Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
Your browser doesn’t support HTML5
1989 год. Пачаўся масавы абвал камуністычнай сыстэмы. У бальшыні краінаў гэтак званага сацыялістычнага лягеру старое камуністычнае кіраўніцтва было адхіленае ад улады — дзе ціха і аксамітна, а дзе й гвалтоўна і крывава. Хваляваньні — этнічныя і сацыяльныя — пракаціліся і па розных рэгіёнах Савецкага Саюзу. У красавіку аддзелы тбіліскага гарнізону сапёрнымі лапаткамі разганяюць мірную дэманстрацыю. У траўні ва Ўзбэкістане адбываюцца пагромы турак-мэсхетынцаў. Летам пачынаюцца страйкі шахцёраў Кузбасу і Пячорскага басэйну. Саюз непарушны рэспублік свабодны пачынае распадацца. Першы сыгнал гучыць у Літве — тамтэйшы Вярхоўны Савет прымае дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Літвы і абвяшчае вяршэнства законаў рэспублікі над саюзнымі.
У гэтую пару сапраўдны бум перажываюць сродкі масавай інфармацыі. Савецкія грамадзяне запоем чытаюць газэты і часапісы, дзе пачынаюць друкавацца неверагодныя рэчы, глядзяць тэлевізію, дзе паказваюць жывую трансьляцыю Зьезду народных дэпутатаў у Маскве. І вядома ж — слухаюць радыё ў чыстым, не засьмечаным савецкімі глушылкамі эфіры.
***
Беларуская служба Радыё Свабода спрабуе прыстасоўвацца да новых інфармацыйных умоваў. Яшчэ ў сьнежні папярэдняга году, пасьля адмены глушэньня, адбылося абнаўленьне музычных заставак ды іншых элемэнтаў гукавога афармленьня. На пачатку праграмы сталі падаваць зьмест таго, што можна будзе пачуць на працягу гадзіны — слухаць Свабоду стала зручней і прыемней. Пра іншыя навінкі ў працы беларускай Свабоды мы яшчэ пагаворым пазьней, а зараз я вітаю ў нашай перадачы чарговага госьця, які пачаў працаваць у Мюнхэне ў 1989 годзе. Я даю слова Вячку Станкевічу, які ў 1991-1998 гадох быў дырэктарам беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Напачатку ён распавядзе, як ён прыйшоў на радыё...
Вячка Станкевіч распавёў пра пачаткі сваёй працы на радыё і пра сваіх калегаў у 1989 годзе. Ён працягне ўспаміны крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1989 году. Гучыць фрагмэнт першага ў гісторыі нашага радыё інтэрвію з суразмоўнікамі ў Менску. Гэтая падзея была нагэтулькі ўнікальная, што нягледзячы на надзвычай нізкую якасьць запісу, інтэрвію ўсё ж выйшла ў эфір. Адбылося гэта 15 лютага 1989 году...
Your browser doesn’t support HTML5
***
Год 1989 у сьвеце
Палітыка
Савецкі Саюз выводзіць войска з Афганістану. — Падчас пратэстаў на пляцы Цянь Аньмынь у Пэкіне гінуць тысячы студэнтаў. — Міхаіл Гарбачоў становіцца першым і апошнім прэзыдэнтам СССР. — У Польшчы легалізуецца прафсаюз «Салідарнасьць». — Пасьля 28 гадоў існаваньня разбураны Бэрлінскі мур. — Чэскі парлямэнт скасоўвае кіраўнічую ролю камуністычнай партыі. — У Румыніі паўстанцы скідаюць камуністычны ўрад, прэзыдэнт Чаўшэску і ягоная жонка пакараныя сьмерцю. — Амэрыканскія вайсковыя аддзелы ўрываюцца ў Панаму для затрыманьня генэрала Нарыегі.
Навука i тэхналёгія
Вынайдзены мэтад перасадкі генаў чалавека. — Распрацаваны першы сэрвэр і браўзэр сусьветнага сеціва. — Распрацаваныя архіўнa-індэксавальныя сыстэмы Арчы і WAIS — першая спроба ўпарадкаваць пошук у Інтэрнэце. — Касьмічны модуль Вояджэр-2 пралятае каля Нэптуна, дасылаючы сэнсацыйную інфармацыю пра плянэту і яе спадарожнікі.
Літаратура
Іранскі лідэр Аятала Хамэйні абвяшчае сьмяротны прысуд пісьменьніку Салману Рушдзі за кнігу «Сатанінскія вершы». — Нобэлеўская прэмія прысуджаная гішпанскаму пісьменьніку Каміла Хасэ Сэла.
У 1989 годзе паміраюць пісьменьнікі Сэмюэл Бэкет, Робэрт Пэн Ўорэн, фізык Андрэй Сахараў, мастак Сальвадор Далі, кінарэжысэр Сэрджа Леонэ.
Песьня году: Kaoma / Lambada
***
А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Вячка Станкевіч прыгадвае 1989 год на Радыё Свабода...
