Марачкін: «Пазьняк як апостал беларускага адраджэньня»

Аляксей Марачкін. Партрэт Зянона Пазьняка

24 красавіка спаўняецца 70 гадоў аднаму з самых яскравых грамадзкіх дзеячаў беларускага адраджэньня, заснавальніку Беларускага Народнага Фронту Зянону Пазьняку. Павіншаваць юбіляра сабраліся ягоныя сябры і калегі.
У майстэрню старшыні мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна, дзе колісь частым госьцем бываў і Зянон Пазьняк, з ініцыятывы фундатара Інстытуту беларускага грамадзтва Мечыслава Бурака прыйшлі тыя, хто захацеў засьведчыць сваю павагу да старшыні КХП БНФ. Завочнае віншаваньне распачаў спадар Марачкін:

«Мы сёньня знаходзімся ў маёй майстэрні, куды я запрасіў некалькі гасьцей. Запрасіў з нагоды сапраўды значнай даты ў жыцьці нашага беларускага руху, нашага адраджэньня, з нагоды юбілейнай даты палітыка, мастака, паэта, літаратара, гісторыка. Усе гэтыя прафэсіі ўвабраў у сябе якраз Зянон Пазьняк. Паколькі ў сваім сьветаадчуваньні ён вельмі блізкі да нас, мастакоў, я ў прывітальным слове найперш хачу павіншаваць яго асабіста — ад сябе, ад усіх, хто тут сабраўся, ад імя нашай творчай суполкі „Пагоня“. Бо на пачатку 1990-х у Беларусі і ў 2000-х за межамі краіны не было той выставы, якую мы ладзілі да 25 сакавіка ці іншых значных датаў, якія б прайшлі без удзелу Зянона Пазьняка, а таксама Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна — сьветлая памяць апошнім».

Госьці рассаджваюцца пад карцінай, на якой угадваюцца рысы Зянона Пазьняка. Аляксей Марачкін згадвае, як больш чым два дзясяткі гадоў таму зрэалізаваў ідэю перанесьці вобраз палітыка на палатно:

«Я пачаў пісаць гэтую карціну акурат тады, як Шмыгалёў і Пазьняк адкрылі людзям вочы на Курапаты. Хоць мы гэта разгледзелі прыпозьнена, ня ў той час, калі там гінулі людзі, але тагачаснымі сталінскімі рэпрэсіямі настолькі было наэлектрызаванае паветра, што гэта дало нам дадатковыя сілы змагацца супраць бальшавізму, супраць савецкай таталітарнай сыстэмы. Таму я Пазьняка тут зрабіў як пакутніка, мабыць, будзе пасаваць тут і слова „апостал“. Сосны як людзкія сылюэты, Зянон у руках трымае сьвечку, унізе — сутарэньні. Такая вось ідэя. Дарэчы, я яшчэ нават не працаваў, а толькі паказаў адной жанчыне — Дусі Мацюш — эскізы, дык тая кажа: Зянон сам як сьвечка. І ён сапраўды, калі прыходзіў у Курапаты, сам загараўся як сьвечка. Гэта 1991 год, карціна была выстаўлена на першай выставе нашай суполкі „Пагоня“. Так што ладна часу ўжо і мінула...»

Актывіст Беларускага народнага фронту, адзін з арганізатараў і заяўнікаў шматтысячных мітынгаў пачатку 1990-х Мечыслаў Бурак так ацэньвае ролю Зянона Пазьняка ў найноўшай гісторыі Беларусі:

