Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.
Your browser doesn’t support HTML5
1982. Ідэнтыфікацыйны сыгнал
1982 год. Радыё Свабода набліжаецца да свайго трыццацігадовага юбілею. Вяшчаньне вядзецца на 16 мовах народаў Савецкага Саюзу. У 70-х гадох у сьпісе моваў адбыліся зьмены: было спыненае вяшчаньне на карачаева-балкарскай і уйгурскай мовах, затое ў 1975-м да сям’і Радыё Свабода далучыліся літоўская, латыская і эстонская рэдакцыі. За сем гадоў — паміж 1975 і 1982 годам — істотна зьменшыўся агульны аб’ём вяшчаньня на мовах народаў СССР — эстонскай і латыскай на 25 працэнтаў, украінскай, азэрбайджанскай на 30 працэнтаў, літоўскай — на 43, татарскай і башкірскай, армянскай, грузінскай — на 50. Найбольшыя страты зазнала беларуская рэдакцыя — 57 працэнтаў, ад 7 да 3 гадзінаў на дзень. Захавалі свае пазыцыі сярэднеазіяцкія рэдакцыі. Па-расейску Свабода надалей вяшчала 24 гадзіны, часам ужываючы адначасна да 20 частотаў.
*****
У 1982 годзе Аддзел дасьледаваньня аўдыторыі і грамадзкай думкі Радыё Свабода распачаў выданьне штогадовых справаздачаў аб слуханьні радыё, складзеных на падставе гутарак з савецкімі грамадзянамі, якія бывалі на Захадзе. Вось некаторыя водгукі тагачасных слухачоў беларускіх праграмаў нашага радыё:
«Чутнасьць Радыё Свабода такая кепская, што адбівае ахвоту нават у самых заўзятых слухачоў. Аднак часам можна разабраць адзін-два сказы, і тады я яго слухаю, бо там надзвычай добра абазнаныя ў савецкіх справах» (настаўнік, 30 гадоў).
«Радыё Свабода — вельмі важная станцыя для вялікай колькасьці людзей у Горадні. Мы рэдка бачым замежнікаў, таму ў няс няма іншай магчымасьці даведацца — што іншыя людзі думаюць пра сьвет і падзеі ў СССР. А да таго ж Свабода перадае па-беларуску, што вельмі важна» (дантыст, 35 гадоў)
«Я слухаю Радыё Свабода, бо гэта адзіная станцыя, якая перадае па-беларуску, але я думаю, што яна зашмат надае ўвагі падзеям у Польшчы» (лекар, 42 гады)
«Радыё Свабода мае добрыя і разнастайныя палітычныя і літаратурныя перадачы. Яно ведае, чым можна зацікавіць маё пакаленьне» (студэнт, 21 год)
«Радыё Свабода — гэта адзіная станцыя, якую савецкія людзі будуць слухаць заўсёды. Задаволеныя яны праграмамі або не — гэта ўжо ня так важна. Галоўнае, што гэтая станцыя цалкам нелегальная» (інжынэр, член КПСС, 45 гадоў)
«Радыё Свабода — адна з найлепшых заходніх станцыяў. Яно добра ведае клопаты і страхі савецкіх слухачоў. Яго мова простая і лёгкая для разуменьня. У афіцыйных колах яно лічыцца самай антысавецкай станцыяй» (рэдактар, 46 гадоў)
***
Сёньня мы працягваем распачатую мінулым разам гутарку з адным са старых слухачоў нашага радыё, пісьменьнікам Валянцінам Тарасам.
Наколькі небясьпечным у тыя далёкія часы было слуханьне заходніх радыёгаласоў? Ці было чаго баяцца?
