў пісьменьніка, якім усё ж удалося пажаніцца (у адрозьненьне ад герояў раману), але якія зьведалі шмат перашкодаў на шляху да свайго ўзьяднаньня...
Карацей, я цяпер дачытваю «Сто гадоў самоты» па-украінску... Хацелася б дажыць таго часу, калі мне парупіць прачытаць гэтую кнігу трэці раз, і будзе гэта можна зрабіць па-беларуску. Але на ўсякі выпадак я яшчэ паспрабую падцягнуць сваю гішпанскую мову...