Мечыслаў Бурак


«У чым я бачу гістарычнасьць асобы Зянона Пазьняка? Найперш, ён валодае талентам творчага цывілізацыйнага мысьленьня. У яго душа і розум жывуць у згодзе, бо яго мысьленьне адухоўленае ідэяй цывілізацыйнай каштоўнасьці беларускай нацыі. Таму ён здольны бачыць арыенціры жыцьцядзейнасьці грамадзтва ў кірунку будучыні, вызначаць напрамкі, актуальныя для яго разьвіцьця. У 1990-я гады рухаючай сілай стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь — стала мысьлярная духоўная каштоўнасьць, ідэалёгія нацыянальнага адраджэньня. Яна была пакладзена Пазьняком з паплечнікамі па барацьбе і справе ў падмурак дзейнасьці БНФ. Узьнікненьне краіны Беларусь нарадзіла новы цывілізацыйны фэномэн — беларускую нацыю, высьвеціўшы гістарычную пэрспэктыву нашага грамадзтва. Той, хто знаходзіцца па-за гістарычным працэсам, хто назірае за ходам падзеяў з акна, любіць апэляваць да аб’ектыўных законаў разьвіцьця грамадзтва, лічыць, што ўсё гэта ўпала на беларускую зямлю зь неба — Саюз жа разваліўся. А для таго, хто знаходзіцца ўнутры гістарычнага працэсу, хто рухае кола падзеяў, ведама: наша беларускасьць, сувэрэннасьць і незалежнасьць — гэта плён маральнага выбару, жыцьцёвай барацьбы і штодзённай працы душы, розуму і рук такіх вось гістарычных асобаў. Зянон Пазьняк — бацька адраджэньня беларускай нацыі».

Намесьнік старшыні мастацкай суполкі «Пагоня» мастак Мікола Купава нагадвае, што публічна выказваць грамадзкую пазыцыю Зянон Пазьняк пачаў яшчэ за савецкім часам:

Мікола Купава


«Згадваю газэту „Правда“, пэўна, 1969 год, з артыкулам за подпісамі Лявона Баразны і Зянона Пазьняка, дзе яны выказвалі боль і засьцярогу ў адносінах таго, што мясцовыя ўлады (хутчэй за ўсё, ня толькі яны, усё вырашалася на вышэйшым узроўні) пачалі бурыць Нямігу. Гэта быў першы яскравы ўзор дзяржаўнага вандалізму. Тая публікацыя стала своеасаблівым уступам у вялікую грамадзкую і культурную дзейнасьць Зянона, бо праз 20 гадоў у газэце „Літаратура і мастацтва“ быў апублікаваны знакаміты артыкул Шмыгалёва і Пазьняка пра Курапаты. Дарэчы, мы пра гэта чулі яшчэ за некалькі гадоў, бо Пазьняк у вузкіх колах крыху расказваў, але надрукавана нічога не было. І вось раптам адбыўся такі выбух!.. А потым прыйшоў 1990 год, калі значная частка нашых адраджэнцаў, маладых людзей, трапіла ў парлямэнт. Ня проста трапіла, народ іх выбраў. Фактычна гэта былі адзіныя выбары, якія праводзіліся ня проста больш-менш адкрыта, а дэмакратычна. Яшчэ не было ярмошынскіх тэхналёгій, як і што „падагнаць“ (хоць, зразумела, яна толькі шырма), а былі абраныя годныя людзі. Такім чынам у 1990 годзе быў створаны Вярхоўны Савет ХІІ скліканьня. Што было зроблена? Практычна ўсё, нават былі рэалізаваныя самыя амбітныя мэты — мы фактычна вярнулі нацыянальную сымболіку».

Алксей Марачкін і Мечыслаў Бурак


Аляксей Марачкін кажа, што некаторыя знакавыя творы выйшлі з-пад ягонага пэндзля дзякуючы якраз Зянону Пазьняку. Найперш гэта тычыцца абразоў у памяць пра трагедыі Курапатаў і Чарнобылю:

