На хвалі Свабоды: Год 1991

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
1991 год пачаўся крывавымі падзеямі ў Вільні — штурм тэлевежы, танкі на вуліцах, аблога парлямэнту, ахвяры сярод няўзброеных абаронцаў свабоды. Савецкая імпэрыя ў апошніх канвульсіях спрабавала стрымаць немінучы распад. Закончыўся гэты год сьмерцю Савецкага Саюзу. Паміж гэтымі падзеямі адбыўся няўдалы жнівеньскі путч у Маскве, які паскорыў працэс распаду, а таксама абвяшчэньні незалежнасьці бальшынёю колішніх савецкіх рэспублік.

***

На беларускай Свабодзе адбываецца зьмена кіраўніцтва — сыходзіць на пэнсію дырэктар Юры Сянькоўскі, яго замяняе на пасадзе Вячка Станкевіч. Бурлівыя падзеі выклікаюць зьмены ў зьмесьце і структуры праграмаў. Усё большае месца аддаецца паведамленьням зь Беларусі, у эфіры пачынае гучаць штодзённая перадача «Весткі зь беларускіх гарадоў і вёсак»:

Your browser doesn’t support HTML5

1991. Весткі зь беларускіх гарадоў і вёсак



Мяняюцца і ўмовы працы нашага радыё. Пасьля правалу маскоўскага путчу расейскі прэзыдэнт Ельцын беспрэцэдэнтным указам дазваляе заснаваць бюро Радыё Свабода ў Маскве. Праца карэспандэнтаў Свабоды на ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюзу адбываецца без асаблівых перашкодаў.

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Менску Алесь Ліпай, які цяпер узначальвае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.

Алесь Ліпай

«Супрацоўніцтва з Радыё Свабода пачалося з тэлефоннага званка ў газэту „Знамя юности“ супрацоўніка Радыё Свабода Васіля Крупскага. Ён затэлефанаваў некалькім чалавекам, якія працавалі ў „Знамя юности“ і папрасіў даць камэнтар і больш падрабязную інфармацыю пра разгон дэманстрацыі людзей на „Дзяды“. Гэта было на пачатку 1989 года, неўзабаве пасьля Новага Года. Крупскі папрасіў камэнтар ад некалькіх супрацоўнікаў — я зараз ня буду называць іхныя прозьвішчы — яны адмовіліся, пабаяліся, а я пагадзіўся і расказаў пра тое, што адбывалася насамрэч на „Дзяды“. Напрыканцы нашай размовы з Крупскім ён спытаўся, ці не хацеў бы я калі-нікалі рабіць матэрыялы для беларускай службы, на што я пагадзіўся — з таго і пачалося далейшае супрацоўніцтва, я лічу, вельмі плённае».

Эфір 1991 году. Гучыць паведамленьне Сяргея Навумчыка пра рэакцыю Вярхоўнага Савету БССР на падзеі ў Маскве:

Your browser doesn’t support HTML5

1991. Сяргей Навумчык пра рэакцыю ў ВС на падзеі ў Маскве



***
Год 1991 у сьвеце

Палітыка

Вайна ў пэрсыдзкай затоцы канчаецца паразай Іраку. — Паўдзённая Афрыка адмяняе законы апартайду. — Францыя і Кітай далучаюцца да дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі. — Распускаецца арганізацыя Варшаўскай дамовы. — Барыс Ельцын становіцца першым свабодна абраным прэзыдэнтам Расейскай фэдэрацыі. — Славенія і Харватыя абвяшчаюць незалежнасьць ад Югаславіі. — Кансэрватыўныя сілы ў савецкім кіраўніцтве ствараюць гэтак званы ГКЧП і выступаюць зь няўдалай спробай дзяржаўнага перавароту. — На падставе пагадненьняў у Віскулях Савецкі Саюз спыняе сваё існаваньне. Утвараецца Садружнасьць незалежных Дзяржаваў.

Навука i тэхналёгія

Адбываецца першы трансціхаакіянскі пералёт на балёне з гарачым паветрам. — Першая ў ХХ стагодзьдзі эпідэмія халеры ў паўдзённай Амэрыцы забірае больш за 700 жыцьцяў. — Кампанія Intel выпускае працэсар 486. — Брытанскія радыёастраномы адкрываюць плянэту па-за Сонечнай сыстэмай.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная паўдзённаафрыканскай пісьменьніцы Надын Гордымэр.

