«Гэтая бронетэхніка пойдзе на Кіеў»

Каля барыкады ў Славянску

Беларускі журналіст газэты «Новы час» Зьміцер Галко, які сёньня быў затрыманы, але неўзабаве вызвалены ў Славянску, распавёў Свабодзе пра сытуацыю ў горадзе.
Славянск - гэта фактычна акупаваны горад, ён знаходзіцца пад акупацыяй пэўных сілаў. Шмат якія людзі, зь якімі мы тут размаўлялі на вуліцах, кажуць пра гэтых людзей, як пра чужых, якія прыехалі немаведама адкуль. Яны не ўспрымаюць гэта, як арганічную частку свайго жыцьця, ім гэта ня вельмі падабаецца.

Але сярод тых, хто каля барыкадаў гатуе ежу, ёсьць і мясцовыя - жанчыны, падлеткі. Яны вельмі занепакоеныя сваім іміджам і калі мы размаўлялі з жанчынамі, якія гатавалі ежу, яны адганялі п'яных. П'яных было вельмі шмат. Жанчыны ім казалі: Ідзі адсюль, не псуй карцінку, тут замежныя журналісты. Але апроч мясцовых тут ёсьць нейкія ўзброеныя людзі, якія выглядаюць, як вайскоўцы. Гэта заўсёды бачна - па выпраўцы, як на іх сядзіць вайсковая вопратка, як яны трымаюць зброю. Якія гэта вайскоўцы, я сказаць не магу, яны нам гэтага не казалі.

А якая ваенная сытуацыя, ці адбываюцца баявыя сутыкненьні?

Ну вось тут, дзе я знаходжуся, нічога не адбываецца. Але раніцай мы былі каля будынку, дзе раней знаходзілася ўправа СБУ, і там бронетэхніка рабіла манэўры. І іх галоўны камандзір сказаў, што гэтая бронетэхніка пойдзе на Кіеў, на штурм Кіева. Там машын 5-6.

Гэта, магчыма, тыя БМП, якія яны некалькі дзён таму захапілі ці якія ім здалі. Яны не казалі, адкуль у іх гэтая бронетэхніка?

Камандзір сказаў, што ім яе здалі бяз бою. Праверыць яго словы, натуральна, я не магу. Ён паказаў машыну, якая нібыта належала спэцпадразьдзяленьню "Кобра" - кіеўскаму, не мясцоваму. Паводле яго, яе таксама здалі бяз бою.