«Я ўдзячны Зянону, што калі пачынаўся Беларускі Народны Фронт, нам пашчасьціла быць у шчыльнай супрацы. У аргкамітэце былі і я, і Мікола Купава, і Яўген Кулік, і многія іншыя нашы сябры. Калі браць мастацкую дзейнасьць, то часу ня хопіць расказваць, як мы працавалі над афармленьнем мітынгаў, шэсьцяў; выставы рабілі ў Палацы мастацтва, у сядзібе БНФ. А калі здарылася чарнобыльская навала, неяк Пазьняк прыйшоў у майстэрню і кажа: трэба зрабіць абраз, дзе была б адлюстравана гэтая наша вялікая трагедыя. Так зьявілася Маці Божая ахвяраў Чарнобыля. Я працаваў шчыра, апантана, яму гэта спадабалася, і гэты абраз адгукнуўся ў душах многіх іншых людзей. Выпадкова трапіў у адну моладзевую суполку ў Нямеччыне, і раптам бачу гэты абраз там. Цяпер ён у іканастасе чарнобыльскай царквы ў Жодзіне. А ўжо калі Пазьняк быў за мяжой, ягоная ідэя была — намаляваць абраз „Маці Божая Курапацкая“. Бо якраз ён той, хто наноў адкрыў Курапаты, хто паказаў усяму сьвету тую пачварную сталінскую палітыку, якая забівала невінаватых людзей. Шмат хто памятае, як мы ўсталёўвалі Крыж пакутаў, як гэта ўсё ішло... Канечне, вялікая справа, і, як некалі сказаў Пазьняк, па Курапатах сёньня ў Беларусі вызначаецца маральнасьць і нашага беларускага народу, і маральнасьць кіраўнікоў».

Мікола Купава і Аляксей Марачкін


18 апошніх гадоў Зянон Пазьняк зь сям’ёй жыве на чужыне, і з гэтай прычыны на ягоны адрас чуваць нямала крытыкі. Ці ня страчаны Пазьняк для Беларусі?

Купава: «Нічога і нікога мы ня страцілі, таму што, дзякуй богу, ён жывы, ён дзейнічае, у яго ёсьць вялікае поле для працы. А самае галоўнае, што ён па-ранейшаму з намі, са сваімі аднадумцамі. Так, цяпер ён крышачку далей ад эпіцэнтру беларускіх падзеяў, але ж у гэтым няма ягонай віны, калі казаць аб’ектыўна. Да таго ж, мы колькі ведаем выдатных, вялікіх палітыкаў, якія даволі доўга жылі на Захадзе і пры гэтым вельмі актыўна, энэргічна ўплывалі на працэсы дэмакратызацыі, барацьбы на незалежнасьць. Усё, што робіць Пазьняк, ён перш за ўсё робіць з думкай пра Беларусь».

Your browser doesn’t support HTML5

Аляксей Марачкін: Зянон — як сьвечка


Марачкін: «Я разумею гэтае пытаньне, і тут, як я адчуваю, 50 на 50. Так, вядома, я асабіста хацеў бы бачыць яго тут у 2010 годзе, калі адбываліся значныя палітычныя падзеі. Гэтак жа сама я хацеў яго бачыць і раней. Але ў сувязі з такой агрэсіўнай сытуацыяй, якая ёсьць у нас, гэта пакуль нерэальна. Дзе такое ўвогуле было? Пуцін выступае і кажа на ўкраінцаў, на ўладу: што гэта будуць за выбары, калі б’юць кандыдата ў прэзыдэнты? Быў там нейкі канфлікт. Маўляў, мы такія выбары не прызнаем. Я ледзь не разьбіў тэлевізар: а дзе ты быў, калі ня скончыліся прэзыдэнцкія выбары, а білі нашых кандыдатаў, кідалі ў турму, арыштоўвалі, а ты гэтыя выбары прызнаў? Гэта што тычыцца пуцінскай двурушнасьці, таму вось 50 на 50. Само сабой, хацелася, каб ён быў тут. Але хто яго надта за гэта крытыкуе і адпаведныя камэнтары ідуць, я заўсёды ў душы думаю: вам, пэўна, было б лягчэй, каб яго зусім не было. А мы радуемся ўжо таму, што ён ёсьць. Я з задавальненьнем чытаю ягоныя вершы, кніжкі, згадвалі на Сойме ягоныя тэксты адносна бягучай сытуацыі, бо яны неабходныя як паветра. Таму такі чалавек ёсьць, мы яго слухаем і пры ўсёй цяперашняй складанай сытуацыі чакаем ягонага слова — а што сказаў Зянон?»