Валянцін Тарас
«Перш за ўсё баяліся стукачоў. Баяліся, што нехта з суседзяў, нехта зь людзей, якіх можна было па твары пазнаць, што гэта людзі гадкія, даведаюцца, што ты слухаеш, і данясуць на службу, а можа і КГБ зацікавіцца. Баяліся, што тут хавацца, канешне баяліся. Ведаеце, баяліся нават саміх сябе, таму што ўвесь час чалавека апрацоўвала гэтая магутная машына савецкай прапаганды, і калі чалавек чуў, слухаў нешта абсалютна адваротнае, яму рабілася міжволі крышачку ніякавата. Гэта псыхалягічна таксама можна зразумець. Тут быў і нейкі свой страх, што слухаеш нешта абсалютна неверагоднае, нешта дыямэтральна супрацьлеглае таму, што табе кожны дзень уводзяць у вушы. І праз гэтую псыхалягічную ніякаватасьць таксама трэба было прабіцца. Ну я тут кажу ня столькі пра сябе, колькі пра іншых людзей, якіх я добра ведаў. Я такіх выпадкаў ня ведаю, я толькі ведаю, як на мяне накінуліся — некалі я працаваў у „Зьвязьдзе“, і была нейкая спрэчка наконт нейкіх падзей, здаецца, калі душылі Венгерскае паўстаньне. Ну але гэта быў 1956 год , гэта былі больш-менш вольныя часы хрушчоўскай адлігі, і здавалася, што яшчэ можна гаварыць пра многае, і гаварылі. І нейкая зайшла размова на лятучцы пра тое, што гэта суцэльная контрарэвалюцыя, а я ўзяў выступіў і сказаў, што я ня бачу там суцэльнай контрарэвалюцыі, што тут трэба разьбірацца, перш за ўсё трэба разабрацца ў прычынах. І пачаў выкладаць нейкія рэчы, якія паслухаў у тым ліку і па заходнім радыё. І тут на мяне абрынуліся некаторыя старыя зьвяздоўцы, што я „наслухаўся варожых галасоў“. Прычым адзін зь іх, як кажуць, „у прастаце душэўнай“ сказаў: „Я ўчора слухаў перадачу пра венгерскія падзеі, дык Тарас слова ў слова паўтарае, што яны гавораць“. Бачыце — сам слухаў, а мяне ўпікнуў».Эфір 1982 году. Гучыць фрагмэнт літаратурнай перадачы:
Your browser doesn’t support HTML5
1982. Ася Ігнацёнак пра паэтычны зборнік Вячаслава Дашкевіча
***
Год 1982 у сьвеце
Палітыка
Брытанія перамагла Аргентыну ў Фалклэндзкай вайне. — Ізраіль уводзіць войска ў Лібан. — Лібанскія хрысьціянскія фалянгісты забіваюць сотні палестынскіх уцекачоў у лягерох Сабра і Шатыла. — У веку 75 гадоў памірае савецкі лідэр Леанід Брэжнеў, ягонае месца займае былы кіраўнік КГБ Юры Андропаў.
Навука i тэхналёгія
Упершыню чалавеку імплянтаванае сталае штучнае сэрца. — Адбываецца першы палёт касьмічнага чаўнака «Калюмбія». — Уведзеная тэхналёгія магнітна-рэзананснай тамаграфіі. — Унівэрсытэт імя Вашынгтона ў Сэнт-Луісе распрацоўвае памідор Флавр Савр — першы генэрычна мадыфікаваны прадукт, дазволены для продажу. — Савецкі спадарожнік садзіцца на Вэнэры. — Насельніцтва Кітаю дасягае 1 мільярду чалавек.
Літаратура
Нобэлеўская прэмія прысуджаная калюмбійскаму пісьменьніку Габрыэлю Гарсію Маркесу.
Папулярная культура і музыка
На экраны выходзяць фільмы «Іншаплянэтнік», «Тутсі», «Пінк Флойд-Сьцяна». Майкл Джэксан выпускае альбом «Трылер», які разыходзіцца рэкордным тыражом — больш за 25 мільёнаў асобнікаў.
Песьня году — Michael Jackson / Billie Jane
***
А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Валянцін Тарас распавядае пра тое, што значыла для яго і для ягонага пакаленьня слуханьне радыё на кароткіх хвалях...
«Гэта было дадатковае акно ў навакольны закрыты, зачынены для мяне сьвет. Гэта быў канал, які ў многім пацьвярджаў мае ўласныя думкі, і гэта было для мяне вельмі важна. Я быў далёкі ад таго, каб думаць, што там усе паклёпнікі, дурні і гэтак далей. Таму, я паўтараю, было вельмі важна знайсьці пацьвярджэньне па тых каналах уласным думкам, уласным супастаўленьням, фактам, якія бачыў на свае вочы, таму, як яны трактаваліся тут, як яны альбо замоўчваліся альбо перакручваліся, і так як больш-менш аб’ектыўна яны трактаваліся заходнім радыё».
Наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1982 году - фрагмэнт карэспандэнцыі Язэпа Барэйкі...
Your browser doesn’t support HTML5
1982. Язэп Барэйка. Беларусь у каталёнскім друку
Гэта была карэспандэнцыя Язэпа Барэйкі. Пад гэтым імем у 70-90-х гадох на нашых хвалях выступаў Віктар Сянкевіч. Віктару Сянкевічу — Язэпу Барэйку — будзе прысьвечаная наша наступная перадача.
***
1982 ГОД У БЕЛАРУСІ
• Закончанае будаўніцтва газаправоду Ворша-Магілеў — адгалінаваньня ад магістральнай трасы Таржок-Івацэвічы.
• У Раўбічах адбыўся чэмпіянат сьвету ў біятлёне.
• Закончанае будаўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.
• У Менску адкрыты тэатар-студыя кінаактора.
• Адзначаецца стагодзьдзе Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Менскі эфір 1982 году. Уладзімер Караткевіч разважае над асаблівасьцямі беларускай гісторыі...
Your browser doesn’t support HTML5
1982. Уладзімер Караткевіч
***
Госьць нашай сёньняшняй перадачы — пісьменьнік Валянцін Тарас, які слухае заходнія радыёгаласы ўжо больш за 50 гадоў. Што найбольш запомнілася зь беларускіх праграмаў Радыё Свабода? Чым яны зьдзівілі або ўразілі?
I на заканчэньне — зноў наш архіў. Эфір 1982 году...
Your browser doesn’t support HTML5
1982. Канец праграмы