Без дэнамінацыяў $1 каштаваў бы... Br 100 000 000

  • Тэлеканал Белсат

Так выглядала купюра 1000 рублёў да дэнамінацыі

Новыя беларускія грошы ўжо надрукаваныя. Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што яны будуць прыгажэйшыя за эўры. Прыгажосьць — прыгажосьцю, але чаму спатрэбіліся новыя грошы? У гэтым спрабуюць разабрацца вядоўца праграмы «Размова Калінкінай» і госьць у студыі — фінансавы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Паводле кіраўніка краіны, шараговыя беларусы просяць правесьці дэнамінацыю. Нацыянальны банк таксама гэтага не адмаўляе. Каму трэба дэнамінацыя — людзям ці ўладзе? «Моцна гэтага ня трэба ні тым, ні гэтым. Дэнамінацыя — гэта абсалютна тэхнічнае мерапрыемства, якое ў жыцьці людзей у эканамічным пляне абсалютна нічога ня зьменіць. Зьменяцца цэньнікі і купюры. Ні горш, ні лепш ад гэтага ня стане», — гаворыць аналітык.


У Нацыянальным банку неаднаразова заяўлялі, што дэнамінацыю правядуць толькі пасьля таго, як зьнізіцца ўзровень інфляцыі ня менш за паказьнік 10 %. Цяпер жа толькі за першы квартал гэты паказьнік склаў 5 %. «Мы ўжо перажылі дзьве дэнамінацыі. Цяпер ідуць размовы пра трэцюю. Гэта досыць дарагая працэдура, і яна ў пэўным сэнсе падрывае давер да эканомікі ды валюты, дэманструючы ўсім, што былі пэрыяды гіпэрінфляцыі. Рэгулярныя дэнамінацыі не ідуць на карысьць краіны, — зазначае Вадзім Іосуб. — Мы ўжо „адкінулі“ чатыры нулі. Таму калі цяпер даляр каштуе Br 10 тыс, то без дэнамінацыі ён каштаваў бы Br 100 млн. Праўда, мы далёкія ад сусьветных рэкордаў. У 1923 годзе ў Нямеччыне „адразалі“ 12 нулёў. У Вугоршчыне ў 1946-м — „адрэзалі“ 29 нулёў».

На думку экспэрта, дэнамінацыя непазьбежная. «І тады мы апынемся ў вельмі невялікім коле краінаў, што перажылі тры дэнамінацыі: Зымбабвэ, Бразілія і Баўгарыя. Гэта сьведчыць пра тое, што краіна перажывала гіпэрінфляцыю, а гэта ў сваю чаргу азначае, што эканоміка працуе неймаверна неэфэктыўна», — падкрэсьліў госьць праграмы «Размова з Калінкінай» на Белсаце.