Расейскія СМІ паведамілі пра начную перастрэлку ў Славянску. «Гэта правакацыя» — піша Тэлеканал 24

Украінскі «Тэлеканал навінаў 24» назваў гэта правакацыяй расейскіх СМІ.
Тэлеканал «Расея −24» паведаміў сёньня аб перастрэлцы ва ўкраінскім горадзе Славянск ў Данецкай вобласьці, у выніку якой пяць чалавек загінулі, адзін пацярпелы шпіталізаваны ў цяжкім стане.

Паводле зьвестак тэлеканалу, ноччу невядомыя напалі на блёкпост на поўначы горада, былі забітыя трое жыхароў. «Да блёкпосту пад’ехалі некалькі машынаў, зь якіх пачалі страляць. На месца прыбылі байцы самаабароны — у адказ агнём былі забітыя двое тых, хто нападаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

Агенцтва РІА «Навіны» перадало, што лекары цэнтральнага шпіталя Славянску пацьвердзілі сьмерць аднаго чалавека і раненьні дваіх у начной перастрэлцы на блёкпосьце ў Славянску.

«У горадзе Славянску Данецкай вобласьці 20 красавіка каля 3:00 на блёкпасьце паміж дзьвюма групамі грамадзян паўстала ўзброеная сутычка. У выніку адзін чалавек загінуў і трое атрымалі агнястрэльныя раненьні. Пацярпелыя шпіталізаваныя», — гаворыцца ў паведамленьні міліцыі.

Паводле журналістаў «Тэлеканалe навінаў 24», сёньня ноччу адбылася «стрэлка» крымінальных груповак.

Гэтак званыя сілы самаабароны фармуюцца на ўсходзе Ўкраіны зь ліку прарасейскіх актывістаў.