Мікола Купава, Аляксей Марачкін і Мечыслаў Бурак на фоне партрэта Зянона Пазьняка


Бурак: «Так гавораць тыя, хто знаходзіцца па-за гістарычным працэсам, хто ў ім ня ўдзельнічае. Яны назіраюць збоку і вучаць тых, хто робіць свой маральны выбар, хто вядзе барацьбу, хто штодзённа душу, розум і рукі свае кладзе на нашу нацыянальную справу. Яны даюць парады, знаходзячыся ўбаку, а не ўнутры гэтага працэсу, ня ведаючы, што насамрэч адбываецца. Нібыта і жывуць у Беларусі, але па сваёй сутнасьці сапраўдныя эмігранты, пабочныя людзі. Пазьняк хоць і ад’ехаў у эміграцыю, але ў працэсе застаўся. Тым больш, сёньня тэхнічныя магчымасьці дазваляюць працаваць дыстанцыйна, асабліва з улікам таго, што ягоная галоўная дзейнасьць — мысьлярская. У яго мысьленьне адухоўленае, і тым, што ён можа мысьліць, ён падсілкоўвае астатніх. Самае важнае, што ў яго ў згодзе жывуць розум і душа; яны ў рэфлексіўнай сувязі, таму ён здольны выпрацоўваць новыя рэпрэзэнтацыі рэчаіснасьці. Гэта надзвычай каштоўна, і гэта можна рабіць, знаходзячыся дзе заўгодна. А ягоныя крытыкі жывуць тут і нічога ня бачаць. І ён працуе ня дзеля кагосьці канкрэтна, а ён і ёсьць Беларусь. Гэтак жа, як і мы ўсе».

Суразмоўцы перакананыя, што Зянон Пазьняк ніколі не выпадаў зь беларускага кантэксту, а ягоныя прагнозы пацьвярджаюцца. Гаворыць Аляксей Марачкін:

«Мне затэлефанаваў Мечыслаў, запытаў, ці чытаў я апошнія тэксты Зянона Пазьняка, якія нядаўна зьявіліся ў інтэрнэце. Я тут жа набраў, пачытаў і сказаў, што я пад кожным ягоным радком, пад кожным словам падпісаўся б. Настолькі ёміста ён прааналізаваў сытуацыю сёньняшняга канфлікту, гэтай бруднай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Пра сутнасьць расейскага імпэрыялізму ён напісаў і сказаў загадзя, за што меў вялікія непрыемнасьці — зразумела, не ад нашых людзей, якія ведалі, што такое шавінізм і імпэрыялізм. Але ўжо тады ён гаварыў прароча, што мы сёньня наглядна бачым у адносінах Масквы да Кіева. Таму гэты артыкул пісаў вялікі палітык, які ведае ролю імпэрскай Расеі адносна Беларусі і бачыць будучыню нашай краіны толькі такой, як некалі казаў Каліноўскі: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасьліва, калі маскаля над табой ужо ня будзе».

Партрэт Зянона Пазьняка ў майстэрні Аляксея Марачкіна


Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў мястэчку Суботнікі Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці. У 1967-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а яшчэ празь пяць гадоў — асьпірантуру пры Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі навук Беларусі. У 1981-м абараніў у Ленінградзе дысэртацыю па гісторыі беларускага тэатру. Працаваў у аддзеле археалёгіі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, адстойваў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску. У 1988 годзе адкрыў для беларускай і ўсясьветнай грамадзкасьці масавыя пахаваньні ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Адзін з заснавальнікаў Мартыралёгу Беларусі і Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

Станіслаў Шушкевіч і Зянон Пазьняк на мітынгу, на заднім пляне — Мечыслаў Бурак


Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, кіраўнік дэпутацкай групы БНФ. У сакавіку 1996-га, пазьбягаючы арышту за палітычныя погляды, разам зь Сяргеем Навумчыкам пакінуў Беларусь. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША даў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.