«Гэта быў надзвычайна цікавы час, бо якраз вялізныя зьмены пачалі адбывацца ў Савецкім Саюзе — гэта быў час перабудовы. На Беларусі гэта быў час беларускага адраджэньня, пачатак Беларускага Народнага Фронту, наагул рост дэмакратычнага руху. І такім чынам удалося наладзіць ужо кантакты з карэспандэнтамі ў Беларусі. Спачатку даволі прымітыўна, але гэта ўжо ўсё-такі былі галасы зь месца — ня толькі зь Мюнхэну, Нью-Ёрку, або Гішпаніі. Першыя былі двое карэспандэнтаў з „Знамени юности“, я ўжо не магу ўдакладніць хто з гэтых двух быў першы, здаецца, Галіна Айзэнштат. Ну, слухачам ведама, што Галіна Айзэнштат вельмі мала чаго баіцца, магчыма якраз таму яна й была першай. Тады прыйшоў Алесь Ліпай, ён тады выступаў пад псэўдонімам Ясь Валошка. А крыху пазьней прыйшла Ірына Лазоўская, якая гучала ў эфіры як Каміла Малевіч. Пазьней — Вітаўт Мартыненка з „Чырвонай зьмены“. І так адзін па адным — болей і болей карэспандэнтаў зь Менску і зь Беларусі наагул далучалася да нашай праграмы. У той час гэта была пагроза, што беларуская служба — гэта нават яшчэ да таго часу, як дайшлі карэспандэнты зь Менску — была б пад пагрозай закрыцьця, бо нібы недастаткова было людзей, якія б маглі працаваць у радыё і прыйсьці з краінаў Заходняй Эўропы і Амэрыкі. Веданьне ангельскай мовы было адной патрэбай, а таксама нейкая журналістычная падрыхтоўка, хоць шмат хто яе й ня меў, але вучыўся на месцы. Ну й такім чынам у той час прыйшлі зь Беласточчыны, але праз Амэрыку або Канаду, Кастусь Бандарук, пазьней Валя Лаеўская, пазьней з Польшчы, але ўжо з ізраільскай візай Мікола Іваноў. І так рэдакцыя ня згінула, а нават, можна сказаць, расла, бо гэтыя людзі заступалі тых, што адыходзілі на пэнсію. Пазьней адышоў Юрка Сянькоўскі, Валодзя Цьвірка, Гаеўскі — але рэдакцыя пабольшылася, нават час у эфіры крыху пабольшыўся — бопачыналася з гадзіны і паўтораў».
Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1989 году паслухайце фрагмэнт камэнтара Арсеня Загорнага...
Your browser doesn’t support HTML5
***
1989 ГОД У БЕЛАРУСІ
• Усесаюзны перапіс насельніцтва зафіксаваў у Беларусі 10 мільёнаў 200 тысячаў 200 жыхароў.
• На 2-м Вальным сойме беларускіх суполак у Вільні заснаваная Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак.
• Савет міністраў прымае пастанову аб узьвядзеньні помніка ахвярам рэпрэсіяў у Курапатах.
• На стадыёне Дынама ў Менску адбываецца мітынг «У падтрымку перабудовы».
• Створаны дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю».
• Першых пасажыраў прыняў міжнародны аэрапорт Менск-2.
• Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту ў Вільні прыняў статут і праграму руху.
• Утворанае Таварыства Беларускай Мовы імя Скарыны.
• У Полацку адноўлены Спаса-Эўфрасінеўскі жаночы манастыр.
• Аднавіла дзейнасьць праваслаўная сэмінарыя ў Жыровічах.
• У Менску адбыўся марш-пратэст Чарнобыльскі Шлях.
• Створаны Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы.
А зараз — менскі эфір 1989 году. Пра нарастаньне палітычнай барацьбы гаворыць на нарадзе ў ЦК КПБ сакратар ЦК Пячэньнікаў:
Your browser doesn’t support HTML5
***
Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы — Вячка Станкевіч. У 1989 годзе ён пачаў працаваць у беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Мюнхене і выступаў у эфіры пад імем Вячаслаў Ластовіч, а ў 1991-1998 гадох займаў пасаду дырэктара рэдакцыі. Вячка Станкевіч распавядае пра першае падарожжа супрацоўніка беларускай Свабоды на этнічна беларускія землі.
«Маё першае падарожжа ў той час на Ўсход — гэта была паездка праз Чэхію і Польшчу ў Беласточчыну. Якраз я тады быў першы, хто машынай ехаў зь Мюнхэну ў былыя сатэліты. На Беласточчыне гэта было спалучана з прыездам танцавальнага гуртка „Васілёк“ з Амэрыкі, там было шмат знаёмых. Ну і была такая нагода, што адбывалася Купальле, яно праходзіла якраз на чыгуначнай станцыі ў Белавежы. Усё гэта было вельмі цікава як для нас прыежджых, так і для людзей на Беласточчыне, якія ўжо раней, чымся людзі зь Беларусі, далучыліся да сусьветнага беларускага руху. Ну й гледзячы на выступленьні розных гуртоў на Купальлі, да мяне падыходзіць Валік Сельвясюк, ён мне быў знаёмы, бо ён студыяваў у ЗША некаторы час, і кліча адысьціся. Я згадзіўся, і мы пайшлі недзе далей, там былі вялікія кусты, ціха, можна было гаварыць. Там мы спаткалі двух зацікаўленых слухачоў — прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці як зь Беласточчыны, так і зь Беларусі — гэта якраз былі Сяргей Шупа і Ян Максімюк. Наша размова была вельмі кароткая, яны выказалі свае заўвагі і свае жаданьні наконт праграмаў Радыё Свабода, якія я выслухаў, але амаль што ня меў часу адказаць, бо яны палічылі, што, магчыма, небясьпечна задоўга там кансьпіратыўна гаварыць у кустох. І гэта было першае спатканьне з актыўнымі слухачамі Радыё Свабода».