На Данеччыне забілі 10 сэпаратыстаў, — дэпутат Рады

Леся Арабец

Расейскіх дывэрсантаў і сэпаратыстаў са зброяй пачалі зьнішчаць мясцовыя партызаны, — паведаміла народны дэпутат Украіны Леся Арабец.
У Данбасе за апошні час рэзка вырас узровень злачыннасьці, таму што міліцыя або не выконвае сваіх абавязкаў, або перайшла на бок сэпаратыстаў.

Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавяла народны дэпутат ад «Бацькаўшчыны» Леся Арабец, перадае Еспресо-TV.

У прыватнасьці, кажучы пра сытуацыю ў Луганску, яна адзначыла, што палова міліцыянтаў напісала рапарты, палова засталася служыць Украіне:

«Уся зброя, боепрыпасы раздадзеныя міліцыянтам, пакоі зброі пустыя (лёгкі дысананс з Крымам і Данецкам). Усе сакрэткі надзейна схаваныя. Усе дарогі Луганскай вобласьці закрыты блёк-пастамі праўкраінскай міліцыі».

Таксама яна адзначыла рост узроўню злачыннасьці ў рэгіёне. У Данбасе сытуацыя вельмі кепская, піша Арабец:

«Адбылося паўнавартаснае ўварваньне разведвальна-дывэрсійных груп ГРУ Генштаба Узброеных сіл Расеі. Іх як мінімум некалькі, агульнай сілай да батальёна», — распавядае Арабец.

На яе думку, калі сытуацыю не пераламаць працягу сутак, украінскія памежнікі і армія ня змогуць адбіць франтальны наступ расейскіх войскаў на мяжы.

Яна таксама апавяла, што ў Данецкай вобласьці дзейнічаюць «валянтэрскія групы», якія сваімі сіламі змагаюцца з сэпаратыстамі:

«Ёсьць разрозьненыя групы людзей, не гатовыя ісьці „пад руку“ Пуціна, яны супраціўляюцца, у тым ліку са зброяй у руках. Мінімум 10 сэпаратыстаў былі сёньня зьнішчаныя. У пацьверджаным з трох крыніц выпадку, невядомыя прыехалі пад блёк-пост, забілі ўсіх „каларадас“ з аўтаматаў і адбылі. Валянтэрскі рух па-данецку», — напісала дэпутат.