На Славянск ідуць танкі, на Краматорск — БТРы

Танкі і цяжкая ваенная тэхніка ўкраінскіх вайскоўцаў рухаецца ў кірунку на гарады Славянск і Краматорск Данецкай вобласьці.
Як перадае ІТАР-ТАСС, пра гэта заявіў камандзір сэпаратысцкага «батальёна самаабароны» Славянска Вячаслаў Панамароў.

Паводле яго слоў, у напрамку горада рухаюцца танкі, а сам ён ня хоча крыві, а настроены на канструктыўныя перамовы:

«З розных бакоў прыходзяць паведамленьні пра тэхніку... Галоўнае — мы ня хочам праліваць кроў, мы настроены на перамовы».

На ўскраіне горада Краматорска Данецкай вобласьці, гарадзкі савет якога заняты сэпаратыстамі і расейскімі дывэрсантамі, была заўважаная ўкраінская ваенная тэхніка, у тым ліку БТРы, паведамляе УНІАН са спасылкай на відавочцаў.

«Гэта парк каля заводу, які робіць кандыцыянэры. Справа ў тым, што там у горад прыходзіць траса з Днепрапятроўска. Дарога там дрэнная, мы ёй рэдка карыстаемся, але БТРы, мабыць, па ёй праходзяць», — растлумачылі мясцовыя жыхары.