У 1991 годзе памірае джазавы трубач Майлс Дэйвіс, сьпявак Сэрж Гэнзбур, пісьменьнік Грэм Грын, актор і сьпявак Іў Мантан, саліст гурту Queen Фрэдзі Мэрк’юры.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. У якіх умовах працавалі першыя карэспандэнты Радыё Свабода ў Беларусі? Алесь Ліпай працягвае...

Старшыня парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк. Менск, жнівень 1991 г.

«Непасрэднае начальства, я так думаю, доўгі час ня ведала, што я раблю камэнтары, таму што я выступаў пад псэўданімамі, і на працу мне болей не тэлефанавалі, а мы дамовіліся, што мне будуць тэлефанаваць на хатнія тэлефоны. Паколькі я ня меў тады ўласнага жыццья ў Менску — жыў у сястры, то дамаўляўся са сваімі сябрамі, тэлефанавалі ім на хату, і я адтуль перадаваў матэрыялы, якія рыхтаваў да выхаду ў эфір. Найчасьцей я выступаў пад псэўданімам Ясь Валошка, былі яшчэ Янка Лохатны і іншыя. Я думаю, што мне ўдалося ўвогуле захаваць сваё інкогніта да таго часу, пакуль я не пачаў выступаць як Алесь Ліпай на беларускай службе Радыё Свабода. Як слухачы не маглі супаставіць галасы, скажам, Яся Валошкі і Алеся Ліпая?»

А зараз — зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1991 году паслухайце паведамленьне Галіны Айзэнштат пра стан шоку ў грамадзтве падчас путчу:

Your browser doesn’t support HTML5

1991. Галіна Айзэнштат пра шок у грамадзтве падчас путчу



***
1991 ГОД У БЕЛАРУСІ

Менск, жнівень 1991

• Дні сьвяткаваньня Калядаў абвяшчаюцца непрацоўнымі днямі.
• Уладзіміру Мулявіну прысвоенае званьне народнага артыста СССР.
• Праходзіць устаноўчы зьезд Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады.
• У Менску адбываюцца рабочыя страйкі з прычыны павышэньня цэнаў на асноўныя прадукты спажываньня.
• Страйкуюць шахцёры Салігорску, чыгуначнікі Воршы.
• У Менску адбываецца Першы міжнародны кангрэс беларусістаў.
• Засноўваецца Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў.
• Вярхоўны Савет надае дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону.
• Старшынём Вярхоўнага Савету замест Мікалая Дземянцея абраны Станіслаў Шушкевіч.
• Беларуская ССР мяняе назоў на Рэспубліку Беларусь.
• Дзяржаўнымі становяцца герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг.

А зараз — менскі эфір 1991 году. На IV пленуме ЦК КПБ — яшчэ да бурлівых летніх падзеяў — выступае сакратар ЦК Валеры Ціхіня:

Your browser doesn’t support HTML5

1991. Валеры Ціхіня на пленуме ЦК КПБ



Валеры Ціхіня памыліўся — ужо было позна...

***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Алесь Ліпай, кіраўнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. У 1989 годзе Алесь стаўся першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі. Алесь Ліпай працягвае...

«Перадусім мае матэрыялы тычыліся дзейнасьці апазыцыі — зь імі заўсёды было вельмі лёгка працаваць. Дарэчы, апазыцыя якраз ведала, што Ясь Валошка — гэта Алесь Ліпай. Я так спадзяюся, што паколькі гэта ня стала вядома нейкім адмысловым органам, значыць у апазыцыі былі людзі, адданыя справе нацыянальнага адраджэньня. Напрыканцы 1990 года я ўжо выступаў пад уласным прозьвішчам».

Я спытаўся ў Алеся, ці досьвед працы на Свабодзе прыдаўся яму пры заснаваньні БелаПАНу?

«Адназначна. Па-першае, я бачыў, у якім інфармацыйным вакуўме знаходзіцца Беларусь. Якраз падчас супрацоўніцтва ў мяне высьпела думка стварыць інфармацыйную агенцыю, якая перарвала б гэтую інфармацыйную блякаду ў Беларусі, якая б дазволіла інфармаваць замежныя мэдыі пра тое, што насамрэч адбываецца ў рэспубліцы».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце паведамленьне Камілы Малевіч пра абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

Your browser doesn’t support HTML5

1991. Каміла Малевіч пра абвяшчэньне Незалежнасьці

СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ: