Януковіч: ЗША разьвязваюць грамадзянскую вайну ва Ўкраіне

Адхілены ад пасады прэзыдэнта Ўкраіны Віктар Януковіч заклікаў вайскоўцаў не выконваць «злачынныя загады» і не страляць ва ўкраінскі народ.

Пра гэта ён заявіў у сваім выступе ў Растове-на-Доне ў нядзелю ўвечары, перадае ІТАР-ТАСС.

Януковіч падкрэсьліў, што новыя ўлады будуць несьці крымінальную адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне. Украіна адной нагой уступіла ў грамадзянскую вайну, сёньня для Ўкраіны «важныя не хутчэйшыя выбары, а дыялёг», — сказаў экс-прэзыдэнт. Паводле Януковіча, ЗША наўпрост датычныя да падзей на Украіне, яны «нясуць сваю долю адказнасьці за разьвязваньне грамадзянскай вайны» у гэтай краіне».

Віктар Януковіч быў адхілены ад улады Вярхоўнай Радай Украіны 22 лютага, зьбег з краіны і цяпер знаходзіцца ў Расеі. Украінскія ўлады абвінавачваюць яго ў арганізацыі наўмысных забойстваў падчас масавых акцый пратэсту ў Кіеве, а таксама ў закліках да зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу.