На хвалі Свабоды: Год 1985

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
1985 год. У сакавіку гэтага году ў Савецкім Саюзе трэці раз за пяць гадоў мяняецца найвышэйшае кіраўніцтва. Да ўлады прыйшоў апошні ў гісторыі генэральны сакратар КПСС Міхаіл Гарбачоў. Новы генсэк узяўся за кіраваньне краінай даволі энэргічна. Ужо празь месяц ён выступае на Пленуме ЦК з праграмнай прамовай. На працягу году адбываюцца сур’ёзныя перамены ў складзе палітычнага кіраўніцтва: зьмяняюцца 70 працэнтаў міністраў і 50 працэнтаў кіраўнічых кадраў у рэспубліках. Пачынаецца актыўная барацьба з п’янствам і алькагалізмам. Адбываюцца актыўныя дзеяньні і на міжнароднай арэне — увосень Гарбачоў сустракаецца з Рэйганам у Жэнэве, дзе яны за два дні праводзяць у размовах шэсьць гадзінаў. Гэтак пачалася апошняя савецкая эпоха, якая ўвайшла ў гісторыю пад лёзунгамі перабудовы, паскарэньня і галоснасьці.

***

У 1985 годзе Радыё Свабода надалей застаецца для савецкіх уладаў варожай радыёстанцыяй. Працягваецца бесьперапыннае глушэньне перадачаў. У друку надалей зьяўляюцца выкрывальныя артыкулы — цяпер іх значна меней і прысьвечаныя яны збольшага пошукам чорных плямаў у біяграфіях новых супрацоўнікаў радыё — тых, хто выехаў з СССР у 70-80-гадох. Аднак характэрны дух і стыль захаваліся старыя. Вось, прыкладам, што пісаў нехта І.Гурыновіч у газэце Советская Белоруссія за 14 ліпеня 1985 году:


«Гучаць пазыўныя антысавецкай дывэрсійнай радыёстанцыі пад ілжывай назвай „Свабода“. Да мікрафона падыходзіць Крупскі-Фрэйдкін, каб пранікнёным голасам зачытаць на беларускай мове чарговы паклёп... Рука працадаўцы адчуваецца ў кожным радыёманалогу новага супрацоўніка. Але як бы ні наводзіўся глянец на патужліва-тэндэнцыйна склееныя факты — брудная страпня відна ва ўсім. Ды гэта і зразумела, бо супрацоўнікам Свабоды плацяць у прамой прапорцыі: чым больш хлусьні, няважна якой — грубай або вытанчанай — чым больш якаясная праца па разьмякчэньні сацыялізму — тым больш важкія ганарары»

***

Сёньня з намі працягвае дзяліцца ўспамінамі наша колішняя супрацоўніца Ася Левіна, якая ў 1983-1995 гадох выступала ля мікрафона Свабоды пад імем Ася Ігнацёнак. Я папрасіў яе даць кароткія партрэты колішніх дырэктараў беларускай рэдакцыі, зь якімі ёй давялося працаваць — Масея Сяднёва, Юрыя Сянкоўскага і Ўладзімера Цьвіркі..

Ася Левіна

«Сяднёў — гэта быў цікавы чалавек у тым сэнсе, што ён сядзеў у сталінскім канцэнтрацыйным лягеры, потым вызваліўся, жыў на Захадзе, у Амэрыцы, быў амэрыканцам, там працаваў і пісаў вершы на беларускай мове. Калі я прыехала, ён ужо заканчваў сваю кар’еру на Радыё Свабода. На тэсьце я два тыдні працавала зь Сяднёвым і потым яшчэ ўсяго толькі адзін месяц, калі ўжо ён адыходзіў на пэнсію. Магу сказаць, што гэты чалавек добра ведаў беларускую мову, і ў той час гэта было ня так часта, бо зь Беларусі мала прыяжджала на Захад людзей, якія добра ведалі беларускую мову, тым больш, што яна была за час савецкай улады моцна пакалечана ўсімі гэтымі рэформамі. Русыфікацыя рабіла гэтую мову такой, што многія грамадзяне Савецкага Саюзу нават лічылі, што беларускай мовы наогул не існуе, што гэта толькі нейкі сапсаваны варыянт расейскай мовы. Сяднёў жа ведаў мову добра. І акрамя таго быў паэтам, літаратарам, і гэта рабіла яго прафэсіянальным журналістам. Што да Юры Сянькоўскага, то ён таксама працаваў ад самага пачатку беларускай рэдакцыі. Гэта быў вельмі сымпатычны чалавек, маўклівы, шмат ніколі не гаварыў, не злаваўся, як часта начальнікі злуюцца на сваіх падначаленых, і абсалютна не бюракратычны. Мы жылі, як і павінны жыць журналісты — можна было свабодна абмяркоўваць, можна было выйсьці і абдумаць тое, што хочаш напісаць, не абавязкова было сядзець як клеркі за сталамі. Мне асабіста гэта ўсё было вельмі сымпатычна. Так што мы зь Юрам працавалі добра, пакуль ён не адышоў на пэнсію, а потым ён, на жаль, зарана памёр, ён быў яшчэ зусім не старым чалавекам. Што тычыцца Валодзі Цьвіркі, то гэта быў інтэлігентны чалавек, таксама з выдатным веданьнем беларускай мовы — мы ўсе часта пыталіся ў яго, як тое сказаць, як гэтае. Часам адчуваеш, што гэта не беларускае слова, але паколькі мы гадаваліся ў савецкія часы, дык сапраўдных беларускіх словаў часам і ня ведалі. Валодзя заўсёды ў гэтым сэнсе дапамагаў і таксама ставіўся прыязна да ўсіх. Ну і акрамя таго ён быў чалавек інтэлектуальны і разумеў, што ў журналісцкай працы часам бывае, што і ўзьнімаеш нейкія няпростыя пытаньні. Ён гэта разумеў і падтрымліваў, што таксама робяць далёка ня ўсе кіраўнікі».

Эфір 1985 году. Гучыць фрагмэнт перадачы на тэму «Савецкі Саюз і кампутарная рэвалюцыя»...

Your browser doesn’t support HTML5

1985. СССР і кампутарная рэвалюцыя



***
Год 1985 у сьвеце

Палітыка

Памірае савецкі лідэр Канстанцін Чарненка. Пасаду генэральнага сакратара ЦК КПСС займае Міхаіл Гарбачоў. — СССР абвяшчае пра часовае спыненьне разгортваньня сваіх ядзерных ракетаў у Эўропе. — Рэйган і Гарбачоў пагаджаюцца працягнуць перамовы пра кантроль над узбраеньнямі і аднавіць культурныя кантакты.

Навука i тэхналёгія

Брытанскія навукоўцы выяўляюць вялізную азонную дзіру над Антарктыкай. — Дасьледнікі кампаніі IBM распрацоўваюць сканавальны тунэльны мікраскоп, які дазваляе разгляд аб’ектаў на атамным узроўні. — Кампанія Intel выпускае працэсар 80386. — Амэрыканска-француская экспэдыцыя знаходзіць на дне акіяну каля Ньюфаўндлэнду затанулы «Тытанік».

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная францускаму пісьменьніку Клёду Сімону.

У 1985 годзе памірае мастак Марк Шагал, пісьменьнік Генрых Бёль, акторка Сімона Сіньёрэ.

Музычная падзея году — канцэрт Live Aid у падтрымку кампаніі з голадам у афрыканскіх краінах. У канцэрце бяруць удзел дзясяткі вядомых рок-музыкантаў. У рамках той самай кампаніі 5 красавіка 5000 радыёстанцыяў у 25 краінах перадаюць песьню We Are The World у выкананьні сусьветных славутасьцяў.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Ася Левіна (радыёімя — Ася Ігнацёнак) распавядае пра беларускую мову на радыё.

«Ясна, што мы размаўлялі на працы ўвесь час на беларускай мове і пісалі на беларускай мове. Мне было вельмі цікава наступнае. Вы ж ведаеце, як гэта было ў звычайных савецкіх людзей — расейская мова доўгі час лічылася, і гэта была палітычная лінія савецкай улады, галоўнай мовай — і для многіх украінская і беларуская мовы існавалі толькі як нейкі варыянт мовы расейскай і гучэлі як быццам нейкі такі ня вельмі правільны варыянт расейскай мовы. Для мяне ж, калі я столькі гадоў цэлы дзень гаварыла і пісала на беларускай мове, а потым выходзіла і сустракалася зь людзьмі расейскамоўнымі — дык для мяне раптам расейская мова пачынала гучаць як нейкі варыянт беларускай і таксама гучэла як ня вельмі добрая беларуская мова. Гэта быў нечаканы вынік і нечаканае ўражаньне — і я яго добра запомніла».

Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1985 году паслухайце фрагмэнт перадачы пра барацьбу з тэрарызмам...

Your browser doesn’t support HTML5

1985. Пагроза міжнароднага тэрарызму



***
1985 ГОД У БЕЛАРУСІ

• У Горадні адчынены рэспубліканскі музэй рэлігіі і атэізму.
• У мястэчку Радашкавічы ўведзены ў дзеяньне керамічны завод.
• У Горадні адкрыты інстытут біяхіміі Акадэміі навук БССР.

Менскі эфір 1985 году. У перадачы да 40-годзьдзя перамогі над Нямеччынай бярэ ўдзел выканаўца замаху на гаўляйтэра Кубэ Алена Мазанік...

Your browser doesn’t support HTML5

1985. Алена Мазанік



***

Госьць нашай сёньняшняй перадачы — Ася Левіна. У 1983-1995 гадох яны выступала ля мікрафона Свабоды як Ася Ігнацёнак. Наша госьця расказвае пра калегаў, зь якімі ёй давялося працаваць у Мюнхэне — пра Зіну Каспар і Лену Чайкоўскую...

«Былі ў нас дзьве цікавыя дамы — Зіна і Лена. Я ня ведаю, Зіна можа яшчэ й жывая, Лена то ўжо памерла. Яны звычайна рабілі навіны. Гэта былі вельмі цікавыя дамы, немаладыя ўжо, якія выехалі зь Беларусі недзе ў 1943 годзе. Зіна, прыкладам, была акторка, яна сьпявала беларускія песьні, танцавала і з гэтым езьдзіла па Беларусі і зарабляла, а ейны муж пісаў тэксты песень, вершы, кароткія п’есы, якія яны таксама разыгрывалі. Калі немцы акупавалі Беларусь, Зіна з сваім мужам працягвалі сваю працу. А калі ўжо потым пачала падыходзіць Чырвоная армія, дык ясна, што яны спужаліся, што іх арыштуюць, хоць ніякага супрацоўніцтва ці здрадніцтва ў гэтым не было. Яны ад’ехалі ў Нямеччыну, і потым Зіна працавала на радыё. Другая жанчына, Лена — ейны бацька працаваў з Чарвяковым, і яго таксама арыштавалі недзе ў 1937 годзе і пасадзілі, а сям’я ўся заставалася ў Менску. Калі немцы прыйшлі і акупавалі Беларусь і Менск, то яны выпусьцілі зьняволеных і выпусьцілі ейнага бацьку. І потым зноў жа — як надыходзіла Чырвоная армія, дык ясна было, што нічога добрага іх не чакае. І тады яны таксама адышлі зь немцамі і апынуліся ў Нямеччыне. І вось гэтая жанчына таксама працавала ў нас на радыё. Яны рыхтавалі навіны найбольш — абедзьве па чарзе, ну і перакладалі — бралі скрыпты з расейскай рэдакцыі, якія ім давалі, і перакладалі на беларускую мову. Гэта была іх асноўная праца».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт перадачы Язэпа Барэйкі з сэрыі «Да 1000-годзьдзя Хрысьціянства ў Беларусі»...

Your browser doesn’t support HTML5

1985. Язэп Барэйка. 1000-годзьдзе Хрысьціянства ў Беларусі

СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ: